Благотворительное объединение «София» помогло ТЦСОН Шумилинского района

Новости Общество Твори добро

Пры падтрымцы Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Сафія» (г. Мінск) у аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шумілінскага раёна ў аграгарадку Мішневічы заменены ацяпляльны кацёл і цыркуляцыйная помпа.

Сацыяльныя ўстановы нашага раёна даўно і плённа супрацоўнічаюць з аб’яднаннем «Сафія». Пры падтрымцы гэтай міжнароднай дабрачыннай арганізацыі ў 2016 годзе ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання ТЦСАН была закуплена мэбля і тэхналагічнае абсталяванне для харчаблока. У 2017 годзе дапамога ад «Сафіі» прыйшла ў Мікалаеўскую бальніцу сястрынскага догляду, для якой набылі спецыяльныя ложкі, пасцельную бялізну, посуд і абсталяванне для пральні.

– Дэвіз нашай арганізацыі «Дапамагаць людзям, каб яны маглі ў наступным дапамагчы сабе самі», – кажа выканаўчы дырэктар МДГА «Сафія» Сяргей Зубовіч. – Мы аказваем разавую дапамогу і не з’яўляемся пастаяннымі  спонсарамі для якойсьці сацыяльнай установы. Таму, калі Шумілінскі ТЦСАН звярнуўся да нас у другі раз, рашэнне абмяркоўвалася грунтоўна і прымалася няпроста. У выніку згадзіліся на падтрымку, улічваючы, якую аб’ёмную работу па наладжванні сістэмы ацяплення ў аддзяленні для сталых грамадзян і інвалідаў выканалі ў ТЦСАН сваімі сіламі.

Сяргей Зубовіч, Валянціна Штуро і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Жукава прайшлі па жылых пакоях, пагутарылі з насельнікамі аддзялення, якія казалі, што ў пакоях стала цяплей, чым было.

Валянціна Штуро шчыра дзякавала Сяргею Зубовічу за дапамогу і ўручыла падзячны ліст, адрасаваны МДГА «Сафія».

 Гуманітарная праграма міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Сафія» фінансуецца Царквой Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён,  якая аказвае дапамогу тым, хто мае патрэбу, у многіх краінах свету. У 2022 годзе МДГА «Сафія» аказала дапамогу Аляксандраўскаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў, Багушэўскаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і Тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шумілінскага раёна. Агульная сума выдаткаваных сродкаў склала 39300,65 рубля.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *