Районные «Дажынкі» прошли в Шумилинском районе в агрогородке Никитиха

Главное Общество Сельское хозяйство

Свята важкага караваю

 Абласны фестываль працаўнікоў сяла «Дажынкі-2022», які тыдзень таму стартаваў ў Глыбокім, прадоўжыўся ў раёнах Віцебшчыны. 24 верасня ў аграгарадку Мікіціха шанавалі хлебаробаў Шумілінскага раёна. Свята атрымалася з шырокім размахам – грандыёзным, шматлюдным, прыгожым.

  

Мерапрыемства пачалося з ускладання кветак да воінскіх могілак на станцыі Лоўша. Намеснік старшыні аблвыканкама Барыс Яфрэмаў,  кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Галынчыкам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый  ушанавалі памяць савецкіх воінаў, якія сваім жыццё абаранілі краіну, далі нам магчымасць жыць пад мірным небам, вырошчваць хлеб, святкаваць «Дажынкі» і вітаць хлебаробаў, якія заслужылі самых шчырых слоў сваёй працай і адданасцю роднай зямлі. З раніцы да вечара яны працавалі ў полі, каб вырасціць збожжа, сабраць яго, абмалаціць. Каб паставіць хлеб на стол і запрасіць на «Дажынкі».

Пад гучны марш у суправаджэнні ансамбля барабаншчыц Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў дэлегацыі гаспадарак раёна прайшлі ў святочным шэсці «Мы славім імя хлебароба». Каравай з зерня новага ўраджаю  – сімвал Радзімы, яе багацця і дабрабыту –  быў уручаны старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргею Галынчыку.

Кіраўнік раёна, віншуючы ўсіх са святам, адзначыў, што работа за зямлі – справа важная і адказная, і ў гэтым годзе падчас уборачнай працавалі 38 экіпажаў (у тым ліку 2 – маладзёжныя), талакой намалацілі  28130 тон збожжа, здалі дзяржаве 1450 тон збожжа. У гэтым заслуга нястомных вясковых працаўнікоў: сёлета раён можа пахваліцца дзесяццю экіпажамі, якія намалацілі больш за тысячу тон збожжа, а механізатар з «АграБаравінкі» Сяргей Гоманаў упершыню ў гісторыі раёна стаў двухтысячнікам. Шэсць вадзіцеляў раёна перавезлі па тысячы тон збожжа.

Сяргей Галынчык павіншаваў лідараў жніва і ўручыў ім Ганаровыя граматы райвыканкама. Пераможцам па вытворчасці зерневых і зернебабовых культур прызнана ААТ «Ляжні» (дырэктар Аляксандр Папіна) –  намалот склаў 4329 тон, ураджайнасць 25,7 ц/га, па вытворчасці крыжакветных культур і насення шматгадовых траў – СФГ «Раднік» (кіраўнік Юрый Сямёнаў). У асабістым першынстве па намалоце першае месца прысуджана старшаму камбайнеру ААТ «АграБаравінка» Сяргею Гоманаву, які намалаціў 2404 тоны зерня. Сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня, прызавыя месцы ў Ігара Барысевіча з КУСГП «Ульскі»  і Юрыя Кавалеўскага з ААТ «Ляжні». У пераможцах па ўборцы шматгадовых траў – камбайнер СФГ «Раднік» Віктар Буеў, па сушцы зерня  – аператары зернесушыльных комплексаў Мікалай Іваноў з ААТ «АграБаравінка» і Леанід Кавалёў з КУСГП «Сіроцінскі». За значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна Ганаровая грамата райвыканкама ўручана былому старшыні райвыканкама Віктару Гутараву.

Намеснік старшыні аблвыканкама Барыс Яфрэмаў павіншаваў усіх са святам, пажадаў раёну далейшых поспехаў, а таксама ўручыў Падзякі старшыні Віцебскага аблвыканкама намесніку начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Раману Прасветаву,  дырэктару КУСГП «Ульскі» Валянціне Лабейка, механізатару СУП «Лаўжанскае» Пятру Бардзюкову.

Шчырыя словы прызнання на свяце былі адрасаваны ветэранам сельскагаспадарчай вытворчасці, былым кіраўнікам гаспадарак – Анатолю Жыгунову, Леаніду Пагарэльскаму, Пятру Кузьміну, Васілю Юхнаўцу, Валерыю Філіпаву, якія і сёння перадаюць свае веды і вопыт маладым спецыялістам.

Ганаровыя граматы ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама ўручыў вясковым працаўнікам начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Пушноў. Павіншавалі сваіх работнікаў і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. Ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ўзнагародзілі малады экіпаж камбайнераў ААТ «Прыазёрны мір» у складзе Уладзіслава Осіпава і Дзмітрыя Карэліна, а таксама галоўнага інжынера КУСГП «Мішневічы» Дзяніса Арцёмава.  Раённае аб’яднанне прафсаюзаў і райкам прафсаюза работнікаў АПК уручылі свае ўзнагароды лепшым вясковым працаўнікам.

Тым часам вакол Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу праходзілі шматлікія святочныя пляцоўкі, выставы, кіпеў кірмаш. Тэматычную панараму «Кірмашовыя старонкі» прадставіў раённы Дом рамёстваў. Цікавую дакументальную выставу  аб гісторыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна «Клапаціцца аб зямлі – будаваць будучыню» падрыхтавала раённая бібліятэка. Шчыра запрашалі на свае падворкі сельсаветы раёна, прапаноўвалі ўдзельнікам фестывалю-кірмашу багатыя прысмакі. Удзельнікам прапанавалі выставу-конкурс караваяў і хлебнага квасу, кветкавых кампазіцый. Дзяцей запрашала гульнявая праграма цэнтра дзяцей і моладзі, атракцыёны і забавы. Для аматараў спорту ладзіліся «Сельскія гульні».

Усіх удзельнікаў свята  весялілі артысты раённага цэнтра культуры і заслужаны вакальны калектыў Рэспублікі Беларусь «Белы Птах».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *