Дзень работы з насельніцтвам прайшоў у Мішневіцкім сельсавеце

Главное Новости Общество

18 пытанняў. Вырашаць разам.

Падведзены вынікі Дня работы з насельніцтвам. На пасяджэнне, якое праводзіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, былі запрошаны старшыні сельсаветаў, намеснікі старшыні райвыканкама, спецыялісты аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, кіраўнікі раённых службаў. Удзел у пасяджэнні прыняў кіраўнік раёна Сяргей Галынчык.

Нагадаем, што сёлета ў рабочыя групы вырашана ўключыць прадстаўнікоў дарожнай, камунальнай і лясной службаў. Старшыні сельсаветаў будуць у пачатку года складаць свае планы па вырашэнні актуальных пытанняў.
Так, старшыня Мішневіцкага сельсавета Галіна Зязюлька, з якога сёлета пачаліся Дні работы з насельніцтвам, паставіла перад сабой на гэты год задачы: знесці на тэрыторыі Савета не менш 10 лядашчых дамоў, добраўпарадкаваць шавекінскі валун, агарадзіць адны грамадзянскія могілкі, спілоўваць аварыйныя дрэвы (іх колькасць будзе залежыць ад наяўнасці сродкаў). Зразумела, яна будзе выступаць ініцыятарам і каардынатарам работ.
Асобная ўвага была ўдзелена добраўпарадкаванню населеных пунктаў. «Перакладваць усе пытанні на плечы толькі сельсавета нельга, – перакананы Мікалай Будневіч. – Насельніцтва павінна свае падворкі і ўчасткі прыводзіць у парадак самастойна. Тых, хто робіць гэта рэгулярна, мы павінны ставіць у прыклад, заахвочваць, да тых, хто ігнаруе патрабаванні, – прымяняць адміністрацыйны рэсурс, штрафы».
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі, як можна вырашыць праблемныя пытанні па рамонце мясцовых дарог, выяўленні іх «шкоднікаў» і іншыя пытанні.
У пратаколе даручэнняў 18 пытанняў, якія паступілі падчас Дня работы з насельніцтвам у Мішневіцкім сельсавеце ад вяскоўцаў. Вызначаны адказныя службы і тэрміны для вырашэння.
Людзі павінны адчуваць і бачыць вынікі Дня работы з насельніцтвам, падкрэсліў старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык напрыканцы пасяджэння. Гэта не проста сустрэчы і размовы, а канкрэтная дапамога. І старшыні сельсаветаў павінны разумець, што мы будзем вырашаць пытанні разам.
Як стала вядома, дарожная служба прыступіла да рамонту дарогі ў вёсцы Шыпуліна.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №24 ад 01.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *