Шумилинский музей приглашает на выставку ёлочных ретро-игрушек

Культура Мир увлечений Новости

А заўтра – стары Новы год. «Калі запальваюцца ёлкі…»

У канцы снежня ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася некалькі выстаў, прысвечаных навагоднім святам.

Галоўнай, бясспрэчна,          стала выстава ёлачных цацак з калекцыі жыхаркі Віцебска Наталлі Кавалёвай, якая налічвае пяць тысяч навагодніх цацак і атрыбутаў. Зараз часткі калекцыі экспануюцца ў многіх гарадах Беларусі. У шумілінскім музеі прадстаўлена больш за 150 прадметаў, якія дазваляюць прасачыць не толькі гісторыю ёлачнай цацкі, але і гісторыю краіны ў цэлым.

Даведка ГП

Да рэвалюцыі 1917 года ёлку ўпрыгожвалі на Каляды фруктамі, цукеркамі, пернікамі, якія потым дзеці разбіралі на падарункі. З сярэ-дзіны XIX стагоддзя пачалі вырабляцца фігуркі анёлаў з ваты і пап’е-машэ, шкляныя шары, пацеркі, з фольгі – мішура. Пасля рэвалюцыі з-за антырэлігійнай барацьбы ёлка была пад забаронай, і толькі напярэдадні 1936 года яе адрадзілі як сімвал навагодніх святаў. Новую ёлку трэба было ўпрыгожваць па-новаму: замест каляднай васьміканцовай зоркі на вяршыню сталі ўмацоўваць пяціканцовую, адпаведная сімволіка была і на шарах.

Фигурки красноармейца в будёновке и космонатвов.

Ёлачныя цацкі не проста ўпрыгожвалі навагодняе дрэва, яны неслі ідэалагічны, патрыятычны, выхаваўчы і адукацыйны сэнс. Рабіліся фігуркі дырыжабляў і паветраных шароў, сялян, рабочых, спартсменаў, палярнікаў, на шарах былі партрэты дзеячаў партыі і дзяржавы. У гады Вялікай Айчыннай вайны на ёлцы з’явіліся танкі, самалёты, чырвонаармейцы.

Пасля вайны ёлачныя цацкі рабілі з падручных матэрыялаў – кардону, ваты, паперы (самыя старыя на выставе менавіта такія цацкі).

З мірным жыццём пачалі з’яўляцца казачныя героі, фігуркі дзяцей.

Часы праўлення Мікіты Хрушчова адзначаны пачаткамі кукурузы ўсіх колераў і памераў, а таксама рознай гародніны і садавіны. Асваенне космасу адгукнулася фігуркамі касманаўтаў, а таксама ракет і касмічных спадарожнікаў. Выйшаў на экраны кінафільм «Карнавальная ноч» – на ёлцы з’явіліся гадзіннікі «Без пяці хвілін апоўначы». Прайшоў Міжнародны фестываль моладзі – пачалі вырабляцца фігуркі ў нацыянальных касцюмах розных народаў…

Дирижабль и космонавты.

Час можна вызначыць нават па роспісах шароў – яны то аднатонныя, то з малюнкамі, то паласатыя. Так што існуе мода і на навагоднія цацкі.

Выставу калекцыянеркі цудоўна дапоўнілі цацкі, якія па закліку музея прынеслі шумілінцы. Сярод ёлачных упрыгажэнняў знайшлася і рэдкая фігурка чырвонаармейца ў будзёнаўцы з зоркай, і многія іншыя цікавыя цацкі.

Ёсць цацкі з гісторыяй. Так, самай старой з іх больш за 70 год. Невялікі бліскучы шарык так спадабаўся маленькаму хлопчыку, што ён прыхапіў яго з садаўскай ёлкі. Зразумела, дома бацькі вычыталі сына і прымусілі аднесці назад, у дзіцячы сад. Мудрая выхавальніца сказала: «Ніколі не рабі так больш. Але калі табе спадабаўся гэты шар, няхай ён застанецца табе на памяць». Жыхар Шуміліна захоўваў цацку цэлых сем дзясяткаў год…

Яшчэ адна цацка, якую прынесла ў музей жыхарка райцэнтра, аказалася «капсулай часу» – работнікі музея знайшлі ў ёй запіску з пажаданнямі на Новы год у далёкім дзяцінстве гаспадыні фігуркі. Навагоднім традыцыям загадваць жаданні, як бачым, таксама нямала год.

Навагоднюю атмасферу дапамагае ствараць выстава рэпрадукцый карцін расійскіх мастачак Алены Уваравай, якая прадстаўлена цудоўнымі ілюстрацыямі навагодняй тэматыкі, і Марыі Падвербнай, чые зімовыя гарадскія і вясковыя пейзажы надаюць пачуццё радасці і свята.

Так што на выставе старэйшае пакаленне можа панастальгіраваць па дзяцінстве, а моладзь – пазнаёміцца з рарытэтнымі ёлачнымі цацкамі. Абавязкова прыходзьце ў музей, выстава будзе працаваць да 31 студзеня.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *