Мошенничество не прошло. Кредит придётся выплачивать

Закон Происшествия

Фото носит иллюстративный характер.

А крэдыт усё-такі быў

 Ірыне (імёны зменены па этычных меркаваннях) крыху больш за 40. У 2019 годзе яна ўзяла анлайн-крэдыт на 5000 рублёў у адным з банкаў. Пару месяцаў заплаціла плацяжы, а затым перадумала. СМС-паведамленні, якія пастаянна высылаў банк, выдаляла нават не прачытаўшы. Так доўжылася амаль тры гады.

Нядаўна банк выслаў  Ірыне ліст, у якім патрабаваў пагасіць запазычанасць. Сума за гэты час «набегла» больш чым 10 тысяч рублёў. Гэты ліст пабачыў муж Аляксей. «Гэта няпраўда, я не брала ніякіх крэдытаў, – апраўдвалася яна перад Аляксеем. – Гэта махляры…». І для пацвярджэння сваіх слоў пайшла ў міліцыю, дзе напісала заяву, што ў яе патрабуюць грошы за крэдыт, які яна не брала.

Па факце махлярства следчымі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана крымінальная справа. Праўда, у хуткім часе следчыя вымушаны былі змяніць артыкулы, па якім вядзецца расследаванне, а пацярпелая стала падазронай. «Пасля ўзбуджэння крымінальнай справы адразу зрабілі запыты ў банк, – расказвае следчы райаддзела Людміла Данілава. –  Дакументы, якія прыйшлі з банка, пацвердзілі наяўнасць крэдыту ў жанчыны. Яе папярэдзілі пра крымінальную адказнасць за лжывую інфармацыю. Але ж яна настойвала на сваім. У выніку была ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 400 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Загаддзя лжывы данос”».

На другім допыце Ірына прызналася, што ўсё-такі брала крэдыт. Прызнанне жонкі стала нечаканасцю для Аляксея, які кажа, што дома не з’явілася новых рэчаў і ў сям’і гэтых грошай ніхто не бачыў. Сама Ірына таксама не ведае, куды патраціла іх.

З паказанняў Ірыны:

– Перастала выплачваць крэдыт, бо не было грошай. Думала, што анлайн-крэдыт – гэта не так сур’ёзна. Напісала заяву ў міліцыю, бо баялася рэакцыі мужа.

Зараз расследаванне крымінальнай справы працягваецца, высвятляюцца падрабязнасці і прычыны здзяйснення злачынства. Ірыне прыйдзецца вярнуць банку ўсю запазычанасць. Санкцыі па ўзбуджанай крымінальнай справе прадугледжваюць пазбаўленне волі да трох год.

Алесь САКАЛОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *