За здароўем – на прагулку!

Новости Образование Общество

За здароўем – на прагулку!

Чым пахне зіма? Выхаванцы Шумілінскага ясляў-сада № 3 адказваюць наперабой:
– Снегам!
– Марозам!
– Ёлкай!
– Цудам!
– А чаму цудам?
– Бо зіма падобная на казку.
Зіма для дашкольнікаў – незабыўная пара года, якая дорыць шмат радасці і адкрывае масу магчымасцей: паназіраць за іскрыстым снегам, заледзянелымі дрэвамі, птушкамі, якія прылятаюць на ўчастак, пабудаваць снежную крэпасць, зляпіць снежную бабу, пагуляць з сябрамі ў снежкі.
Зімовая прагулка пазітыўна ўплывае на здароўе і эмацыянальны стан дзяцей. Падчас знаходжання на вуліцы лёгкія ачышчаюцца ад алергенаў і пылу, свежае паветра станоўча ўплывае на абмен рэчываў, спрыяе павышэнню апетыту, засваяльнасці спажыўных рэчываў. Прагулка з’яўляецца першым і найбольш даступным сродкам загартоўвання дзіцячага арганізма. Улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю ў сувязі з захворваннем на COVID-19, яна проста неабходная для абароны і ўмацоўвання дзіцячага арганізма.
Але наша задача – зрабіць прагулку яшчэ і цікавай, пазнавальнай, дапамагчы дзецям убачыць, як і чым харчуюцца птушкі, хто пакінуў сляды на снезе, пачуць, як рыпіць снег пад нагамі, адкуль бярэцца шэрань на дрэвах, зразумець, што прырода – вельмі цікавы аб’ект для назіранняў і даследаванняў.
З гэтай задачай выдатна спраўляюцца нашы выхавальнікі Валянціна Стральцова, Таццяна Цімошчанка, Вераніка Кабылкова, Галіна Смірнова, Надзея Сцяпанава, Таццяна Ільінец, Надзея Лабачова, Анастасія Самуйлава, Аксана Далгіна, Кацярына Рабушава, Аксана Палхлебава. Дзякуючы ім, на ўчастку выраслі снежныя горкі, крэпасці, тунэлі, якія спрыяюць развіццю рухаў. У іх арсенале заўсёды ёсць разнастайныя гульні рознай інтэнсіўнасці. Матывацыю на гульню ім прыдумаць зусім нескладана. Вось, чуеце: «Дзед Мароз падорыць румяныя шчочкі таму, хто дабяжыць да бярозкі».
І дзеткі бягуць навыперадкі, стараюцца займець румяныя шчочкі. А пластмасавыя цацкі, кубікі, шарыкі, якія на белым снезе выглядаюць па-сапраўднаму казачна, дадаюць радасці і настрою.
Упрыгожванне вялізнага снежнага торта рознакаляровымі шарыкамі (чаргаванне па колеры) у выхавальнікаў Аляксандры Мелюха і Валянціны Стральцовай – адно з любімых заняткаў для дзяцей ранняга ўзросту. А цуда-печка, створаная Надзеяй Лабачовай, з’яўляецца шматфункцыянальнай: казачным аб’ектам для правядзення гульні-драматызацыі, спартыўным аб’ектам, вакол якога можна бегаць, імправізаванай кухняй, дзе можна «пасмажыць» піражкі і проста «пагрэцца»…
Разумнае чаргаванне і спалучэнне разнастайных відаў дзейнасці робяць прагулку цікавай, прывабнай, разнастайнай, а галоўнае, карыснай.
Здароўе і радасць дзяцей, задавальненне ад зносін, пошук і выкарыстанне нестандартных формаў і рашэнняў, нешаблонность мыслення – гэта тое, што неабходна выхавальнікам для арганізацыі вясёлых зімовых прагулак, за што ім вялікі дзякуй.
Галіна АЎТУШКА, намеснік загадчыка
ДУА «Шумілінскі яслі-сад № 3».
Фота з архіва дзіцячага сада.
Апублікавана ў №10 ад 08.02.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *