Районные «Зажинки» дали старт уборочной в Шумилинском районе

Главное Сельское хозяйство

«А мы жыта жалі, Зажынкі святкавалі»

Раённыя «Зажынкі» ў КУСГП «Ульскі» адзначылі пачатак масавай уборачнай кампаніі на Шуміліншчыне.

У мінулую суботу, 30 ліпеня, на палетках КУСГП «Ульскі» ладзіліся раённыя зажынкі «А мы жыта жалі». На поле ля Чэрчыц на беразе Заходняй Дзвіны на свята сабраліся спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы райвыканкама, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, кіраўнікі і механізатары сельгаспрадпрыемстваў, ветстанцыі і племстанцыі, артысты раённага цэнтра культуры, госці. Зранку на полі стаялі камбайны і чакалі сігналу да пачатку работы.

Прва адкрыць свята было прадастаўлена першаму намесніку старшыні раённага выканаўчага камітэта начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні  райвыканкама Уладзіміру Пушнову.

«Наперадзе ва ўсіх нас галоўны дзяржаўны экзамен – жніво, – адзначыў Уладзімір Сяргеевіч. – І здаць яго трэба на выдатна. Кожны колас павінен быць змалочаны і прывезены на зерне-склад. Работа чакаецца сур’ёзная і напружаная – трэба ўбраць 12,5 тысячы га зерневых і зернебабовых. На раённых палетках будуць працаваць 38 камбайнаў. Спадзяюся, што Шуміліншчына будзе дастойна выглядаць па тэмпах і якасці падчас уборачнай кампаніі. Жадаю ўсім поспехаў і дабрабыту! У добры шлях!».

На свяце былі ўзнагароджаны лепшыя механізатары сельгаспрадпрыемстваў раёна. Так, Падзяку старшыні райвыканкама за дасягненне лепшага выніку сярод работнікаў, занятых на зграбанні травяной масы ў валкі, атрымаў механізатар УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» Пётр Цыганкоў. За высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу  Падзякі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама ўручаны механізатарам іншых сельгаспрадпрыемстваў.

Да шчырых пажаданняў далучылася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Яна нагадала, што галоўнае на любой рабоце – гэта не толькі тэмпы і якасць, але яшчэ і захаванне неабходнай  тэхнікі бяспекі, выкананне патрабаванняў усіх інструктажаў.

Зажаць першы сноп з ураджаю 2022 года разам з майстрамі Дома рамёстваў запрасілі Уладзіміра Пушнова, Вольгу Пусянкову, намесніка начальніка райсельгасхарчу Рамана Прасветава, дырэктара КУСГП «Ульскі» Валянціну Лабейка і галоўнага агранома гаспадаркі Сяргея Баранава. Па традыцыі першы сноп атрымала кіраўнік гаспадаркі, на полі якой святкаваліся зажынкі. Валянціна Лабейка, якая падкінула ўгору сноп, каб жніво прайшло без страт, расказала, што сёлета ў гаспадарцы сем зернеўборачных камбайнаў будуць убіраць 1220 га зерневых. Віды на ўраджай добрыя – такіх азімых зерневых не бачылі некалькі гадоў. Кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў былі ўручаны сімвалічныя снапы як  сімвал дабрабыту і добрага ўраджаю. Механізатары атрымалі ў падарунак караваі.

Павіншаваў усіх з зажынкамі, прачытаў малітву на добрую работу, акрапіў тэхніку і механізатараў святой вадой настаяцель храма Святога прападобнага Ануфрыя Вялікага Уладзімір Пучынскі.

Механізатары заспяшаліся да сваіх камбайнаў. Поле агучыў гул матораў.   Жніво на Шуміліншчыне пачалося!

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *