Приём граждан провела в Шумилино заместитель Главы Администрации Президента Республики Беларусь Ольга Чуприс

Главное Общество Президент

Пытанні,  якія ідуць ад жыцця

27 ліпеня ў Шуміліне правяла прыём грамадзян намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Вольга Чупрыс.

Каля паўтара дзясятка грамадзян звярнуліся на прыём. Гэта былі не толькі жыхары Шумілінскага раёна, на прыём прыехалі з Віцебска і Магілёва, Ушачаў і Чашнікаў, Пінска, іншых рэгіёнаў Беларусі. Падчас прыёму прысутнічала кіраўніцтва Шумілінскага раёна.

Выступаючы перад журналістамі пасля завяршэння прыёму, Вольга Чупрыс адзначыла: «Мы асэнсавана ажыццяўляем такія выезды ў аддаленыя раёны і населеныя пункты, каб насельніцтва мела магчымасць звярнуцца да Адміністрацыі Прэзідэнта, каб Адміністрацыя была на вастрыні падзей, якія адбываюцца ў невялікіх гарадках і населеных пунктах. Тут заўжды адчуваецца адкрытасць і душэўнасць людзей. Пытанні, якія яны задаюць, заўсёды ідуць, па-першае, ад жыцця, па-другое, ад сваёй уласнай душы, таму катэгорыі пытанняў разнастайныя: як традыцыйныя, так і зусім нетрадыцыйныя.

Традыцыйныя пытанні – у сферах добраўпарадкавання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пытанні дарог, ёсць сацыяльная тэматыка: пытанні пенсій, пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. А ёсць такія незвычайныя пытанні, як інвестыцыі, дапамога ў ажыццяўленні фермерскай гаспадаркі. Ці пытанне, якое кажа пра тое, што не хлебам адзіным жыве чалавек – яму патрэбна чытаць кнігі, сустракацца з іншымі жыхарамі, адчуваць сваё дачыненне да свету культуры, нягледзячы на тое, што ён жыве ў сельскай мясцовасці. Такія пытанні цікавыя, яны ідуць ад рэальнага жыцця. Ці вось пытанне добраўпарадкавання могілак – гэта наша памяць, нашы продкі.

Прыемна, што людзі ставяць такія пытанні, і ўдвая прыемна, калі ты можаш дапамагчы гэтым людзям. Адміністрацыя заўжды вельмі ўважліва адносіцца да такіх пытанняў, імкнецца вырашыць іх на месцы. Калі немагчыма рашыць адразу, мы ставім іх на кантроль і жорстка кантралюем ход выканання даручэнняў. Мне здаецца, заўжды грамадзяне бываюць задаволеныя, калі Адміністрацыя ўнікае і ўдзельнічае ў рашэнні іх праблем».

Жыхары нашага раёна звярталіся на прыём з рознымі пытаннямі. З вёскі Лажок скардзіліся на затрымку аплаты за здадзенае малако, жыхары райцэнтра прасілі пазбавіць ад падтоплівання прысядзібнага ўчастка і скардзіліся на холад у кватэры зімой.

З вёскі Добрына прасілі не закрываць мясцовую бібліятэку. А фермер з Крупчына прасіў дапамогі ў выдзяленні льготнага крэдыту. Вельмі далікатнае пытанне тычылася добраўпарадкавання Дзюбянскіх могілак.

Кожнага заяўніка Вольга Чупрыс уважліва слухала, адказныя асобы, у кампетэнцыі якіх знаходзяцца ўзнятыя пытанні, давалі свой погляд на сітуацыю,  прапаноўвалі варыянты рашэння праблем, атрымлівалі даручэнні намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Так, спецыялісты абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні патлумачылі, што для выдзялення крэдыту фермеру трэба прадставіць дакладны план развіцця гаспадаркі з разлікам даходаў, якія будуць пакрываць банкаўскі крэдыт. Па ўцяпленні кватэры УП ЖКГ ужо выканала некаторыя работы, цяпер трэба чакаць ацяпляльнага сезона, каб убачыць эфект. Розныя варыянты прапаноўваліся і па бібліятэцы ў Добрыне: мабільная бібліятэка (бібліёбус), перасяленне ў іншае памяшканне, скарочаны рэжым работы – пытанне будзе вырашана пасля дадатковага вывучэння. Раённыя ўлады трымаюць на пастаянным кантролі пытанне аплаты за малако, полацкае прадпрыемства абяцае пагасіць доўг да канца ліпеня. Па пытаннях добраўпарадкавання неабходна на месцы вывучыць сітуацыю і вызначыць неабходныя работы, якія трэба зрабіць тэрмінова.

Вольга Чупрыс папярэдзіла, што Адміністрацыя мае практыку тэлефанаванняў заяўнікам праз вызначаны час, каб даведацца пра вырашэнне праблемы.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *