Пулеметчик Николай Чепурнов

Общество

Кулямётчык Мікалай Чапурноў

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, франтавік Мікалай Мікалаевіч Чапурноў добра   памятае, як у вёсцы Канцы на Казьяншчыне,  дзе ён жыў, з’явіліся немцы. Яны ехалі на машынах і матацыклах, і вяскоўцам было страшна за сябе, за сваіх дзяцей. Тым не менш сяляне дапамагалі партызанам. Маці Мікалая Чапурнова пякла хлеб, а дзеці бегалі ў лес, каб аднесці яго партызанам…

Пасля вызвалення ў 1944 годзе Мікалая разам з 16 хлопцамі з навакольных вёсак выклікалі ў ваенкамат для праходжання тэрміновай ваеннай службы. А яна была на вайне. Спачатку Мікалай Чапурноў трапіў на 1-ы Прыбалтыйскі фронт, потым – на 3-ці Беларускі. Вызваляў Пскоў, Талін, ваяваў ва Усходняй Прусіі, дайшоў да Кёнігсберга. «Страляць нас навучылі за лічаныя дні, – згадвае ветэран. – Гэта няцяжкая навука. Мне даверылі кулямёт, з якім я не разлучаўся да канца вайны. Быў другім нумарам кулямётнага разліку. На вайне было ўсё зразумела: перад табой ставілі задачу, і яе трэба было выконваць. А ці страшна было, ці не – над гэтым не задумваўся. Перш за ўсё стараліся выканаць баявыя заданні. А да стрэлаў і небяспекі падчас баёў паступова прывыкалі. Да чаго нельга было прывыкнуць, дык гэта да смерці».

Ветэран  згадвае баявыя дзеянні ў Эстоніі: «Помню, як мы ўдзельнічалі ў жорсткіх баях пад Талінам. Аднойчы салдатам паставілі задачу ноччу ўзяць хутар. Атака не застала ворага знянацку. У выніку шквальны агонь скасіў увесь батальён. Я цудам застаўся жывы і разам з капітанам мінамётнай роты змог вынесці да сваіх кулямёт. Там загінуў мой таварыш-кулямётчык, а я быў паранены ў нагу і доўга лячыўся ў шпіталі».

Ва Усходняй Прусіі ля горада Гумбінен Мікалай Чапурноў атрымаў яшчэ адно раненне – у плячо. Затым было трэцяе раненне. Таму пра Перамогу над фашысцкай Германіяй ён дазнаўся ў шпіталі.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя у баях, Мікалай Чапурноў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу» і «За ўзяцце Кёнігсберга».

Мае ветэран і падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, якія на той час таксама лічыліся значнай узнагародай. Падзякі захоўваюцца ў ветэрана побач з медалямі – як сведкі таго далёкага ваеннага ліхалецця.  На пажаўцелай ад часу паперы чытаем: «За выдатныя баявыя дзеянні па разгроме нямецка-фашысцкіх войск на тэрыторыі Усходняй Прусіі загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага маршала Савецкага Саюза І. В. Сталіна выказваецца падзяка Мікалаю Мікалаевічу Чапурнову».

Вайна для салдата не закончылася ў 1945 годзе. Пасля Перамогі ён разам з іншымі воінамі займаўся знішчэннем бандыцкіх фарміраванняў на тэрыторыі Прыбалтыкі. Затым мотастралковую часць перакінулі ў Пскоў. Адсюль 14 снежня 1946 года Мікалай Чапурноў быў дэмабілізаваны.

Зараз ветэран жыве ў Шуміліне, яго даглядаюць дочкі. Разам з імі ветэран рыхтуецца да 9 Мая. У гэты дзень у яго двайное свята – Дзень Перамогі і дзень нараджэння.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

Надрукавана ў №29 ад 19.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *