В их руках горит работа — о молодом коллективе пожарно-аварийного поста в агрогородке Мишневичи.

Безопасность Новости Общество

У іх руках гарыць работа

У Шумілінскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, дзе зараз нясуць службу 53 чалавекі, акрамя пажарнай аварыйна-ратавальнай часці ў райцэнтры функцыянуюць два пажарныя аварыйна-ратавальныя пасты – у г. п Обаль і аграгарадку Мішневічы. Так што пажарныя намнога бліжэй, чым нам здаецца, і калі здарыцца пажар у самай глухой глыбінцы, далёка ад райцэнтра, – туды хутка дамчыцца ратавальны нарад. Хочацца пазнаёміць жыхароў раёна з ПАРП №12 у Мішневічах.

Напэўна, тут падабраўся самы малады калектыў. «Малады, але працаздольны, рашучы, і перспектыўны, – кажа намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Красоўскі. – У іх работа ў руках гарыць. На іх рахунку – не адзін выратаваны дом, не адно выратаванае жыццё. Акрамя населеных пунктаў Шуміліншчыны яны пры неабходнасці абслугоўваюць бліжэйшыя раёны – Гарадоцкі ці Віцебскі, бо працуе прынцып «хто бліжэй да месца здарэння».

На мішневіцкім пасту працуюць тры змены, кожная дзяжурыць па 24 гадзіны. 1 змена – гэта камандзір Дзмітрый Іваноў і вадзіцель Сяргей Марозаў, 2 змена – камандзір Аляксей Саматыя і ва-дзіцель Сяргей Лапавухаў, 3 змена – камандзір Максім Таліванаў і вадзіцель Вячаслаў Арлоў. Ёсць і падменны вадзіцель – Сяргей Кейзік.

«Штат укамлектаваны, 8 чалавек, – расказвае начальнік паста Уладзіслаў Барадулін, які трэці месяц узначальвае калектыў, хаця агульны стаж яго службы ў РАНС налічвае 6 год. Быць ратавальнікам ён марыў з дзяцінства. Спачатку ў Салігорскім дзяржаўным горна-хімічным каледжы атрымаў спецыяльнасць «папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый», зараз завочна вучыцца ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС. Марыць стаць афіцэрам.

Самы вопытны на пасту – Сяргей Марозаў, ён у пажарнай справе 13 год. Пакуль адзіны, хто за сумленную і адважную службу адзначаны высокай узнагародай ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – медалём «За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый». Яго ратавальнік атрымаў за мужнасць і храбрасць, якія праявіў у свой асабісты выхадны дзень, выратаваўшы з агню на пажары дома бабулю з унучкай.

Усе, акрамя Дзмітрыя Іванова, хлопцы не мясцовыя, большасць прыязджае на работу з Шуміліна, ёсць і з Віцебска. І гэта зразумела: знайсці спецыяліста такога профілю ў сельскай мясцовасці не так проста.

На ўзбраенні на пасту ў Мішневічах – два пажарныя аўтамабілі, гатовыя да баявога рэагавання ў любы час сутак. Пост аснашчаны сучасным абсталяваннем, пажарна-тэхнічным узбраеннем, амуніцыяй.

Кіраўніцтва РАНС лічыць калектыў паста згуртаваным, а яго работу – выніковай і зладжанай. Кожны ведае свае абавязкі, свой аб’ём работы,  стараецца сумленна выконваць пастаўленыя задачы і трымаць высокі імідж ратавальніка. Пажарны пост у аграгарадку Мішневічы лічыцца ўзорным – тут заўсёды ідэальны парадак і чысціня.

Спецыфіка работы, пераадольванне цяжкасцей, экстрэмальныя ўмовы садзейнічаюць таму, што людзі становяцца аднадушнымі, згуртаванымі,  тут з’яўляецца баявое братэрства, калі адзін за ўсіх, а ўсе за аднаго, калі і ў агонь, і на рыбалку – разам. Калектыў мішневіцкага паста – не выключэнне.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *