Что надо знать про замещающие семьи

Актуалии

Фото носит иллюстративный характер.

Што трэба ведаць пра замяшчальныя сем’і?

Адной з параўнальна новых формаў сацыяльнага абслугоўвання з’яўляецца замяшчальная сям’я, калі за чалавекам, які мае патрэбу ў пастаянным доглядзе, даглядаюць асобы, не абавязаныя па законе гэта рабіць. Гэта могуць быць суседзі, былыя калегі, проста добрыя знаёмыя, але не блізкія сваякі. Для каго і на якіх умовах  ствараецца замяшчальная сям’я, расказвае загадчыца аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання ТЦСАН Таццяна Шаціла.

Хто мае права?

Права на сацыяльныя паслугі ў такой сям’і прадастаўляецца дзвюм катэгорыям насельніцтва: адзінокім непрацуючым грамадзянам, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту, і адзінокім інвалідам I і II групы. Яны павінны пастаянна пражываць на тэрыторыі краіны.

Хто можа даглядаць?

Хто можа стварыць замяшчальную сям’ю? Гэта павінен быць дзеяздольны грамадзянін ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў, які таксама пастаянна пражывае на тэрыторыі краіны, не з’яўляецца інвалідам I або II групы і асобай, абавязанай па законе ўтрымліваць непрацаздольнага грамадзяніна. Ён прымае на сябе абавязацельствы па ўтрыманні і забеспячэнні сталага чалавека неабходным доглядам, харчаваннем, лекамі, прадметамі паўсядзённага попыту, арганізуе вольны час і стварае спрыяльны псіхалагічны клімат. Пры гэтым яму не забараняецца працаваць і вучыцца.

Бюджэт

Сталы чалавек, за якім арганізаваны догляд, павінен уносіць свой уклад у бюджэт замяшчальнай сям’і. Аднак гэтая сума не можа перавышаць 75% пенсіі, якую ён атрымлівае. Аднак калі сям’я прымае ў сябе інваліда I групы, памочніку прызначаецца штомесячнае грашовае ўзнагароджанне ў памеры 100% найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. А пры адначасовым аказанні сацыяльных паслуг двум непрацаздольным грамадзянам – у памеры 150%.

Жыллёвае пытанне

Сталы чалавек ці інвалід можа прадаставіць жылплошчу памочніку, а можа сам пераехаць да яго. Абавязковая ўмова – чалавек, які мае патрэбу ў доглядзе, павінен жыць у асобным пакоі. Пры гэтым яго квадратныя метры застаюцца недакранальнымі, ён не абавязаны нікому перадаваць права ўласнасці. Гэтак жа не можа і прэтэндаваць на маёмасць свайго памочніка.

Навошта?

– Замяшчальная сям’я – добрая альтэрнатыва дому-інтэрнату, – адзначае Таццяна Шаціла. – Яна дазваляе адзінокім сталым людзям, інвалідам як мага больш пражываць у няхай не родных, але ў сем’ях, дзе клапоцяцца пра іх.

  Усе падрабязнасці стварэння замяшчальных сем’яў, умовы і парадак аказання сацыяльных паслуг у іх можна атрымаць у ТЦСАН ці па тэлефоне 5-71-87.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *