Чырвонай ніткай праз увесь мітынг прайшла тэма пераемнасці пакаленняў абаронцаў Айчыны

Новости Общество

«Салдат Айчыны» –
так называўся мітынг, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, які прайшоў 23 лютага на брацкіх могілках у гарадскім парку г. п. Шуміліна.

Пад гукі вайсковых маршаў калона з прадстаўнікоў улады, грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый і прадпрыемстваў Шуміліншчыны, ветэранаў Узброеных Сіл прайшла па Алеі Герояў да брацкіх могілак.
Чырвонай ніткай праз увесь мітынг прайшла тэма пераемнасці пакаленняў абаронцаў Айчыны, якія заўжды знаходзяцца на варце спакою і мірнага неба над роднай зямлёй. Старонкі гісторыі свята нагадаў у сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, які адзначыў, што вайсковыя традыцыі пачалі фарміравацца ў далёкім 1918 годзе, калі Чырвоная рабоча-сялянская армія стала на абарону заваяванняў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Менавіта ў тых баях пачала фарміравацца армія, пераемніцай якой з’яўляюцца сучасныя Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.

Воінскія традыцыі фарміраваліся і загартоўваліся ў баях Вялікай Айчыннай вайны, умацоўваліся ў мірныя гады, калі Савецкая армія ахоўвала мірную працу народаў Савецкага Саюза.
Мікалай Будневіч падкрэсліў, што мы шануем і захоўваем памяць пра подзвіг вайскоўцаў, перадаём лепшыя традыцыі падрастаючаму пакаленню, якому яшчэ берагчы мір у нашай краіне ў будучым. Старшыня райсавета па-віншаваў жыхароў раёна са святам.
У нашым раёне дзейнічаюць моцныя грамадскія аб’яднанні воінскіх ветэранскіх арганізацый: «Беларускага саюза афіцэраў», «Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане», «Саюза ваенных маракоў», «Шумілінскае дэсантнае братэрства» і іншыя. Да іх далучылася новая суполка – «Пагранічнікі Шуміліна». Слова ўзяў старшыня гэтай арганізацыі Аляксей Цімафееў, які адзначыў, што задачай арганізацыі з’яўляецца аб’яднанне як ветэранаў савецкай пагранічнай службы, так і тых, хто служыў у пагранічнай службе Рэспублікі Беларусь. Ён заўважыў, што пагранічнікі нават у мірны час выконваюць баявыя задачы па ахове дзяржаўнай граніцы, маюць моцныя баявыя традыцыі. Ветэраны-пагранічнікі імкнуцца данесці да моладзі ідэі патрыятызму і баявога духу.
Сімвалам будучых пакаленняў абаронцаў Радзімы стаў Дзяніс Данчанка, вучань 4-га класа СШ №1 г. п. Шуміліна, які прачытаў верш-абяцанне стаць годным абаронцам роднай краіны, берагчы памяць пра подзвіг воінаў папярэдніх пакаленняў.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць воінаў-вызваліцеляў, пахаваных на брацкіх могілках, хвілінай маўчання і ўсклалі вянкі і кветкі.
* * *
Пасля мітынгу на гэтым святым месцы старшыня раённай арганізацыі «Беларускага саюза афіцэраў» палкоўнік Валерый Жандараў уручыў актывістам арганізацыі знакі і граматы, якімі адзначана іх работа па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №15 ад 25.02.2022 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *