В 2021 году в Шумилинском районе сдали 388 тон вторсырья, в том числе 206 тон макулатуры и 117 тон стекла

Новости Экология Экономика

Другасныя рэсурсы: што, куды і пачым здаваць?

Калі раней смеццевая карзіна ўтрымлівала ў асноўным харчовыя і папяровыя адходы, то сёння ў смецце трапляе ўсё больш рознага пластыку, штучных матэрыялаў, з якіх зроблена ўпакоўка, батарэйкі, электроніка, дамашнія рэчы. Замест таго, каб быць перапрацаванымі і прыносіць карысць, многія з гэтых рэчаў на палігонах адходаў выдзяляюць таксічныя рэчывы ў паветра, глебу і ваду. Да таго, іх рэалізацыя дапаможа крыху ўмацаваць сямейны бюджэт.

Алена Свірыдзенка прымае другасную сыравіну, якую прывозяць з усяго раёна.

Зборам другаснай сыравіны ў нашым раёне займаецца УП ЖКГ. У доме № 9 па вуліцы Піянерскай працуе стацыянарны прыёмны нарыхтоўчы пункт, у якім можна здаць шклатару, адходы электрычнага і электроннага абсталявання і шмат чаго іншага.
«Падлічана, што ў бытавых адходах беларусаў утрымліваецца прыкладна 25% другасных матэрыяльных рэсурсаў, з якіх можна атрымаць сыравіну для вытворчасці новых рэчаў, – расказала інжынер-эколаг УП ЖКГ Катарына Дубко. – Напрыклад, кардонная і папяровая ўпакоўкі ідуць на вытворчасць новай паперы, сшыткаў, цэлюлознай дабаўкі для асфальтабетону. Шклабой – каштоўная сыравіна для вырабу новых шкляных бутэлек, будаўнічых матэрыялаў, керамічнай пліткі і нават фарбы для дарожнай разметкі. Пластык пераплаўляюць і выкарыстоўваюць для вырабу будаўнічых тавараў, сінтэтычнага валакна, пластмасавых вырабаў».
За прыём другаснай сыравіны ў адказе загадчыца склада Алена Свірыдзенка. Як расказала Алена Уладзіміраўна, жыхары райцэнтра і раёна прывозяць і прыносяць другасную сыравіну на здачу кожны дзень. Сярод найбольш распаўсюджаных другасных рэсурсаў, якія здае насельніцтва, – макулатура і шкло.

Па шматлікіх просьбах нашых чытачоў мы вырашылі падрабязна патлумачыць, што яшчэ і пачым прымаюць у прыёмным нарыхтоўчым пункце УП ЖКГ.
Пластыкавыя вырабы. У прыёмны пункт другаснай сыравіны УП ЖКГ можна здаць наступныя віды адходаў пластыкавых вырабаў: поліэтылен празрысты (абавязкова чысты), ПЭТ-бутэлькі, дзе раней захоўваліся розныя вадкасці (выключэнне – лекавыя сродкі, алей), пластмасавую ўпакоўку (скрыні). Цана за кілаграм – 10 капеек.
! ПЭТ бутэлькі, дзе захоўваліся гаручыя вадкасці, не прымаюць. Не прымаюць таксама малочныя белыя бутэлькі і стрэйч-плёнку.
Макулатура. Да макулатуры, якую гатовы ў неабмежаванай колькасці прыняць у пункце прыёму другаснай сыравіны па цане 12 капеек за кілаграм, адносяцца кардонная і папяровая ўпакоўкі, папера для прынтараў, кнігі, часопісы, газеты, брашуры, лістоўкі, сшыткі, блакноты.
! Былыя ва ўжыванні шпалеры ў пункце другаснай сыравіны не прымуць, бо на іх паверхні ўтрымліваецца клей.
Шкло. Прымаюць і шкляныя адходы. Да іх адносяцца шклатара і шклабой: шкляныя слоікі і бутэлькі, разбітыя шкляныя ёмістасці. Цана – 12 капеек за кілаграм. Прычым, на шклабой неабавязкова біць бутэлькі. Іх можна здаваць цэльнымі, складзенымі ў мяшкі.
! Работнікі прыёму другаснай сыравіны звяртаюць увагу на тое, што аконнае шкло (цэльнае і бітае) не прымаецца.
Бытавая тэхніка. Таксама ў нарыхтоўчым пункце вядзецца прыём старой бытавой тэхнікі. Асноўнае патрабаванне – гэта поўная камплектацыя вырабаў. За кожны кілаграм бытавой тэхнікі плацяць 25 капеек.
Дарэчы, работнікі УП ЖКГ па заяўках жыхароў выязджаюць і на дом да тых, у каго няма магчымасці прывезці буйнагабарытную тэхніку ў пункт прыёму.
Люмінесцэнтныя і энергазберагальныя лямпы. Чытачы раённай газеты часта задаюць пытанне наконт небяспечнага смецця – люмінесцэнтных лямпаў. Такія рэчы ні ў якім разе нельга выкідваць у агульнае смецце. Адпрацаваныя лямпы ўтрымліваюць атрутныя пары ртуці. Таму гэтыя рэчы прымаюцца асобна на складзе УП ЖКГ, які знаходзіцца па адрасе: вуліца Горная, 13. Небяспечныя адходы прымаюцца бясплатна, потым здаюцца на ўтылізацыю ў спецыяльныя арганізацыі.
Колькі сыравіны сабралі? Па падліках спецыялістаў УП ЖКГ, у гэтым годзе здалі 388 тон другаснай сыравіны. У тым ліку 206 тон макулатуры, 117 тон шкла і шклабою, 24 тоны бытавой тэхнікі.
Дарэчы, разлік з насельніцтвам за здадзеную другасную сыравіну вядзецца на месцы адразу пасля ўзважвання.
Збірайце і здавайце! Перапрацоўка адходаў – самы экалагічны і эканамічны спосаб абыходжання са смеццем. «Збіраючы асобна другасную сыравіну, мы скарачаем аб’ём смецця, а, значыць, зніжаем забруджванне глебы, паветра, вады, – кажа Катарына Дубко. – Збор другасных рэсурсаў эканоміць і прыродныя матэрыялы – драўніну, нафту, іншыя карысныя выкапні. Важна і тое, што вытворчасць, якая выкарыстоўвае другасную сыравіну, з’яўляецца больш чыстай. Пры вытворчасці шкляных бутэлек са шклабою ў паветра паступае значна менш выкідаў, чым пры вытворчасці шкла з прыроднай сыравіны. Мы заклікаем шумілінцаў: «Збірайце другасную сыравіну і прыносьце ва УП ЖКГ. Гэтым самым вы ў першую чаргу зробіце крок да эканоміі прыродных рэсурсаў».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №99 ад 21.12.2022 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *