В хозяйствах Шумилинского района ведут ремонт техники к посевной

Сельское хозяйство

Фарсіраваць рамонт тэхнікі

Зараз, калі яшчэ на палетках ляжыць снег, галоўны клопат аграрыяў  – падрыхтоўка тэхнікі да пасяўной. Па словах спецыялістаў райсельгасхарчу, аднымі з першых да работы прыступілі ў «Лаўжанскім».

Асноўная нагрузка падчас пасяўной кладзецца на энерганасычаныя трактары, таму пасля навагодніх святаў прыступілі да іх рамонту. «Чатыры энерганасычаныя трактары гатовы выехаць на палеткі, у аднаго МТЗ трэба рамантаваць гідрасістэму, на двух – рухавікі, – расказаў галоўны інжынер гаспадаркі Яўген Дзятлоўскі. – Яшчэ ў гаспадарцы ёсць 5 МТЗ-1221 і 17 МТЗ-82, палова з іх адрамантавана, трактары задзейнічаны кожны дзень на жывёлагадоўчых аб’ектах. На многіх з іх трэба мяняць шыны (адна каштуе больш за паўтары тысячы рублёў). Рухавік да МТЗ-3522 здалі на Віцебскі маторарамонтны завод, які абыдзецца прыкладна ў 15 тысяч рублёў».

Сталыя механізатары, якія помняць, як працавала «Сельгастэхніка», выказалі меркаванне, што нядрэнна б і зараз мець такое рамонтнае прадпрыемства – грошы заставаліся б ў раёне.

Механізатары «Лаўжанскага» праводзяць пярвічную дыягностыку тэхнікі, вызначаюць спіс неабходных дэталяў і дробным рамонтам займаюцца самастойна. Па магчымасці гаспадарка вы-дзяляе грошы на рамонт, але ўсё роўна чакаюць бюджэтных сродкаў, бо запчасткі каштуюць нятанна. Трэба закупляць для трактароў масла, фільтры, падшыпнікі.

РУМ для ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў, а таксама сеялка для падсеву траў у «Лаўжанскім» поўнасцю гатовы да работы. Прыступіць да падсеву траў мяркуюць ужо ў канцы лютага-пачатку сакавіка.

Механізатары пераглядаюць два пасяўныя агрэгаты і дзве зерневыя сеялкі – высяваючыя апараты трэба падрамантаваць, памяняць балты, падшыпнікі. Тое самае і з плугамі (іх чатыры) – патрабуюць рамонту долаты, лемяшы, адвалы, палявыя дошкі. Трэба вытачыць, падагнаць, падраўняць многія дэталі, і ў гэтым нязменнымі памочнікамі механізатараў з’яўляюцца зваршчык Яўген Копцеў і токар Яўген Ганчароў.

Засталі за работай маладога механізатара Уладзіслава Багданава (на здымку), які рамантаваў высяваючы апарат пасяўнога агрэгата. «Стараемся, для сябе робім, нам жа і працаваць з гэтай тэхнікай», – расказаў хлопец.

Акрамя «Лаўжанскага», вядзецца рамонт тэхнікі ў КУСГП «Ульскі». «У астатніх гаспадарках пакуль робіцца дробны рамонт, – расказаў намеснік начальніка райсельгасхарчу Раман Прасветаў. – У КУСГП «Сіроцінскі» і УП «Шумілінскі райаграсэрвіс», да работы яшчэ не прыступілі, рэкамендавана неадкладна фарсіраваць рамонт тэхнікі. Вясна не за гарамі».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *