Дэмаграфія, эканоміка і занятасць насельніцтва былі абмеркаваны на чарговым пасяджэнні райвыканкама

Главное Экономика

Дэмаграфія, эканоміка і занятасць насельніцтва

Пытанні рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная
бяспека», сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выканання Дэкрэта №3
«Аб занятасці насельніцтва» былі ў цэнтры ўвагі на чарговым пасяджэнні райвыканкама.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык адзначыў, што пытанні здароўя і дэмаграфічнай бяспекі надзвычай важныя. Ад гэтага залежыць эканамічная сітуацыя і перспектывы развіцця раёна.
Здароўе і дэмаграфія
Галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч прадставіла падрабязны аналіз рэалізацыі ўсіх падпраграм дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021-2025 гады. Ёсць як станоўчыя прыклады, так і праблемныя пытанні.
Так, дзякуючы праектам «Шуміліна – здаровы горад», «Школа – тэрыторыя здароўя», удалося павялічыць колькасць жыхароў раёна рознага ўзросту, якія займаюцца фізкультурай і спортам на рэгулярнай аснове. Адпавядае стандартам і ахоп насельніцтва раёна медыцынскім абслугоўваннем (акрамя цэнтральнай бальніцы працуюць 11 ФАПаў, 4 урачэбныя амбулаторыі, 2 бальніцы сястрынскага догляду). Медыкі раёна працуюць над праблемамі зніжэння смяротнасці ад неінфекцыйных хвароб, смяротнасці працаздольнага насельніцтва. Жыхары раёна маюць магчымасць пралячыцца ў спецыялізаваных установах вобласці і рэспублікі з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Праводзяцца шырокія прафілактычныя даследаванні, якія дазваляюць выяўляць захворванні на ранніх стадыя, не дапускаць іх развіцця і лятальных зыходаў. Ёсць магчымасці тэлеметрычнага кансультавання пацыентаў з лепшымі спецыялістамі краіны.
Развіваецца матэрыяльна-тэхнічная база: у мінулым годзе на рамонт паліклінікі асвоена 448 тысяч рублёў, на набыццё абсталявання – 225 тысяч.
З года ў год зніжаецца ў раёне нараджальнасць. Зніжаецца колькасць жанчын фертыльнага ўзросту. Так, у мінулым годзе нарадзілася 102 дзіцяці, у той час, як памерла 380 чалавек. Сярод прычын смерці ў 2021 годзе на першым месцы – хваробы сістэмы кровазвароту (121 чалавек), на другім – старасць (64 чалавекі), на трэцяе месца з-за каранавіруснай пандэміі выйшлі інфекцыйныя хваробы (41 смерць).
Па-ранейшаму востра стаіць праблема алкагалізму. На ўліку ва ўрача нарколага 654 чалавекі, з іх 70 пралечаны амбулаторна, 77 – стацыянарна, 34 накіраваны ў ЛПП.
Галоўны ўрач акрэсліла і задачы, якія стаяць перад медыкамі раёна па далейшым развіцці і ўмацаванні аховы здароўя ў нашым раёне.
Пры абмеркаванні пытання Сяргей Галынчык звярнуў увагу на праблему павышэння нараджальнасці, на прафілактычныя медыцынскія агляды, якія абавязаны праводзіцца ва ўсіх прадпрыемствах і арганізацыях, асабліва з работнікамі, занятымі на шкодных і небяспечных работах, прапанаваў дапрацаваць мерапрыемствы па прафілактыцы п’янства і алкагалізму.
Эканоміка
Пра тое, як стартаваў чарговы гаспадарчы год, якія задачы і праблемы трэба вырашыць у эканоміцы раёна, прадставіла даклад намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка. У 2022 годзе на кантролі знаходзіцца 3 ключавыя паказчыкі і 14 прагнозных. З пачатку года забяспечана выкананне 2 ключавых – тэмп росту сярэднямесячнай зарплаты склаў 116,6% (заданне – 112,8) і сукупныя паступленні даходаў кансалідаванага бюджэту раёна склалі 125,4% (гадавое заданне – 106,9%). З 14 прагнозных паказчыкаў выкананы восем: рост рознічнага тавараабароту, тэмп росту будаўніча-мантажных работ, экспарт тавараў, энергазберажэнне, рэнтабельнасць продаж, стварэнне новых арганізацый. У праекце рашэння вызначаны канкрэтныя прапановы і заданні для арганізацый раёна па бясспрэчным выкананні даведзеных заданняў.
Занятасць насельніцтва
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Жукава паведаміла пра рэалізацыю Дэкрэта Прэзідэнта №3. У базе даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, знаходзіцца 2012 чалавек, а ў службе занятасці на ўліку толькі 16. Раённая камісія па садзейнічанні занятасці насельніцтва вядзе пастаянную работу з усім грамадзянамі, уключанымі ў базу. Дзякуючы гэтаму ў мінулым годзе прызналі занятымі больш за тысячу чалавек. Сярод праблемных пытанняў дакладчык назвала адток працоўных рэсурсаў для работы за межамі раёна пры тым, што раёне маюцца вакансіі ў многіх арганізацыях. Маюцца факты скрытага ўходу ад працаўладкавання, работы без афіцыйнага афармлення, страты жадання працаваць і прафесійных навыкаў.
Разам з тым упраўленне вядзе работу па перападрыхтоўцы беспрацоўных, арганізацыі для іх грамадскіх работ, дапамогі ў адкрыцці ўласнага бізнесу і іншае. На гэтыя меры ў 2022 годзе прадугледжаны 175 тысяч рублёў. Работа па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта будзе садзейнічаць сацыяльнай стабільнасці ў раёне.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №24 ад 01.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *