Сацыяльная скідка 10%: каму, дзе, як і на якія тавары

Новости Общество Экономика

Сацыяльная скідка 10%: каму, дзе, як і на якія тавары

З 17 студзеня ў краіне ўведзена сістэма скідак у памеры 10% на пэўныя групы сацыяльна значных тавараў для пенсіянераў, мнагадзетных сямей, малазабяспечаных слаёў насельніцтва, якія атрымліваюць дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай
дапамогі.
У нашым раёне ў пералік аб’ектаў, якія прадастаўляюць такія скідкі, трапілі чатыры гандлёвыя сеці: магазіны «Еўраопт», «Капеечка», «Санта» і аб’екты Белкаапсаюза (некалькі стацыянарных крам і аўтамагазіны).

Першыя тры практычна адразу вызначылі парадак дзеянняў па аказанні скідак, ва ўсіх трох прадугледжана выдача спецыяльных дысконтных картак.
З 7 лютага ў рэспубліканскую акцыю ўключыўся Белкаапсаюз. Больш падрабязна пра парадак прадастаўлення скідак на пералік сацыяльна значных тавараў у неаўтаматызаванай гандлёвай сетцы Белкаапсаюза расказала галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Катарына Буланава:
«Скідкі ў стацыянарных магазінах прадастаўляюцца пакупніку на касе пры прад’яўленні дакумента, які сведчыць права на атрыманне скідкі (пенсійнае пасведчанне, пасведчанне інваліда ці мнагадзетнай сям’і, даведка аб прадастаўленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі). Скідка на тавар у аўтамагазінах таксама будзе прадастаўляцца пакупнікам пры прад’яўленні прадаўцу адпаведных дакументаў».
Белкаапсаюз прадугледжвае магчымасць удзелу ў акцыі сацыяльных работнікаў, якія абслугоўваюць пенсіянера ці інваліда, бацькоў інваліда, апекуноў, дзяцей пенсіянераў пры наяўнасці пацвярджальнага дакумента (напрыклад, пасведчання сацыяльнага работніка) і арыгінала адпаведнага дакумента грамадзяніна, які мае права на скідку.
У бліжэйшы час павінны з’явіцца спецыяльныя сцікеры з выявай «%» на цэнніку на тавар.
Дарэчы, у магазіне «Санта» ужо зараз на ўсіх прадуктах, якія знаходзяцца на сацыяльных скідках, для зручнасці пакупнікоў ёсць спецыяльная адзнака «СЗТ» (сацыяльна значны тавар).
Магазіны «Еўраопт», «Капеечка» і «Санта» не дазваляюць перадачу дысконтнай карты трэцім асобам. Выключэнне складаюць толькі сацыяльныя работнікі. Яны, як і ў аб’ектах Белкаапсаюза, таксама павінны прадаставіць касіру пасведчанне сацработніка і арыгінал дакумента грамадзяніна, які мае права на скідку.

Па стану на 10 лютага магазін «Еўраопт» выдаў жыхарам раёна каля 300 дысконтных картак, «Санта» – каля 200, «Капеечка» – амаль 100.

Некалькі актуальных пытанняў, якія чытачы нашай газеты прасілі растлумачыць больш дэталёва

? Сацыяльную картку гандлёвай сеці «Еўраопт» варта актываваць на іх афіцыйным сайце. У многіх пенсіянераў такой магчымасці няма. Што рабіць?

У «Еўраопце» актываваць сацыяльную картку дапамагае дырэктар магазіна. Варта звяртацца да яго.

?На якую суму пакупак распаўсюджваецца скідка, ці суміруюцца пакупкі ва ўсіх гандлёвых аб’ектах альбо ў кожнай гандлёвай сетцы можна купіць тавар са скідкай на розную суму?

Штомесячная сума пакупак у канкрэтнага суб’екта гандлю з прадастаўленнем скідак не павінна перавышаць памер бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (296,55 руб.). Скідкі ў розных гандлёвых сетках не суміруюцца.

? Хто адносіцца да малазабяспечаных слаёў насельніцтва і дзе можна атрымаць адпаведную даведку?

Да малазабяспечаных слаёў насельніцтва адносяцца асобы, якія атрымліваюць дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі. Даведку можна атрымаць у Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (г. п. Шуміліна, вул. Юбілейная, 8, т. 57188, загадчыца аддзялення Наталля Юрчанкова).

? Які тэрмін актывацыі дысконтных картак у гандлёвых сетках?

Тэрміны актывацыі дысконтных картак у магазіне «Еўраопт» – 5 рабочых дзён, магазіне «Санта» – 14 дзён, у магазіне «Капеечка» – у дзень атрымання.

? Ці ўваходзіць магазін «Хіт! Экспрэс» у сістэму скідак?

У магазінах «Хіт! Экспрэс» скідка па праграме лаяльнасці не прадастаўляецца.

? Да якога часу будзе дзейнічаць рэспубліканская акцыя?

У Пагадненні аб прадастаўленні скідак на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці сацыяльна ўразлівым катэгорыям насельніцтва адзначаны тэрмін дзеяння да 17 ліпеня 2022 года.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №11 ад 11.02.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *