Партизанка Геннадия Лысанова живет в г.п. Оболь

Общество

Партызанка з вёскі Расалай

Генадзія Эдуардаўна Лысанава, якая зараз жыве ў Обалі, паходзіць з партызанскай сям’і з вёскі Расалай: яе дзве сястры і брат у гады Вялікай Айчыннай вайны ваявалі ў партызанскіх атрадах.

 «Летам 1942 года нашу вёску сталі бамбіць, і вяскоўцы ўцякалі ў лес, – згадвае Генадзія Эдуардаўна. – Некаторыя сталыя людзі вярнуліся потым назад. А мы, маладыя, трапілі да партызан, там і засталіся. Так я стала сувязной партызанскай брыгады імя С. М. Кароткіна. Нас, 13-14-гадовых дзяўчат у брыгадзе было некалькі. Па заданні хадзілі ў розныя вёскі, каб праверыць, ці ёсць там немцы, колькі ў іх тэхнікі і якая. Потым усе звесткі перадавалі камандзіру партызанскага атрада. Помніцца, прыйшлі з сяброўкай у адну з вёсак, а паліцаі пачалі падазраваць нешта. Прычапіліся да нас на вуліцы і давай распытваць. Выручыла незнаёмая нам бабуля. Крыкнула паліцаям, маўляў, гэта яе ўнучкі прыйшлі, адчапіцеся. Вось так мы і ўратаваліся». Былі і трагічныя моманты, напрыклад, аднойчы дзяўчаты схаваліся ад бамбёжкі ў хлеўчуку. А адна з іх выбегла з пабудовы – у яе трапіла бомба… Гэта была жудасная сцэна, пасля якой астатнія падлеткі доўга не маглі прыйсці ў сябе.

Генадзія Лысанава многае помніць з партызанскага жыцця, дзе былі два гады. Было цяжка, часам невыносна. Але ж партызаны былі як адна дружная сям’я, дапамагалі, падтрымлівалі, дзяліліся апошнім. Разам з іншымі жанчынамі Генадзія і яе сяброўка Ніна гатавалі абеды. Пяклі, бывала, мучныя аладкі, якім так радаваліся партызаны, калі вярталіся з чарговага задання.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны Генадзія Эдуардаўна працавала даяркай і цялятніцай у калгасе «Обальскі».

Кожны год з асаблівым хваляваннем сям’я былой партызанкі сустракае 9 Мая. Гэта самае шчымлівае свята, чаканае і жаданае. А як набліжалі Перамогу, Генадзія Эдуардаўна расказвае сваім дзецям, унукам і праўнукам.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

Надрукавана ў №33 ад 06.05.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *