На контроле правоохранительных органов – посевная

Закон Общество Сельское хозяйство

На кантролі пракуратуры – пасяўная, міліцыі — захаванасць маёмасці

Зараз у сельгаспрадпрыемстваў гарачы час – пасяўная. Супрацоўнікі праваахоўных органаў пастаянна робяць маніторынгі сельскагаспадарчых арганізацый. У рэйдах удзельнічаюць і карэспандэнты раённай газеты.П– Сёння праверым ход пасяўной  ў дзвюх гаспадарках раёна – «Прыазёрным міры» і «Ляжнях», –  адзначае намеснік пракурора Шумілінскага раёна Дзмітрый Арэхва. –  Паедзем пад канец рабочага дня, каб у першую чаргу праверыць працоўную дысцыпліну. Таксама на кантролі будуць ход пасяўной, гатоўнасць тэхнікі і захаванне правіл бяспекі падчас сельскагаспадарчых работ.

На мехдвары ў аграгарадку Амбросавічы галоўны інжынер «Прыазёрнага міру» Уладзімір Карнілаў расказаў, што да пасяўной тэхніка ў асноўным гатова. «Праблема з энерганасычанымі трактарамі, – адзначыў інжынер. – Адзін рамантуецца ў Віцебску, другі – у Оршы. Абяцаюць, што ў пачатку мая адзін з іх будзе ў гаспадарцы».

Дзмітрый Арэхва спытаў, чаму гэтыя трактары не былі гатовы да пачатку пасяўной. У ходзе праверкі ў намесніка пракурора ўзніклі пытанні па тэхніцы бяспекі: на многіх трактарах ці зусім няма вогнетушыцеляў, ці яны пратэрмінаваныя, не ўся тэхніка ўкамплектаваная медыцынскімі аптэчкамі.

А вось з якасцю работ на пасяўной пытанняў не было. За рулём трактара  – галоўны аграном гаспадаркі Мікалай Жыгуноў. «За дзень у сярэднім засяваю 40 гектараў, – расказаў ён. – Насення хапае. Паліва таксама. Галоўнае, каб надвор’е не падвяло».

У Вялікіх Ляжнях на мехдвары ва ўсю кіпела работа. «Да пасяўной «Ляжні» гатовы, – адразу пачаў гутарку  галоўны інжынер гаспадаркі Канстанцін Кукаеў. – Тэхніка, калі нешта псуецца, адразу рамантуецца». Але ж і ў гэтай гаспадарцы праблемы з вогнетушыцелямі і аптэчкамі, звярнуў увагу Дзмітрый Арэхва.

Намеснік пракурора пацікавіўся, як у гаспадарцы арганізаваны перадрэйсавыя агляды вадзіцеляў. Галоўны інжынер паказаў журнал, у якім вядзецца строгі ўлік аглядаў.

– Рэйд яшчэ раз паказаў, што работа ідзе, але ёсць пэўныя пытанні. Па выніках будзе пракурорскае рэагаванне, бо ёсць моманты якія трэба выпраўляць у найхутчэйшыя тэрміны, – падсумаваў вынікі рэйду Дзмітрый Арэхва.

*    *    *

«Наша задача – правесці маніторынгі па захаванасці матэрыяльных каштоўнасцяў ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах, – кажа начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Дзмітрый Зубараў падчас чарговага рэйду, у які запрасілі карэспандэнта раённай газеты. – Правяраем мехдвары, склады, наяўнасць на рабочых месцах вартаўнікоў. Высвятляем, чаму некаторая тэхніка не эксплуатуецца, ці знаходзіцца яна ў лізінгу».

На мехдвары ААТ «Прыазёрны мір» у Амбросавічах супрацоўнікі РАУС правялі прафілактычную гутарку з работнікамі мехмайстэрні, нагадалі, што за дробны крадзеж прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 30 БВ або  ў выглядзе грамадскіх работ, або адміністрацыйнага арышту.

У вячэрнім змроку ў майстэрні ААТ «Ляжні» здалёк і не бачна няяркага асвятлення. Пра яго недастатковасць адразу робяць заўвагу міліцыянеры. Але такую прэтэнзію выказаць не было каму, бо вартаўніка на рабочым месцы не засталі.

На мехдвары Слабада КУСГП «Сіроцінскі» была зроблена заўвага наконт захоўвання металалому, які раскіданы па ўсёй тэрыторыі, а не складзены ў асобным месцы.

Вынікі маніторынгу ў наведаных гаспадарках абагульняюцца. Кіраўнікам накіраваны прадпісанні, дзе ўстаноўлены тэрміны для ліквідавання недахопаў.

Рэйды па аб’ектах АПК працягваюцца. Яны праходзяць па некалькі разоў за

суткі – і днём, і ноччу. У сельгаспрадпрыемствы выязджаюць супрацоўнікі аддзялення правапарадку і прафілактыкі РАУС, падраздзяленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, дзяржаўтаінспекцыі, спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Супрацоўнікі РАУС упэўнены, што такая пільная ўвага да аб’ектаў АПК дасць пэўны плён і дазволіць пазбегнуць крадзяжоў тавараў матэрыяльных каштоўнасцяў.

Людміла ЗУЙКОВА.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Надрукавана ў №31 ад 26.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *