Прафсаюзная ўвага – працаўнікам фермаў

Новости Общество Сельское хозяйство

Прафсаюзная ўвага – працаўнікам фермаў

У рамках акцыі «Наш жывёлавод», якая праходзіць у рэспубліцы, наш раён з рабочым візітам наведалі старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Васіль Хвацік, намеснік старшыні Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Вырвіч і галоўны тэхнічны інспектар камітэта Яўген Зуй. Да акцыі далучыўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Галынчык.

Прафсаюзныя лідары з рэспублікі і вобласці сустрэліся з калектывамі фермаў ААТ «Ляжні» і СФГ «Раднік». Васіль Хвацік акцэнтаваў увагу на тым, што ў рэспубліцы не ствараецца новы Асноўны закон, а толькі ўносяцца тыя папраўкі, якія прадыктаваны часам. І ніводнае дапаўненне не пагаршае становішча беларусаў, а хутчэй наадварот: прапануюцца дадатковыя сацыяльныя льготы для чалавека працы. А іх заўсёды падтрымліваў і будзе падтрымліваць прафсаюз, як, дарэчы, і пытанне захавання гістарычнай памяці, бонусы для моладзі, якой жыць у нашай краіне, славіць яе і будаваць. Кіраўнік рэспубліканскага прафсаюза работнікаў АПК заклікаў удзельнікаў сходу абавязкова ўзяць удзел у рэферэндуме і падтрымаць праект абноўленай Канстытуцыі.
Кіраўнік раёна Сяргей Галынчык звярнуў увагу на тое, што праект Канстытуцыі накіраваны на захаванне дзяржаўнасці і міру. Ну, а што кожны беларус меў магчымасць унесці прапановы ў Асноўны закон, што да думкі кожнага грамадзяніна ў нашай краіне прыслухоўваюцца – гэта і ёсць народаўладдзе.
І якой надалей быць Канстытуцыі – вырашаць беларусам, якія жывуць не толькі ў гарадах, але і ў самых маленькіх аддаленых вёсках.
Васіль Хвацік таксама расказаў, што ў рамках акцыі «Наш жывёлавод» ён меў намер наведаць менавіта маленькія фермы, паціснуць мазолістыя рукі тых, хто сваёй руплівасцю праслаўляе родны край. Васіль Міхайлавіч падзякаваў усім за нялёгкую сялянскую працу, пажадаў поспехаў і дабрабыту і ўручыў прафсаюзныя ўзнагароды. Галоўнаму заатэхніку ААТ «Ляжні» Наталлі Васілеўскай і тэхніку-асемянатару гэтага ж сельгаспрадпрыемства Вераніцы Сіняковай, кіраўніку СФГ «Раднік» Юрыю Сямёнаву і галоўнаму ветурачу гаспадаркі Аляксандру Прохараву ён уручыў граматы і прэміі Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Каштоўныя падарункі атрымалі аператары машыннага даення Таццяна Масько і Наталля Чаранок, слесар Анатоль Казлоўскі з СФГ «Раднік», жывёлавод Руслан Гуня і аператары машыннага даення Крысціна Гуцанкова і Алена Галаўко з ААТ «Ляжні» .
Ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Вырвіч уручыла падарункі механізатару Дзмітрыю Базару і даярцы Таццяне Голубевай з Мішкавіч, жывёлаводам Алене Клімовіч і Ірыне Жогаль з Ляжнёў. Да віншаванняў далучыліся кіраўнік раёна Сяргей Галынчык і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. У гонар вясковых працаўнікоў гучалі самыя шчырыя словы і пажаданні. Былі ўзнагароджаны лепшыя фермы, а каштоўныя падарункі ад прафсаюза атрымалі жывёлаводы Анатоль Бычкоў з Мішкавіч, Валянціна Скітова і Аляксандр Ермаковіч з Ляжнёў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №7 ад 28.01.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *