Шумилинское спортивное обозрение

Актуалии Спорт, туризм

Турнір сюрпрызаў
Перад 8 сакавіка ў ДзЮСШ прайшоў традыцыйны турнір па валейболе сярод жаночых каманд. За перамогу змагаліся валейбалісткі з Шуміліна (два саставы), Віцебска, Верхнядзвінска, Бешанковіч, Міёраў і Пскова. Турнір праходзіў па групавой сістэме.
Асабліва парадавала і здзівіла гульнёй каманда ДюСШ, за якую выступалі Інга Пракопчык, Алена Жыжова, Валерыя Акуневіч, Ганна Белавусава, Таццяна Літоўка, Кацярына Абраменка, Ірына Баранава і Кацярына Дунец. Юныя валейбалісткі ў сваёй першай сустрэчы супраць віцяблянак злавілі гульнявы кураж, і ў іх на пляцоўцы атрымлівалася практычна ўсё. Нават у матчы з фаварытам групы – камандай з Вехнядзвінска – нашы зямлячкі выглядалі вельмі годна, даўшы сапраўдны бой дарослым валейбалісткам (на жаль, ва ўпартай барацьбе прайгралі з лікам 1:2). У сваёй групе ДзЮСШ заняла другое месца, якое дазволіла пазмагацца за трэцяе выніковае месца.
Дарослая зборная Шуміліна сабрала ў свой склад усіх мацнейшых на сённяшні дзень валейбалістак раёна: Людміла Харкавец, Рыта Бяззубенка, Вольга Гаева, Анжэла Шафірава, Анастасія Гарлачова, Марына Пяткевіч, Антаніна Дубкова і Вікторыя Дубко. Як вынік, шумілінскія валейбалісткі ў групе абыгралі ўсіх сапер-нікаў з аднолькавым лікам 2:0 і выйшлі ў фінал.
Матч за трэцяе месца меў афішу “ДзЮСШ – Пскоў”. Мала хто мог прадказаць лік сустрэчы. Вопыт ці маладосць, гульнявы запал ці практыка? У гэты вечар усё было на баку нашых зямлячак, якія зусім “негасцінна” абышліся з гасцямі турніру з Расіі, упэўнена перамаглі іх і занялі выніковае трэцяе месца.
А вось напружанай барацьбы ў фінале не атрымалася. Наша каманда была яўна мацней за валейбалістак з Верхнядзвінска. У выніку, перамога на хатнім турніры ў нашай каманды.
Грэка-рымская барацьба
У Маладзечне прайшоў III рэспубліканскі турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны 65-годдзю ўтварэння маладзечанскай міліцыі.
За каманду Віцебскай вобласці выступалі і обальскія спартсмены, якіх трэніруе Пётр Ганушчанка. Мікіта Малашэнка ў вагавой катэгорыі 38 кг заняў другое месца, Ягор Ганушчанка ў вагавой катэгорыі 42 кг стаў трэцім.
Біатлон
На рэспубліканскай спартакіядзе ДзЮСШ па біятлоне выступалі і нашы землякі.
Лепшыя вынікі паказала Ганна Сола (першы трэнер Генадзь Салапаеў), яна заняла першае месца ў складзе змешанай эстафетнай каманды “Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву “Алімпіец”. У асабістых гонках у Ганны шостае месца ў спрынце і чацвёртае ў гонцы праследвання.
Міні-футбол
У Віцебску прайшоў турнір па міні-футболе “Вясна-2012”, у якім прынялі ўдзел каманды Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Ві-цебскага дзяржаўнага політэхнічнага універсітэта і ФК “Шуміліна”.
За нашу каманду гулялі Аляксандр Ходзюш, Аляксандр Янкевіч, Аляксандр Саўчанка, Ігар Дашкевіч, Максім Лось, Вадзім Райхельсон і Руслан Куксёнак.
У паўфінале шумілінскія міні-футбалісты абыгралі сапернікаў з ВДАВМ з лікам 7:3 (лепшым іграком сустрэчы стаў Аляксандр Саўчанка). У фінале ва ўпорнай барацьбе ФК “Шуміліна” абыграў каманду ВДМУ з лікам 8:5 (лепшы ігрок матча – Максім Лось).
*  *  *
У Мінску ў футбольным манежы прайшоў рэспубліканскі турнір па міні-футболе сярод дзіцячых каманд, які арганізавала Ліга дзіцячага футболу.
Пераможцы выяўляліся ў некалькіх узроставых катэгорыях.Сярод спартсменаў 2003 года нараджэння ФК “Шуміліна”, за які гулялі Анатоль Малаіван, Мікіта Долгі, Рэнат Мехаў, Яўген Сянкевіч, Ілля Хамаганаў (усе вучні СШ №1; трэнер Аляксандр Ходзюш), стаў чэмпіёнам. Наша каманда ўзяла верх над камандамі “Скіна” (Чашнікі), “Зубры” (Мінск) і ФК “Мінск”. Лепшымі ігракамі спаборніцтваў назвалі галкіпера Рэната Мехава і нападаючага Іллю Хамаганава.
Сярод каманд 2001 года нараджэння ў ФК “Шуміліна” трэцяе месца. Гонар нашага раёна абаранялі Антон Смолікаў, Віталь Каўшоў, Ягор Мацюшкоў, Павел Васільеў (усе з СШ №1; трэнер Аляксандр Ходзюш) і Юрый Калеснікаў (Кардонская школа, настаўнік фізкультуры Пётр Чарнышоў).
Тэкст і фота Алеся САКАЛОВА.
Надрукавана ў №21 ад 13.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *