Старшеклассникам Шумилинской СШ №2 рассказали о престижности сельскохозяйственных профессий

Молодёжь Новости Образование

Інжынер і аграном – гэта прэстыжна

У СШ №2 г. п. Шуміліна адбылася сустрэча старшакласнікаў з начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама першым намеснікам старшыні райвыканкама Русланам Яскевічам і галоўным спецыялістам райсельгасхарчу Алесяй Шавяка.

– Мы прыехалі да вас, каб расказаць пры тыя сельскагаспадарчыя прафесіі, у якіх мае патрэбу раён, – пачаў Руслан Валер’евіч. – У свой час я закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і аб сваім прафесійным выбары не шкадую. Сёння сельская гаспадарка – перспектыўная галіна. У сельгаспрадпрыемствах нашай вобласці шмат сучаснай камп’ютарызаванай тэхнікі, ёсць даільныя залы, дзе працуюць робаты, будуюцца сучасныя малочнатаварныя комплексы. Прафесія інжынера, заатэхніка ці агранома – прэстыжная і запатрабаваная. І ёсць магчымасць прыехаць працаваць у свой раён, дзе вас заўсёды чакаюць.
Руслан Яскевіч расказаў старшакласнікам пра тое, што ў выпадку, калі абітурыент заключае з упраўленнем па сельскай гаспадарцы мэтавы дагавор на вучобу, то гарантавана паступленне на бюджэтную форму навучання ў каледж ці вышэйшую навучальную ўстанову (нават без экзаменаў, па гутарцы). Прадугледжана выплата дадатковай стыпендыі (у сярэдніх спецыяльных навучальных установах – па 3 базавыя велічыні ў месяц, у ВНУ – па 5 БВ). Пасля заканчэння вучобы выпускнікам гарантавана працаўладкаванне на малой радзіме, даецца жыллё, даплаты маладым спецыялістам. А хлопцы атрымліваюць адтэрміноўку ад ваеннай службы або магчымасць службы ў рэзерве.
Пра запатрабаваныя ў раёне прафесіі – інжынера, заатэхніка, ветурача, механіка, аператара машыннага даення, жывёлавода, слесара, токара – расказала Алеся Шавяка. Яна звярнула ўвагу на навучальныя установы сельскагаспадарчага накірунку, куды часцей паступаюць выпускнікі школ нашага раёна – Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Гарадоцкі і Лужаснянскі каледжы.
Напрыканцы сустрэчы спецыялісты райсельгасхарчу абяцалі арганізаваць экскурсіі для школьнікаў у некаторыя навучальныя ўстановы, а таксама ў перадавыя сельгасарганізацыі вобласці.
Другая частка мерапрыемства была прысвечана Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі. Першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева засяродзіла ўвагу на дзейнасці раённай арганізацыі, мерапрыемствах, якія праводзяцца мола-ддзю і для моладзі, расказала пра ўдзел у абласных конкурсах і спаборніцтвах. Падлеткам цікава было паслухаць пра тыя бонусы, якія прадастаўляюцца членам арганізацыі. Маладзёжны лідар заклікала хлопцаў і дзяўчат уступаць у рады БРСМ.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №93 ад 30.11.2021 г.
На экскурсію – на «Прарыў»
Нядаўна мы, вучні 5-7 класаў Мікіціхінскай школы пабывалі на экскурсіі на мемарыяльным комплексе «Прарыў». Паездка была надзвычай цікавай і карыснай.
Мы ўважліва слухалі расказ экскурсавода пра подзвіг нашых землякоў, пазнаёміліся з бытам партызан, паглядзелі экспазіцыю тэхнікі і ўзбраення, наведалі мемарыяльнае брацкае пахаванне 450 партызан, якія загінулі непасрэдна на «Прарыве».
З экскурсіі ўсе вучні нашай школы вярталіся пад уражаннем і перакананнем таго, што нам, хто сёння жыве, трэба шанаваць памяць загінуўшых і памятаць, якой страшнай цаной дасталася перамога нашаму народу.
Дзмітрый СОМАЎ, вучань
6 класа Мікіціхінскай СШ.
Апублікавана ў №93 ад 30.11.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *