Аграрные новости

Сельское хозяйство Экономика

Пабудаваны тэнтавы арачнік
Першыя тэнтавыя арачнікі для ўтрымання жывёлы з’явіліся некалькі гадоў таму ў Мінскай вобласці. Новая тэхналогія прыжылася, паступова гэту навінку пачалі ўкараняць і ў іншых абласцях, у тым ліку і ў Шумілінскім раёне. Першы тэнтавы арачнік узведзены ля фермы Рашэтнікі ААТ “Лаўжанскае”.
“Засталося зрабіць падлогу, устанавіць вароты, – кажа дырэктар акцыянернага таварыства В. М. Долгі. – А затым можна манціраваць і стойлавае абсталяванне. Пад дах плануем паставіць 150 кароў для запуску”.
Але гэта толькі палова задуманага. Справа ў тым, што побач распланавалі месца для яшчэ аднаго падобнага арачніка. “На днях прывязуць шпалы пад фундамент, тады і пачнём мантаж, – кажа прараб ААТ “Лаўжанскае” Сяргей Караткевіч. –  Даўжыня кожнага з арач-нікаў – 71 метр. Паміж імі будзе пабудавана гноесховішча. Побач размесцяцца дзве выгульныя пляцоўкі. Падлічылі, што такое будаўніцтва абыдзецца гаспадарцы больш як у чатыры мільярды рублёў”.
Гэта дорага. Каб хоць нейкім чынам будаўніцтва зрабіць таннейшым, гаспадарка адмовілася ад падрадных арганізацый. І ў час нашага прыезду ўнутры тэнтавага арачніка працавалі рабочыя будаўнічай брыгады.
Дарэчы, па падліках галоўнага бухгалтара акцыянернага таварыства Г. С. Мазанковай, будаўніцтва гаспадарчым спосабам зэканоміць прыкладна 80%. “А ўвогуле на першы арачнік затрацілі 510 мільёнаў уласных грошай гаспадаркі, – удакладняе Галіна Станіславаўна. – Прычым 360 мільёнаў з іх пайшло толькі на пакупку тэнта для арачніка”.
На тэрыторыі фермы Рашэтнікі пабудаваны і дзве новыя сіласныя траншэі, кожная з якіх можа змясціць дзве тысячы тон. Мець кармы пад рукамі зручна. Калі ўсё запланаванае пабудуецца, на ферме будзе  больш за пяцьсот галоў жывёлы. Прычым плануюць пашырыць дойны статак – у цагляны кароўнік паставяць 400 кароў.
“Толькі ў гэтым годзе запланавана пабудаваць падобныя арачнікі на фермах Брыцікі ў “Ульскім”, Заўсыска ў Мішневічах, Баёўка ў “Шумілінскім райаграсэрвісе” і на ферме Ляжні, – расказала першы намеснік начальніка райсельгасхарчу В. У. Лабейка. – Многіх непакоіць пытанне, а ці не замерзнуць каровы ў такіх арачніках. Не, падобныя пабудовы апраўдалі сябе  ў Верхнядзвінскім і Віцебскім раёнах. Адназначна можна сказаць, што жывёла ў такіх арачніках вытрымае 30-градусны мароз”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №70 ад 05.09.2012

Лён “выходзіць з-пад кантролю”?..
Ваколіцы вёскі Бубалі, што на Мікалаёўшчыне, у першы дзень восені жылі гоманам людзей і стракатасцю адзення. Сюды ў гэты павуцінна-цёплы вераснёўскі дзянёк прыехалі на льняны палетак гараджане, каб дапамагчы ва ўборцы лёну Шумілінскаму льнозаводу. З 8 гадзін раніцы закіпела праца. Побач з разасланымі стужкамі льнотрасты становяцца  работнікі Обальскага керамічнага і райвыканкама, падатковай інспекцыі і КБА, іншых арганізацый раёна – усяго 130 чалавек. На полі прадстаўнікі льнозавода – начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела завода Н. Я. Сцяпанава і майстар І. У. Карнілава. Яны расстаўляюць людзей на палетку,  расказваюць журналістам пра тое, якімі клопатамі жывуць сёння завадчане.
Нялёгка сёння акцыянернаму таварыству. Тыя 700 гектараў са льном, якія трэба спарадкаваць, ляжаць пакуль на калектыве вялікім цяжарам, бо ладная плошча  з ільном стаіць яшчэ нецярэбленай. Сёння існуе  думка, маўляў, трэба было ўсё ж пакінуць у раёне  льнасеючыя гаспадаркі. Праўда, і тады, і зараз без гараджан завод   не абыходзіцца.  Сёлетняя сітуацыя адметная ад мінулагодніх: пад шохамі на заводзе няма ніводнага рулона – увесь спарадкаваны лён ідзе прама ў цэх на перапрацоўку. Колькі сыравіны застанецца на зіму, да першых ураджаяў лёну наступнага года, кіраўніцтва льнозавода сказаць не бярэцца. Можа, давядзецца зноў закупляць сыравіну, напрыклад, у Талачыне, дзе льнозавод ліквідавалі.
Народная мудрасць гаворыць: лён любіць паклон. Але ж акрамя паклону важныя і іншыя фактары, у тым ліку і больш дакладная арганізацыя работ.

Мікалай МАРОЗ.
Шэсць тысяч тон здадзена
У гэтым годзе нашаму раёну даведзены дзяржзаказ харчовага зерня ў 6 тысяч 400 тон. І здаваць яго сёлета трэба не на Шумілінскі вытворчы ўчастак ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў”, а на Віцебскі КХП.
“Гаспадаркі нашага раёна здалі дзяржаве 2300 тон пшаніцы, 3500 тон жыта, па 100 тон ячменю і аўса, – расказала галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Святлана Талстая. – Зерне паступала якаснае, сухое і чыстае. Першымі ў раёне дзяржзаказ “закрылі” СФГ “Раднік”,  ААТ “Прыазёрны мір”, “АграБаравінка” і УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”.
Нашаму раёну засталося здаць 400 тон (такі даведзены план)  піваварнага ячменю. Яго сёлета вырошчвалі на палетках “Ульскага”, “Ляжнёў”, “Прыдзвінскага”, “АграБаравінкі”. Але пакуль на хлебапрыёмным прадпрыемстве шумілінскі ячмень не прынялі – ён не падыходзіць па якасці, таму зерне яшчэ будуць дапрацоўваць.
Даведзены дзяржзаказ і па здачы рапсу – 3400 тон. З ўраджаю азімага рапсу ў кошт дзяржзаказу здалі няшмат — усяго 757 тон, таму ўскладваюць вялікія надзеі на ўраджай яравога, які зараз убіраюць гаспадаркі раёна.
Лідзія РУМЯНЦАВА.

Падкарміць кожны гектар
Ва ўсіх сельгасгаспадарках прыступілі да сяўбы азімых зерневых – пшаніцы, трыцікале, жыта. А напярэдадні  добра ўгноілі глебу. “Пад азімую сяўбу ўнеслі  па 50 кілаграмаў фосфару на гектар у дзеючым рэчыве, – расказала рэдакцыі галоўны аграхімік Віцебскай абласной станцыі хімізацыі па Шумілінскім раёне Алеся Казлова. – Калійных угнаенняў унесена па 130 кілаграмаў. Гэта адпавядае нормам.”
На 1 верасня ў раёне пасеяна амаль 1,8 тысячы гектараў азімых зерневых. Мінеральнымі ўгнаеннямі падкормлена больш за тры тысячы гектараў палеткаў. Кожны дзень на палетках раёна працуюць каля дваццаці раскідвальнікаў мінеральных угнаенняў.
“На базе мінеральных угнаенняў ляжыць 292 тоны азотных угнаенняў, 424 калійных і 61 тона фосфарных”, – падсумавала А. Казлова. Тым не менш актыўна вывозяць тукі на склады сваіх гаспадарак далёка не ўсе. Практычна поўнасцю справіліся з гэтым у “Лаўжанскім”, вельмі добра арганізавана работа ў “Прыазёрным міры”. Дрэнна забіраюць тукі “Ляжні”, “Ульскі” і “Мішневічы”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №70 ад 05.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *