Доска Почёта Шумилинского района. Андрей Искол из Района газоснабжения

Главное Общество Экономика

На раённую Дошку гонару занесена прозвішча Андрэя Іскола, слесара аварыйна-аднаўленчых работ Шумілінскага раёна газазабеспячэння.

У райгаз Андрэй Іскол прыйшоў 25 гадоў таму пасля тэрміновай вайсковай службы. «На работу ўладкаваўся выпадкова,  – расказвае Андрэй.  – Прапанавалі стаць слесарам – згадзіўся». Тады хлопец не думаў, што застанецца тут на дзесяцігоддзі.

Пасля вучобы на курсах у Віцебскім газінстытуце малады спецыяліст Андрэй Іскол прыступіў да работы. Як сам прызнаецца, яму пашчасціла, што яго напарнікам стаў вопытны Уладзімір Малахавіч Гарохаў. «Ён адразу ўзяў мяне пад сваю апеку, – кажа Андрэй. – Першая яго фраза «Газ патрабуе асцярожнасці і спакойных ўпэўненых дзеянняў» стала для мяне прафесійным законам». Андрэй Іскол і Уладзімір Гарохаў разам адпрацавалі каля 10 год, брыгада заўсёды спраўлялася на выдатна.

Чым займаецца слесар аварыйна-аднаўленчых работ Раёна газазабеспячэння? Як толькі ў дыспечарскую паступае паведамленне пра пах газу, брыгада адразу выязджае на месца, дзе ўстанаўлівае і ліквідуе прычыну ўцечкі. Слесары правяраюць стан газавага абсталявання і ўстанаўліваюць новае, праводзяць прафілактычныя гутаркі.

Апошнія восем год Андрэй працуе на пару з цёзкам –Андрэем Сухаравым. Склаўся зладжаны і спрацаваны дуэт. Гэта ў рабоце слесараў аварыйна-аднаўленчых работ вельмі важна. Брыгада шмат разоў удзельнічала у аглядах-конкурсах. І шумілінцам ёсць чым пахваліцца: летась, напрыклад, выйшлі ў фінал абласнога конкурсу, дзе занялі чацвёртаемесца, прапусціўшы наперад толькі каманды з Віцебска, Оршы і Полацка.

За чвэрць стагоддзя значна змянілася газавае абсталяванне, з’явіліся новыя электронныя прыборы і апараты, толькі вось за гэты час прынцыпы работы Андрэя Іскола засталіся ранейшымі – адказнасць, сумленнасць, прафесійнае выкананне задач.

Андрэй Іскол падзяліўся, што апошнім часам у іх сям’і з’явілася новая традыцыя. «Штовечар мы з жонкай і дачкой Дашай абавязкова глядзім «Віцебскі веснік», –кажа мужчына. –Чакаем новыя рэпартажы сына Сяргея, які працуе карэспандэнтам на абласным тэлебачанні».

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *