В Шумилинском районе новый председатель райисполкома

Главное Новости

Не спыняцца на дасягнутым

8 снежня на пазачарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў на пасадзе старшыні Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта зацверджаны
Галынчык Сяргей Аляксандравіч.

Председатель Витебского облисполкома Николай Шерснёв вручает служебное удостоверение Сергею Галынчику.

У рабоце сесіі бралі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Віцеб-скай вобласці Анатоль Ліневіч. Былі запрошаны члены раённага выканаўчага камітэта, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі ахарактарызаваў Сяргея Галынчыка як прынцыповага, ініцыятыўнага кіраўніка, які мае добрыя арганізатарскія якасці, аналітычнае мысленне. Падкрэсліў, што Сяргей Галынчык валодае сучаснымі метадамі кіравання, надае ўвагу пытанням няўхільнага захавання заканадаўства і павышэнню эканамічнай эфектыўнасці работы арганізацый. Ён прапанаваў дэпутатам зацвердзіць рашэнне кіраўніка вобласці аб назначэнні Сяргея Галынчыка на пасаду старшыні раённага выканаўчага камітэта.
У падтрымку гэтай прапановы выступілі дэпутаты Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка і дырэктар ААТ «Обальскі керамічны завод» Павел Манак. Дэпутаты раённага Савета аднагалосна зацвердзілі назначэнне Сяргея Галынчыка на пасаду старшыні Шумілінскага райвыканкама.
Прысутныя цёпла развіталіся з былым кіраўніком раёна Віктарам Гутаравым, які падзякаваў усім за сумесную работу і выказаў упэўненасць, што з прыходам маладога кіраўніка раён зменіцца да лепшага.
Сяргей Галынчык падкрэсліў, што новую пасаду ў першую чаргу ацэньвае як вялікую адказнасць.
– Шумілінскі раён – адзін з самых прывабных рэгіёнаў рэспублікі. Яго вызначаюць выгаднае геаграфічнае становішча, значны працоўны і вытворчы патэнцыял. Ёсць вялізныя перспектывы для прыцягнення інвестыцый, створаны ўсе ўмовы для работы, – адзначыў Сяргей Аляксандравіч. – У рэальным сектары эканомікі неабходна праводзіць мадэрнізацыю вытворчасці, адкрываць новыя высокапрадукцыйныя рабочыя месцы. Па меры росту прадукцыйнасці працы павышаць заработную плату.
Новы кіраўнік раёна адзначыў, што яго прыярытэтамі будуць развіццё аграрнага сектара, захаванне сацыяльных гарантый, прыцягненне ў рэгіён моладзі.
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў даў старшыні Шумілінскага райвыканкама наказ. У першую чаргу заклікаў не спыняцца на дасягнутым:
– Шуміліна вельмі змянілася дзякуючы «Дажынкам». Неабходна і надалей кожны год укладваць грошы ў добраўпарадкаванне, развіццё, каб горад станавіўся прыгожым, а людзям тут жылося камфортна. Другая важная задача – павялічыць аб’ёмы вытворчасці. Улічваючы, што раён займае нізкія пазіцыі, рэзервы для росту вялікія.
На прыкладзе мадэрнізацыі комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы ў «Лаўжанскім» кіраўнік вобласці расказаў, як павінна працаваць сучаснае сельскагаспадарчае прадпрыемства, каб быць эканамічна эфектыўным, прывабным для моладзі.
– Жадаю, каб новы старшыня райвыканкама стаў лідарам, за якім пойдзе каманда спецыялістаў, якому паверыць народ, – сказаў Мікалай Шарснёў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Даведка “ГП”

Председатель Шумилинского районного исполнительного комитета С. А. Галынчик.

ГАЛЫНЧЫК Сяргей Аляксандравіч нарадзіўся 7 лістапада 1981 года ў в. Ског Сенненскага раёна Віцебскай вобласці.
У 2004 годзе закончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве».
Працоўную дзейнасць пачаў у 2004 годзе на пасадзе вядучага спецыяліста Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Сенненскім раёне.
З 2007 года працаваў вядучым эканамістам фінансавага аддзела Сенненскага райвыканкама.
З сакавіка 2013 года па жнівень 2015 года працаваў выконваючым абавязкі старшыні, старшынёй Беліцкага сельвыканкама Сенненскага раёна.
Са жніўня 2015 года працуе намеснікам старшыні Сенненскага райвыканкама, выбіраўся дэпутатам Сенненскага раённага Савета дэпутатаў 27-га і 28-га склікання.
8 снежня 2021 года зацверджаны на пасадзе старшыні Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта.
Апублікавана ў №96 ад 10.12.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *