На «прямой линии» заместителя председателя райисполкома А. Н. Зайцева преобладали вопросы ЖКХ

Актуалии Общество Президент

Некаторых пытанняў магло б не быць
“Прамыя лініі”  з кіраўніцтвам раёна заўсёды выклікаюць мноства зваротаў. Так было і 17 сакавіка падчас “прамой лініі”, якую праводзіў  намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Анатоль Мікалаевіч Зайцаў. Большасць зваротаў адносілася да жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Цэлае кола пытанняў паставіў жыхар райцэнтра К. І. Багданаў.  Па-першае, ён просіць знесці дом, які згарэў шэсць гадоў таму, і з таго часу стаў безгаспадарным, зарос быльнёгам. Па-другое, ён просіць зрабіць кароткі пад’езд да вуліцы Ударнай. І, па-трэцяе, яго хвалюе стан аўтамабіляў хуткай дапамогі. “На іх ужо немагчыма перавозіць хворых, ці плануюць замяніць аўтамабілі “хуткай дапамогі”, — пацікавіўся Казімір Іосіфавіч.
Сёлета раённая бальніца атрымае новы рэанімабіль з самым сучасным абсталяваннем, патлумачыў А. М. Зайцаў. Так што аўтапарк “хуткай дапамогі” паступова будзе абнаўляцца. Пытанне з безгаспадарным домам нельга вырашыць хутка, бо неабходна выявіць спадкаемцаў, рашыць праблему з імі. Але пытанне стаіць на кантролі і будзе вырашацца у адпаведнасці з законам. Што тычыцца праезду на вуліцу, то неабходна вызначацца з пытаннем на месцы, і адпаведныя службы атрымаюць такое заданне.
Ад імя жыхароў дома № 13 па вуліцы Першамайскай у Обалі патэлефанавала Л. П. Гарбатава: з-за скачкоў напружання ў іх згарэлі тэлевізары. Жыхары дома, а гэта галоўным чынам пенсіянеры, паспрабавалі высветліць прычыну здарэння ў энергетыкаў, але тыя пераадрасавалі заяву ў камунгас. Жыхары нават згодныя не шукаць вінаватага, згодныя адрамантаваць тэлевізары за свой кошт, яны просяць толькі даставіць майстра па рамонце ў Обаль, бо не маюць магчымасці зрабіць гэта самі. У камунгасе ж замест таго, каб вырашыць пытанне і аказаць жыхарам канкрэтную дапамогу, пусціліся ў бюракратычныя разважанні: пішыце пісьмовыя заявы, звяртайцеся ў суд, калі суд дакажа нашу віну… Толькі пасля званка А. М. Зайцава кіраўніцтва УП ЖКГ паабяцала даставіць майстра.
Пальвінская Л. С. з аграгарадка Амбросавічы паскардзілася на “забітую” каналізацыю. Работнікі камунальнай гаспадаркі прыязджалі, прапанавалі за грошы адпампаваць ваду з каналізацыйнага калодзежа. Але ў аграгарадку цэнтралізаваная каналізацыя і калодзежы перапоўнены па ўсёй Кааператыўнай вуліцы, сэнсу адпампоўваць толькі свой калодзеж няма, лічыць жанчына.
З вёскі Дабея патэлефанавала Карпушчанка Ж. І. Яна паскардзілася на тое, што ў кватэры зацякаюць столь і сцены, у пакоях вільгаць і цвіль, хаця ў лютым атрымалі адказ, што рамонт праведзены. З пытаннем неабходна разабрацца, яно ўзята на кантроль, заяўніца атрымае пісьмовы адказ.
Р. Л. Барысевіч з вёскі Мікалаёва незадаволена медыцынскім абслугоўваннем. Анатоль Мікалаевіч патлумачыў, што сітуацыя палепшыцца пасля таго, як у жніўні прыйдуць маладыя спецыялісты.
Савіцкая Г. І. з аграгарадка Слабада папрасіла дапамагчы ў пакупцы парасят на комплексе ў Добрыне. “Комплекс цяпер аднаўляе пагалоўе да поўнай запоўненасці, таму не мае магчымасці прадаваць парасят. Ёсць дамоўленасць з гаспадаркамі Гарадоцкага раёна, што яны будуць прадаваць парасят на веснавых кірмашах у Шуміліне. Можна звязацца з імі самастойна і набыць жывёлу на месцы,” – паведаміў А. М. Зайцаў.
Братаву Н. І. і іншых жыхароў вуліцы Герасіменкі з Сіроціна хвалюе пытанне падтаплення падвалаў і гаспадарчых пабудоў, бо стары канал не паспявае адводзіць ваду і даўно патрабуе ачысткі. Разабрацца з праблемай даручана кіраўнікам Сіроцінскага сельвыканкама, КУСГП “Сіроцінскі” і Шумілінскага ПМС. Але і жыхарам, магчыма, прыйдзецца часткова аплаціць работы па чыстцы канала.
Часта, не звяртаючыся ў адпаведныя службы, людзі адразу тэлефануюць кіраўніцтву раёна нават па дробных пытаннях. Такім хочацца нагадаць, што пэўныя намаганні варта прыкласці і самім, каб вырашыць уласныя праблемы. Але ж часцей людзі звяртаюцца ў райвыканкам, калі шматлікія звароты ў адпаведныя службы не даюць вынікаў. Узнікае пытанне да асобных службовых асоб: чаму трэба даводзіць да скаргаў, чаму нельга вырашыць пытанне адразу ці растлумачыць чалавеку, калі для рашэння патрэбны час?
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №23 ад 20.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *