Выставка преподавателей художественно-графического факультета ВГУ открылась в Шумилинском историко-краеведческом музее

Культура Мир увлечений Общество

«Мы з мастацка-графічнага» – выстава творчых і навуковых работ выкладчыкаў кафедры выяўленчага мастацтва мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава адкрылася ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

 

На адкрыццё выставы прыехалі дэкан факультэта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Алена Сакалова, загадчык кафедры выяўленчага мастацтва, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Генадзь Ісакаў, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, куратар выставы Міхаіл Цыбульскі і выкладчык скульптуры і пластычнай анатоміі Іван Каладоўскі.

Вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, дырэктар музея Святлана Іванова адзначыла, што выстава такога характару і ўзроўню ў нас арганізавана ўпершыню, работнікі музея спадзяюцца, што сённяшняя сустрэча стане першым крокам для далейшага плённага супрацоўніцтва.

Пасля слова ўзялі госці. Яны расказалі пра вядомую ў краіне Alma mater славутых беларускіх мастакоў – мастацка-графічны факультэт з 63-гадовай гісторыяй, яго традыцыі, здабыткі і напрацоўкі. І, канешне, запрасілі моладзь да сябе на вучобу. Дарэчы, многія з шумілінцаў не ведаюць, што Шумілінская СШ №1 падчас падрыхтоўкі навучальнай установы да абласных «Дажынак» і надання ёй статусу «Школы будучага» распісана па праекце студэнткі мастацка-графічнага факультэта ВДУ, як аказалася, выпускніцы школы 2017 года Дарыны Шаціла.

Жывапісныя карціны, напісаныя ў самых разнастайных жанрах і тэхніках сённяшнімі дзеючымі выкладчыкамі, сталі яркім і неаспрэчным сведчаннем таго, што на факультэце ведаюць не толькі тэорыю і выкладаюць яе студэнтам – тут працуюць самыя таленавітыя мастакі-практыкі, якія не стамляюцца тварыць, здзіўляць і радаваць гледача.

Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць гасцям самыя разнастайныя пытанні: як нараджаюцца карціны, якія творчыя іспыты неабходна здаваць абітурыентам, наогул як стаць студэнтам славутага мастацка-графічнага.

Выстава будзе працаваць да 30 лістапада. Не ўпусціце магчымасць акунуцца ў творчую атмасферу і дакрануцца да прыгожага. Кажуць, што мастацтва робіць нас больш шчаслівымі. Лавіце момант.

Тэкст і фота

Алены КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *