На могилу дяди, погибшего на фронте в 1943, в Шумилинский район приехал из Подмосковья Альберт Анисимов

Общество

Настаўнік з вінтоўкай у руках

На брацкае пахаванне ў вёсцы Падмішнеўе прыязджаў Альберт Анісімаў з Падмаскоўя. Тут пахаваны яго дзядзька (брат маці) Шарыф Гатаевіч Валіеў, які загінуў на шумілінскай зямлі 21 снежня 1943 года.

«На днях я прыехаў у госці да сябра ў Мінск, – расказаў Альберт Васільевіч. – Падумаў: калі я ўжо ў Беларусі, дык чаму б не наведаць магілу дзядзі.  Узяў білет на цягнік – і ў Шуміліна».

Шарыф Валіеў па нацыянальнасці татарын, закончыў Кустанайскі педагагічны тэхнікум. У 1933 годзе працаваў у г. Джэтыгара ў Казахстане, вучыў дзяцей фізіцы. Праз год Шарыф прывёз з роднай Татарыі чарнавокую Шакіру, якая яшчэ да пачатку вайны нарадзіла яму дзвюх дачок і сына. Праз некаторы час Шарыфа Гатаевіча Валіева прызначылі дырэктарам школы. Ён пакінуў пасля сябе добрую памяць – пасадзіў парк. Дрэвы з’яўляюцца маўклівымі сведкамі таго, як у 1942 годзе ўся школа праводзіла свайго дырэктара на вайну.

Шакіра засталася з трыма дзецьмі. Сама таксама дапамагала набліжаць перамогу – працавала, шыла ваеннае адзенне.

Сям’я  з нецярпеннем чакала лістоў Шарыфа з фронту. Адно з іх было прабіта куляй. Аказалася, ліст быў у палявой сумцы, якая вісела на баку. На гэты раз Шарыфу пашанцавала. Але ж падчас наступнага бою такога шанцу не выпала.  Роўна праз год пасля ўходу на фронт прыйшла вестка пра гібель Шарыфа ў Беларусі. Потым родныя даведаліся, што ён разам з іншымі 163 воінамі пахаваны на брацкіх могілках у Падмішнеўі.

Альберт Анісімаў падзякаваў старшыні Сіроцінскага сельвыканкама Аксане Шынкевіч і мясцовым жыхарам за тое, што не забываюць вайсковыя могілкі. Памяць аб’ядноўвае ўсіх людзей, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *