На заседании райисполкома — итоги социально-экономического развития района

Актуалии Президент Экономика

“Без інвестыцый няма руху наперад”
Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 9 месяцаў года былі падведзены на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое прайшло 21 кастрычніка ў вялікай зале Дома Саветаў. Удзел у пасяджэнні, якое правёў кіраўнік раёна В. А. Падляшчук, прыняў таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В. М. Байкоў.
Кіраўнік раёна з самага пачатку нацэліў прысутных гаварыць не пра тое, што зроблена і лёгка атрымліваецца, а пра недапрацоўкі, пра тое, чаго не хапае, дзе трэба прыкласці асаблівыя намаганні для выканання запланаванага як па выніках года, так і па выніках пяцігодкі ў цэлым.
Намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях эканомікі В. А. Байда прад’явіла прысутным дэталёвы аналіз эканамічнай сітуацыі ў раёне. Вольга Аляксандраўна вызначыла накірункі, у якіх трэба  працаваць прамысловым прадпрыемствам, каб на канец гэтага года канстатаваць выкананне хаця б большасці запланаваных параметраў.
Сённяшняя сітуацыя, калі з 13 параметраў выконваюцца толькі тры, ніяк не можа задаволіць. Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі за дзевяць месяцаў склаў 17 мільярдаў рублёў і павялічыўся на 26,5% (што адпавядае заданню), экспарт паслуг павялічыўся ў 8,8 раза, імпарт тавараў скараціўся на 33,6%. Але ў той жа час не выконваюцца паказчыкі па вытворчасці спажывецкіх тавараў (райбыткамбінатам, ОКЗ, льнозаводам), рознічным тавараабароце, платных паслугах насельніцтву, экспарце тавараў, імпарце паслуг, аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал, па будаўніцтву жылля, па валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, мэтавы паказчык па энергазберажэнні.
Праўда, па выніках пяцігодкі ўсе запланаваныя параметры, акрамя паказчыкаў па экспарце і вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, будуць выкананы – такі аптымістычны адказ дала В. А. Байда на адпаведнае пытанне кіраўніка раёна.
Каментарыі, якія давалі асобныя кіраўнікі прадпрыемстваў, каб выйсці з крытычнай сітуацыі, не задаволілі старшыню райвыканкама. Вальдэмар Антонавіч перакананы, што няўпэўнены маркетынг райспажыўтаварыства, боязь мадэрнізацыі Обальскім керамічным заводам, недастатковасць мерапрыемстваў па энергазберажэнні, нізкі ўзровень паслуг насельніцтву – усё гэта ніяк не на баку стабільнасці і прыбыткаў. Але ў той жа час не парадавала кіраўніка раёна і рэнтабельнасць у 18%, якую прад’явіла па выніках дзевяці месяцаў будаўнічае прадпрыемства ПМК-70. Прыбытак пры адсутнасці інвестыцый – нішто. “Калі не закупляецца сучасная тэхніка, не ствараюцца новыя рабочыя месцы (у той час, як будаўнічая галіна раёна мае патрэбу амаль у тысячы работніках), то куды ідзе прыбытак? – задае слушнае пытанне Вальдэмар Антонавіч. – Без інвестыцый няма руху наперад,” —  паставіў кропку кіраўнік раёна.
Не ўсе прадпрыемствы выкарыстоўваюць прадастаўленыя дзяржавай магчымасці для павышэння зарплаты. Напрыклад, сельская гаспадарка, дзе пажадана было б практыкаваць і натуральныя формы разлікаў з работнікамі. Прадпрыемствамі, у прыватнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркай, як мокрае гарыць, асвойваюцца інвестыцыі.
Кіраўнік раёна нацэліў ўсіх на работу ў высокім тэмпе. Інакш у сучасных умовах жыць не прыходзіцца.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Опубликовано в №83 от 26.10.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *