15 декабря в Шумилинском районе дан старт благотворительной акции «Наши дети»

Главное Общество Президент

Яны  вераць  у  цуды  і  Дзеда  Мароза

З 15 снежня 2022 года па 15 студзеня 2023 года ў Беларусі па традыцыі пройдзе навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці».   Акцыя дазваляе сфакусіраваць увагу органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў на праблемах дзяцей, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах, і аказаць ім дапамогу, а таксама заахвоціць найбольш таленавітых дзяцей, якія дасягнулі поспеху ў вучобе, спорце, грамадскім жыцці.

Дзяцей у кожным кутку краіны чакае яркая і насычаная праграма. Для маленькіх жыхароў Шуміліншчыны таксама падрыхтавана шмат цікавага.  Пройдуць дабрачынныя святочныя мерапрыемствы для дзяцей-сірот, дзяцей, якія выхоўваюцца ў прыёмных і апякунскіх сем’ях, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў і інш.

Учора, 15 снежня, акцыя «Нашы дзеці» стартавала і на Шуміліншчыне. Старт навагодняй дабрачыннай акцыі ў нашым раёне далі  святочныя праграмы ва ўстановах адукацыі.

Старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык адправіўся 15 снежня ў Мікіціхінскую сярэднюю школу, каб павіншаваць вучняў школы з пачаткам акцыі «Нашы дзеці», і з надыходзячымі навагоднімі святамі.

«Сёння мне хочацца выступіць у ролі Дзеда Мароза і падарыць вам важныя і неабходныя падарункі: 5 камп’ютараў, якія спатрэбяцца ў вучобе, – звярнуўся да дзяцей Сяргей Аляксандравіч. – Хачу вам, дарагія рабяты, пажадаць, каб усё, што вы задумалі, спраўдзілася, каб вы дасягнулі поспехаў. Усім здароўя, шчасця, удачы, міру і дабра».

Вучні дзякавалі шаноўнаму госцю, абяцалі быць сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны, адказнымі і сумленнымі, падарылі некалькі музычных сюрпрызаў. На свята завіталі школьныя Дзед Мароз і Снягурка, якія павіншавалі прысутных з надыходзячымі святамі, падарылі дзецям сняжынку, якая прыносіць шчасце і ўдачу.

У Шумілінскай СШ №2 дабрачынную акцыю адкрыла казачнае прадстаўленне, ганаровым госцем на якім стаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч.

Танец снегавікоў, карагод з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі, з’яўленне сімвала надыходзячага 2023 года – Труса – усё стварала святочны настрой і выклікала радасныя ўсмешкі дзяцей і дарослых. Мікалай Будневіч павіншаваў школьнікаў са святам, адзначыў, што навагодняя дабрачынная акцыя праводзіцца для таго, каб кожнае дзіця не засталося без увагі  і атрымала падарунак у самае чароўнае свята – Новы год. Ён пажадаў вучням добрых адзнак і жаданых падарункаў.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна ўручыў дырэктару школы Жанне Рагуновіч сертыфікат на 3 тысячы рублёў, які стаў прыемным прэзентам для школы.

Як расказала Жанна Рагуновіч, у перадсвяточныя дні, напачатку зімовых канікул, дзяцей чакае насычаная забаўляльная праграма: творчы марафон «Навагодні серпанцін», ранішнікі для малодшых школьнікаў і дыскатэка для старэйшых. Падчас святаў кожны атрымае прызы і падарункі.

 

Традыцыйна напярэдадні Новага года агні запаляць дабрачынныя ёлкі.
22 снежня ў 10.30 выхаванцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі чакае навагодні ранішнік «Краіна навагодніх цудаў».

27 снежня ў 10.00 у Шумілінскім раённым цэнтры культуры пройдзе раённая дабрачынная ёлка. Дзяцей чакаюць спектакль-казка «Зачараваная Снягурка» і гульнявая забаўляльная праграма «Навагодні дэтэктыў».

28 снежня ў 10.00 выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулка чакае ў госці фізкультурна-аздараўленчы цэнтр на промаакцыю «У рытме Новага года».

У гэты  ж дзень у 11.00 дабрачынная ёлка «Навагодняя мішура» для дзяцей-інвалідаў будзе ладзіцца ў ТЦСАН.

29 снежня ў 15.00 навагодняе свята «Адкрывае Новы год казачныя дзверы» запросіць выхаванцаў Обальскага сацыяльнага прытулка.

30 снежня ў 15.00 ранішнік «Па слядах Дзеда Мароза» пройдзе ў дзіцячым доме сямейнага тыпу.

Прымуць шумілінскія дзеці ўдзел у абласной і рэспубліканскай дабрачынных ёлках.

Да правядзення дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» далучацца грамадскія аб’яднанні, калектывы арганізацый і прадпрыемстваў. Паўдзельнічаць у акцыі можа кожны. Свята ў гэтыя чароўныя дні павінна прыйсці ў кожны дом і кожную сям’ю. Усе дзеці маюць патрэбу ў цеплыні, клопаце і любві. І ў сілах дарослых падарыць ім гэта.

Алена КАРПУШЭНКА.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *