Школьные новости: В Шумилинской СШ №1 пели и читали, а в Обольской СШ чистили берега реки

Новости Образование

“Гучыць раманс з журбою і святлом”
Заўжды вельмі цікава праходзіць тыдзень рускай літаратуры ў сярэдняй школе № 1 г. п. Шуміліна. Рыхтуюцца самыя розныя мерапрыемствы, якія абавязкова носяць і забаўляльны, і пазнавальны характар.
У мінулую сераду давялося завітаць на літаратурна-музычную вечарыну па тэме “Гучыць раманс з журбою і святлом”. Сцэнарый менавіта такой тэматыкі старшакласнікам прапанавала настаўніца рускай мовы і літаратуры Н. С. Інц. І трэба сказаць, выдатна  перадалі тэму і настрой, пазнаёмілі з асаблівасцямі раманса вучні 10 “Б”: Марыя Жукава, Аляксандр Самарукаў, Дар’я Чапурнова, Павел Барысаў, Алена Жыжова, Віялета Цімафеева, Уладзімір Чаранок.
Мяркую, безумоўна, не ўсім, але многім хлопцам і дзяўчатам цікава было даведацца, што радзімай рамансу лічыцца Іспанія, што твор напісаны на раманскай (іспанскай) мове  называлі некалі раманам. Пакладзены ж на музыку – ён станавіўся рамансам, які выконваўся сола,  пад гітару ці фартэпіяна. У Расіі гэты жанр паявіўся на пачатку XIX стагоддзя.
Музыкальную частку вечарыны ўдала падрыхтавала настаўніца музыкі і спеваў Н. В. Філіпава. Парадавалі жывым гукам, цудоўным выкананеннем рамансаў розных паэтаў і кампазітараў, творы якіх скараюць публіку не адно стагоддзе, старшакласніцы Анастасія Жарыкава, Анастасія Шавяка, Марыя Жукава.
Азнаямляльны экскурс па слядах раманса суправаджаўся музычным фонам, на экране з’яўляліся розныя вобразы.
Сёння нялёгка настаўнікам выхоўваць культуру ўспрымання класічнага твору ў літаратуры і музыцы, але такія мерапрыемствы дапамагаюць дзецям разабрацца, зразумець і палюбіць прыгожую і душэўную спадчыну.
“Які цуд, гэтыя кнігі!”
Не засталіся без цікавага свята ў тыдзень рускай літаратуры і вучні малодшых класаў СШ № 1.
Мерапрыемства “Які цуд, гэтыя кнігі!” падрыхтавалі шасцікласнікі – удзельнікі літаратурна-тэатральнага гуртка “Натхненне” пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Л. Б. Сілінай. Пачалося мерапрыемства  з паказу пазнавальнага фільма па гісторыі з’яўлення паперы і пачатку выкарыстоўвання яе для пісьма.
Асаблівую зацікаўленасць выклікала ў гледачоў театралізаваная пастаноўка, героі якой і ў вершах, і ў спевах знаёмілі хлопчыкаў і дзяўчынак з персанажамі дзіцячых твораў. Расказалі казачныя героі і аб тым, як берагчы кнігу, што самае важнае ў бібліятэцы. І, канешне, не абышлося без віктарыны па веданні казак і расказаў. Дзеці былі вельмі актыўнымі, бо за правільны адказ атрымлівалі жэтоны, а пры падвядзенні вынікаў – амаль сапраўдныя ордэны.
Пасля свята Кнігі прыемна ўразіла размова з чацвёртакласнікамі з кагорты гледачоў. Дзеці падзяліліся, што з задавальненнем глядзелі пастаноўку і ўдзельнічалі ў віктарыне, што ходзяць у бібліятэкі (і школьную, і гарадскія) і любяць чытаць. Прычым, кола іх інтарэсаў, як высветлілася, даволі шырокае: у ліку любімых – творы Пушкіна, Осцера, Андэрсена, Біянкі, Успенскага…
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Прыбраць бераг ракі Обаль
Тэрыторыя і двор Обальскай школы аформлены прадумана і з густам. І гэта заслуга ўсяго  калектыву адзначае дырэктар школы А. М. Штокін. Кожную вясну ў школе праводзіцца акцыя “Мой школьны двор”. Вучні адказваюць за навядзенне парадку на адведзенай тэрыторыі, робяць клумбы, саджаюць кветкі.
“Экалагічнае выхаванне вельмі важнае, – лічыць Аляксандр Мікалаевіч. – Той, хто пашкадаваў кветку, не пакрыўдзіў матылька, не зробіць нічога дрэннага і чалавеку”.
Чацвёрты год у Обальскай школе працуе гурток “Экалогія”.  Тут вучаць дзяцей разумнаму выкарыстанню вады, расказваюць пра карысць экалагічна чыстых прадуктаў, праводзяць розныя практычныя даследаванні.
“А зімой мы правялі акцыю “Дапамажы птушкам”, – расказвае кіраўнік гуртка Л. В. Захарава. – Супрацоўнічаем з арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Сёлета каля школы налічылі 46 варон, каля трыццаці зелянушак, тры сойкі, два каралькі. А вось снегіроў, на жаль, ніхто з дзяцей у студзені-лютым так і не ўбачыў”.
У красавіку ў школе запланаваны акцыі “Зялёны газон” і “Пасадзі дрэва”. Дарэчы, обальскія школьнікі мяркуюць пасадзіць вясной каля тысячы бярозак, рабінак і клёнаў. Самі вырошчваюць саджанцы каштанаў – іх больш за сотню пасадзілі на прышкольнай тэрыторыі восенню.
Кожную вясну школьнікі прыбіраюць на рацэ Обаль смецце і ламачча. Вось і сёлета, як толькі падсохне зямля, зноў стартуе акцыя “Чысты бераг”. Першачарговую ўвагу рабяты ўдзяляюць месцам, дзе адпачываюць самі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №25 ад 27.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *