Подворный обход прошёл в Добейском сельсовете

Актуалии Сельское хозяйство

Дабея

Спрацаваць на апярэджанне  праблемных пытанняў
Падворны абход ужо прыжыўся ў нашым раёне. Сапраўды, вельмі важна – дайсці да кожнага жыхара раёна, пабыць у кожнай хаце, высветліць праблемныя пытанні, дапамагчы чалавеку. Галоўнае – спрацаваць на апярэджанне і вырашыць праблемы людзей, не даводзіць людзей да скаргаў у розныя інстанцыі. Вось таму 5-6 сакавіка групы, у складзе якіх былі прадстаўнікі райвыканкама, раённых арганізацый, дэпутаты мясцовых саветаў, старэйшыны вёсак, кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, абышлі ўсе населеныя пункты Дабейскага сельсавета.
Група, у складзе якой працаваў карэспандэнт газеты, адправілася ў вёску Вялікія Ляжні. Асаблівая ўвага – сем’ям і асобным грамадзянам з так званай “групы рызыкі”. Рабочы час, таму ў большасці людзі знаходзяцца на працоўных месцах. Дома у асноўным пенсіянеры, маці з маленькімі дзецьмі, некаторыя жывёлаводы, якія ўжо адпрацавалі з ранку. Усе адносяцца да прадстаўнікоў улады з павагай, ветліва сустракаюць, усе ведаюць пра мерапрыемства, таму пытанні падрыхтавалі загадзя.
Больш за ўсё ляжнёўцаў хвалюе мяркуемае закрыццё паштовага аддзялення, пераход на мабільную пошту. Яны ведаюць аб такой форме работы паштовай службы, бо яна працуе ў суседнім Каўлякоўскім сельсавеце, ведаюць і аб яе недахопах – неабходна прыстройвацца да графіку паштовага аўто, знікае магчымасць зайсці на пошту ў любы  час.
Хвалюе жыхароў Ляжней і стан некаторых дамоў. Некалькі дамоў, пабудаваных па адной тэхналогіі, знаходзяцца ў аварыйным стане – не вытрымалі муры цяжару дахаў і пачалі разбурацца. Два дамы ўжо выселеныя, а вось у астатніх знаходзяцца людзі, і іх востра цікавіць гэтая праблема.
Яшчэ адно пытанне характэрнае для многіх вёсак – іржавая вада ў водаправодзе – небяспека для здароўя і сучасных пральных машын. І яшчэ пытанні да работы жыллёва-камунальнай службы: вываз смецця, работа калонак – “грошы бяруць, а збіраюць смецце нерэгулярна, калонкі не працуюць”. Былі просьбы і аб узнаўленні работы бібліятэкі, комплекснага прыёмнага пункта. Узнікла пытанне аб якасці тэлефоннай сувязі. І яшчэ: даўно не прывозілі рабочае адзенне і абутак у магазін”.
Але былі і пытанні неабгрунтаваныя, зададзеныя з пазіцыі ўтрыманца: “пастаўце мне новы забор, пафарбуйце дом”… Прыходзілася нагадваць, што бягучы догляд за жыллём грамадзянін павінен весці сам.
Усе пытанні абагульнены і накіраваныя ў адпаведныя службы для вырашэння, некаторыя з іх будуць вырашаны яшчэ да пасяджэння, на якім будуць абагульняцца вынікі абходу.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Скаргаў не было. Прапановы паступалі…
Адна з груп райвыканкама наведала жыхароў вуліцы Садовай вёскі Дабея. Амаль у кожнай кватэры мы засталі некага з гаспадароў. Сонечнае веснавое надвор’е, пярэдадзень цудоўнага свята жанчын, а, можа, проста лаяльныя адносіны да дробных праблем, не выклікалі ў жыхароў чатырох двухпавярховак гэтай вуліцы жадання на нешта скардзіцца. Наадварот, многа было добрых выказванняў аб рабоце кіраўніцтва мясцовай выканаўчай улады і сельскай гаспадаркі. Гэта радуе і надае ўпэўненасці, што на месцах усё больш уважліва ставяцца да праблем людзей. Праўда просьбы былі: па магчымасці давесці да ладу праезную частку і тратуары на вуліцы Садовай, запланаваць рамонт пад’ездаў. Тое, што рамонт тут наспеў, было бачна адразу. Мяркуем, мясцовае аддзяленне ЖКГ паступова праблемай зоймецца, а жыльцы прымуць актыўны ўдзел у навядзенні парадку і ў пад’ездах, і каля пад’ездаў, а таксама каля хлявоў, бо добраўпарадкаванне – справа агульная. Сёння ў заснежанай асвечанай сонцам Дабеі вуліца  Садовая выглядае прыгожа і ўтульна.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №21 ад 13.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *