Уладзімір Цярэнцьеў: «Гістарычная памяць краіны складаецца з гісторый кожнай сям’і»

Главное

Канстытуцыя для будучых пакаленняў

Дыялогавая пляцоўка ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, звяртаючыся да моладзі Шуміліншчыны падчас сустрэчы на дыялогавай пляцоўцы ў гісторыка-краязнаўчым музеі, сказаў: «У Канстытуцыі закладзена многае з таго, што будзе неабходна ў вашым жыцці. Гарантыі, прапісаныя ў Асноўным законе, – гэта гарантыі для вас, вашых бацькоў».

Акрамя кіраўніка абласнога дэпутацкага корпуса ў сустрэчы з маладымі спецыялістамі і старшакласнікамі Шумілінскага раёна ўдзельнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Мазанкоў, першы сакратар абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў, першы сакратар райкама маладзёжнай арганізацыі Вікторыя Бяляева.
Уладзімір Цярэнцьеў адзначыў, што з моманту прыняцця Канстытуцыі ў 1994 годзе наспела неабходнасць змяніць Асноўны закон краіны, дапоўніць яго з улікам назапашанага вопыту. У Канстытуцыі зменяцца 83 артыкулы, з’явяцца 11 новых, уводзіцца новая глава, прысвечаная Усебеларускаму народнаму сходу. Як заўважыў старшыня аблсавета, у ходзе абмеркавання паступіла больш за 7 тысяч прапаноў ад жыхароў рэспублікі. Уладзімір Уладзіміравіч даступна расказаў моладзі пра мяркуемыя змяненні, зрабіў шэраг акцэнтаў.
Так, ён нагадаў пра стаўленне да гістарычнай памяці, якое прапанавана замацаваць у Канстытуцыі. «Гістарычная памяць – гэта памяць вашай сям’і. У кожнага з нас ёсць дзяды і прадзеды, якія ваявалі ў Вялікую Айчынную вайну з фашыстамі на фронце, у партызанскіх атрадах, кавалі Перамогу на заводах і палетках у тыле. Мы слухалі іх з першых вуснаў. Былі надзвычай моцныя ўражанні, – сказаў старшыня абласнога Савета. – Трэба берагчы і захоўваць гэтую памяць, на ёй выхоўваць дзяцей і маладых людзей. Бо гістарычная памяць краіны складаецца з гісторый кожнай сям’і».
Яшчэ адно новаўвядзенне праекта – наданне Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйнага статусу, як вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя. Кіраўнік абласнога Савета дэпутатаў расказаў пра функцыі і парадак фарміравання сходу. У праекце змяненняў прапанавана абмежаваць функцыі прэзідэнта, перадаўшы частку абавязкаў УНС, парламенту і ўраду.
Уладзімір Цярэнцьеў падрабязна спыніўся на сацыяльных гарантыях і ўзаемных абавязках грамадзяніна і дзяржавы, адказаў на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы.
Падводзячы вынікі шчырай размовы, старшыня аблсавета сказаў:
– Сёння была вельмі цікавая размова з маладымі людзьмі. Многія з іх першы раз пойдуць галасаваць, таму такія гутаркі важныя, бо ў атмасферы даверу дазваляюць растлумачыць, пераканаць моладзь у неабходнасці змяненняў у Канстытуцыю. Маладыя людзі павінны ведаць, па якім шляху ідзе наша грамадства, каб разумець, якія працэсы адбываюцца ў нашай краіне. У такой размове пачынаеш разумець чаканні і жаданні маладых людзей, каб скарэкціраваць нашы работу з моладдзю. Лічу, самае галоўнае, што наша маладыя людзі не проста слухаюць, але і робяць, спадзяюся, правільныя вывады. Думаю, што яны не толькі самі возьмуць удзел у рэферэндуме па Канстытуцыі, але і прывядуць сваіх родных і сяброў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №5 ад 21.01.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *