Подвели итоги социально-экономического развития Шумилинского района за 2021 год

Главное Новости

Мэта – павышэнне якасці жыцця насельніцтва

Папярэднія вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Шумілінскага раёна і выканання раённага бюджэту за 2021 год, прагноз і бюджэт раёна на 2022 год былі разгледжаны 24 снежня на сумесным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта.

У пасяджэнні бралі ўдзел старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Кіраўнік раёна Сяргей Галынчык адзначыў, што вынесеныя пытанні дазваляюць зрабіць аналіз сітуацыі, якая складваецца ў раёне, і вызначыць асноўныя напрамкі работы Шумілінскага раёна на перспектыву.

Выконваюцца дзевяць паказчыкаў з трынаццаці
З дакладам аб сацыяльна-эканамічным развіцці Шумілінскага раёна ў 2021 годзе і прагнозе на 2022 год выступіла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка. У 2021 годзе на кантролі знаходзяцца 3 ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы раёна і 13 паказчыкаў, устаноўленых распараджэннем старшыні Віцебскага аблвыканкама.
За 10 месяцаў бягучага года забяспечана выкананне 3 ключавых паказчыкаў: тэмп росту намінальнай налічанай зарплаты склаў 114,3% да адпаведнага ўзроўню 2020 года (заданне 107%); тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал склаў 176,2% (заданне 113,5%); сукупныя паступленні даходаў кансалідаванага бюджэту раёна склалі 115,5% (заданне 108,4%).
З 13 прагнозных паказчыкаў выконваецца за 10 месяцаў 8, па выніках года прагназуецца выкананне 9 паказчыкаў.
Выкананы тэмп росту аб’ёму будаўніча-мантажных работ (215,2% пры заданні 167,9%), экспарт тавараў (133,6%, заданне 104%), экспарт паслуг (265,8% пры заданні 106%), заданне па энергазберажэнні (- 4,2%, заданне -2,6%), раён працуе з дадатнай рэнтабельнасцю продажаў і чыстым прыбыткам. Па выніках года будзе выкананы ўвод у эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў.
Не выконваюцца тэмпы росту сельскагаспадарчай прадукцыі (94,1% пры заданні 108,6%), вытворчасць прамысловай прадукцыі (89,7%, заданне 104,2%), рост рознічнага тавараабароту (102,4% пры заданні 104%).
Дакладчык падрабязна спыніўся на кожнай галіне вытворчай і сацыяльнай сфер. Так, у галіне сельскай гаспадаркі вытворчасць жывёлы і птушкі (вырошчванне) склала 10,0 тыс. тон (106,9% да 2020 г.), малака – 14,0 тыс. тон (88,2%), сярэдні ўдой на карову складае 2150 кг. Колькасць буйной рагатай жывёлы на 1 снежня складае 17 796 галоў (99%). Валавы збор зерневых склаў 16,2 тысячы тон (70,7%) пры сярэдняй ураджайнасці 18,9 ц/га. Пад ураджай будучага года пасеяна 8400 га азімых зерневых і 3197 га азімых крыжакветных, узнята зябліва амаль 6 тысяч га, што значна больш паказчыкаў 2020 года. У 2021 годзе сельскагаспадарчыя арганізацыі атрымалі 355 тысяч рублёў субсідый з раённага бюджэту на закуп запчастак і рамонт тэхнікі.
З прамысловай прадукцыі забяспечана выкананне вытворчасці цэглы (101,2%), цеплавой энергіі (121,6%), алкагольных вырабаў (111,5%), некаторых відаў піламатэрыялаў. Знізілася вытворчасць пластмасавых вырабаў з-за адсутнасці заявак спажыўцоў.
Працягваецца рэалізацыя інвестыцыйнага праекта на Обальскім керамічным заводзе. УП ЖКГ працягвае аптымізацыю цеплавых сетак, іх мадэрнізацыю, замену цеплатрас на ПІ-трубу, катлоў на энергаэфектыўныя. Удзельная вага мясцовых відаў паліва складае 67,7%.
На развіццё эканомікі раёна накіравана 41,3 мільёна рублёў. На 20,2 мільёна выкананы будаўніча-мантажныя работы, на 15,9 мільёна набыта машын, абсталявання, транспартных сродкаў, на іншае – 5,2 мільёна рублёў.
Дзякуючы правядзенню «Дажынак» у раёне выкананы буйныя інвестыцыйныя праекты на агульную суму больш за 30 мільёнаў рублёў, з якіх 19,5 мільёна – бюджэтныя сродкі. Рамонтныя работы выкананы на больш чым 100 аб’ектах. На рамонт аб’ектаў сістэмы адукацыі выдаткавана 2,6 мільёна рублёў, сферы культуры – 4,5 мільёна. «Віцебскаблгаз», Шумілінскі лясгас, Віцебскі філіял «Белтэлекам», «Віцебскаблводаканал» правялі рэканструкцыю, рамонт і мадэрнізацыю сваіх аб’ектаў за кошт уласных сродкаў.
На рэалізацыю праграмы жыллёвага будаўніцтва накіравана 4,539 мільёна рублёў, уведзены ў эксплуатацыю 12 дамоў індывідуальных забудоўшчыкаў, 40-кватэрны жылы дом – пабудавана 24 арэндныя кватэры, 16 кватэр для мнагадзетных сямей.
Працягвае развівацца прыватны сектар эканомікі, які ўключае гандлёвыя і вытворчыя аб’екты, уклад якіх у эканоміку раёна павялічваецца.
Шумілінскія прадпрыемствы экспартавалі прадукцыю ў 15 краін свету на суму 5,5 мільёна долараў з дадатным сальда ў 4,178 мільёна долараў. Экспартаваліся цэгла, алкагольныя напіткі, пластмасавыя вырабы. Экспарт у Расію склаў 61,4%, краіны Еўрасаюза – 19,5%.
У эканоміцы раёна заняты 6878 чалавек, на уліку ў органах па працы стаіць 25 беспрацоўных, за 2021 год створана 19 новых працоўных месцаў. Намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата склала за 10 месяцаў 982,2 рублі, у тым ліку ў інфармацыі і сувязі – 1750 рублёў, будаўніцтве – 1192 рублі, прамысловасці – 1075 рублёў, гандлі – 960 рублёў, сельскай і лясной гаспадарках – 840 рублёў.
У дакладзе былі акрэслены і задачы, якія стаяць перад эканомікай раёна на 2022 год. Як падкрэсліла Святлана Цімашэнка, прагнозныя паказчыкі абумоўлены мэтай бягучай пяцігодкі – павышэнне якасці жыцця насельніцтва, а таксама задачай кароткатэрміновага перыяду – поўнай мабілізацыяй рэсурсаў эканомікі пры максімальным нівеліраванні наступстваў ад санкцый супраць эканомікі краіны.
На пасяджэнні з інфармацыяй аб развіцці прадпрыемства выступіў дырэктар ААТ «Обальскі керамічны завод» Павел Манак. Ён пад-крэсліў, што па шэрагу прычын не ўсё ўдалося зрабіць з запланаванага, тым не менш прадпрыемства працуе стабільна дзякуючы росту попыту на цэглу на знешніх рынках. У адыходзячым годзе 60% прадукцыі завод пастаўляе на экспарт (пераважна ў Расію і Украіну), зарабіў 2,7 мільёна долараў. Кіраўнік прадпрыемства раскрыў патэнцыйныя кропкі росту, падзяліўся планамі на будучыню: павялічыць прадукцыйнасць працы на 20%, экспарт прадукцыі – на 20%, заработную плату – на 15%.

Бюджэтнае пытанне
Справаздачу пра вынікі выканання бюджэту раёна за 2021 год і раённы бюджэт на 2022 год прадставіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Алена Сідарэнка. У няпростых умовах забяспечана выкананне гадавога плана бюджэту Шумілінскага раёна, план 11 месяцаў выкананы на 105,5%, адзначыла дакладчык. Паступленне даходаў у бюджэт усіх узроўняў за 11 месяцаў склала 23,9 мільёна рублёў, у тым ліку ў рэспубліканскі – 8,95 мільёна, мясцовы – 14,98 мільёна, у тым ліку ў бюджэт раёна – 14,9 мільёна рублёў. У структуры бюджэту 90% усіх паступленняў забяспечана за кошт падаходнага падатку з фізічных асоб (50%), падатку на дабаўленую вартасць (16%), кампенсацыі выдаткаў дзяржавы (8,2%), падаткаў на ўласнасць (7,8%), плацяжоў пры асобных рэжымах падаткаабкладання (6,3%) і падатку на прыбытак (2,9%).
Расходы бюджэту за 11 месяцаў склалі 55,2 мільёна рублёў. За кошт уласных сродкаў прафінансавана 27%, паступленні з вышэйшых бюджэтаў склалі 73%. Асноўныя сумы выдаткаў накіроўваліся на адукацыю (29%), ахову здароўя (18%), жыллёва-камунальныя паслугі і жыллёвае будаўніцтва (22%), фізкультуру, культуру (13%), агульнадзяржаўную дзейнасць (12%), сацыяльную абарону (4%). 39% усіх бюджэтных выдаткаў складае заработная плата з налічэннямі, аплата камунальных паслуг (7,8%), выдаткі на медыкаменты (2%).
На наступны год плануецца атрымаць у раённы бюджэт 43,9 мільёна рублёў, расходы складуць 41,6 мільёна з прафіцытам 2,23 мільёна рублёў, паведаміла начальнік фінансавага аддзела. Бюджэт 2022 года захавае сацыяльную арыентаванасць, паведаміла яна.
Пасля абмеркавання прыняты рашэнні аб вынясенні прагнозных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і раённым бюджэце на 2022 год на сесію раённага Савета дэпутатаў.
На пасяджэнні былі падведзены вынікі раённай спартакіяды сярод арганізацый раёна і ўручаны кубкі і дыпломы пераможцы і прызёрам спартакіяды. Нагадаем, што трэцяе месца заняла каманда Шумілінскага лясгаса, на другім месцы – каманда аддзела па адукацыі райвыканкама. Пераможцам спартакіяды стала зборная каманда райвыканкама і дзіцячай школы мастацтваў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №101 ад 28.12.2021 г.

Сяргей Галынчык уручае кубак капітану зборнай каманды райвыканкама і школы мастацтваў Руслану Насцюшкіну.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *