Военно-спортивная игра «Зарница» прошла в Шумилино

Главное Образование

Команда Никитихинской СШ.

«Зарніца» паклікала на старт

 На мінулым тыдні на гарадскім стадыёне ў Шуміліне прайшла ваенна-спартыўная  гульня «Зарніца», прысвечаная Году гістарычнай памяці і

100-годдзю піянерскага руху. За перамогу змагаліся сем каманд са школ раёна, прычым у складзе каманд былі як сябры БРСМ, так і піянерскай арганізацыі.

 

   Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў са стогадовым юбілеем піянерыі павіншавала ўсіх прысутных старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава. «Піянерыя  – арганізацыя, якая прайшла выпрабаванне часам, – адзначыла на ўрачыстым адкрыцці Ірына Іванаўна. – Быць піянерам –  гэта значыць быць першым, гэта магчымасць знайсці новых сяброў, магчымасць  быць патрыётам сваёй Радзімы і рабіць усё, каб Беларусь была квітнеючай».  Ірына Шалахава ўручыла падарункі ад «Белай Русі» лепшым старшыням піянерскіх дружын.

Страявым крокам

  Конкурс агляду строю і песні  судзіў кадравы афіцэр – начальнік групы 276-га асобнага батальёна аховы і абслугоўвання (аэрадрома) лейтэнант  Кірыл Радзько. Тут павінны быць добрая падрыхтоўка, дакладныя каманды і сінхроннае выкананне загадаў камандзіра. Інакш максімальных балаў не атрымаеш. «Упершыню трапіў  у Шуміліна на «Зарніцу». Добра ўдзельнікі падрыхтаваліся, размеркаваць балы было складана, – расказаў Кірыл Радзько. – Першае месца аддадзена камандзе Шумілінскай СШ №1, другое – Обальскай СШ, трэцяе – Міхіціхінскай СШ».

Ваенізаваная паласа

   Асноўны этап «Зарніцы» –  ваенізаваная паласа, якая ўключала этапы, дзе трэба было не толькі мець добрую фізічную падрыхтоўку, а і паказваць згуртаванасць і камандную работу.  Лепш і хутчэй за ўсіх з заданнямі справілася каманда  Мікіціхінскай СШ,  дапоўнілі прызавую тройку Шумілінская СШ №1 і Кардонская школа.

Стральба

  Цікавымі атрымаліся спаборніцтвы  «Да абароны Айчыны гатовы!»,  якія ўключалі стральбу з пнеўматычнай зброі і комплекс сілавых практыкаванняў. У выніку самай трапнай стала каманда Амбросавіцкай школы, а самай моцнай – каманда Мікіціхінскай СШ.

Баявы лісток

  Крэатыўна падрыхтаваліся школы да конкурсу баявых лісткоў «Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца». У кожнай з сямі каманд быў свой падыход: адны зрабілі стаўку на інфармацыйнасць, другія – на фотаздымкі, трэція – на гумар. Першае месца было прысуджана камандзе Шумілінскай СШ №2, другое – Башнёўскай школе, трэцяе – Кардонскай СШ.

«Помнім. Ганарымся»

   Добрыя веды прадэманстравалі вучні ў квізе «Помнім. Ганарымся», які быў прысвечаны Году гістарычнай памяці. Пытанні, на якія адказвалі ўдзельнікі, тычыліся Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі і сённяшняга дня Шуміліншчыны, піянерскага руху. Лепшы вынік паказала каманда Шумілінскай СШ №1.

  Удзельнікі ваенна-спартыўнай  гульні  добра зарэкамендавалі сябе і ў візітнай картцы атрадаў, і ў конкурсе паходнай песні «Песні Перамогі спяваем разам».

  Сёлетнімі пераможцамі раённай ваенна-спартыўнай  гульні «Зарніца» стала каманда «Вікторыя» Мікіціхінскай СШ, другое месца ў «Каметы» Шумілінскай СШ №1,  трэцяе – у «Нашчадкаў» Обальскай СШ.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *