Совещание в райисполкоме: любое дело начинается с дисциплины

Актуалии Президент

З дысцыпліны пачынаецца любая справа
Учора ў райвыканкаме кіраўнік раёна У. П. Куранны правёў пашыраную нараду, на якую былі запрошаны кіраўнікі шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
На старце красавіка былі найперш абмеркаваны вынікі работы раёна за студзень-сакавік. Пакуль што гэтыя вынікі не могуць задаволіць. І патрабаванні старшыні райвыканкама застаюцца ранейшыя: забяспечыць рост вытворчасці на 200%. Гэта задача для прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю і для ўсіх іншых сфер.
Ад выканання гэтай задачы залежыць фарміраванне раённага бюджэту, а значыць, і рашэнне многіх сацыяльных праграм, пытанняў добраўпарадкавання. Дарэчы, тэме навядзення парадку ў Шуміліне і ва ўсім раёне Уладзімір Пятровіч надаў самую пільную ўвагу. У гэтай справе не павінна быць пабочных назіральнікаў, кожны работнік павінен быць у адказе за парадак на сваім рабочым месцы, за добраўпарадкаванне тэрыторыі, кожны жыхар павінен старацца зрабіць свой дом і падворак узорам парадку і прыгажосці.
На нарадзе быў зроблены аналіз выканання даручэнняў старшыні райвыканкама. Размова ішла пра выканаўчую дысцыпліну асобных кіраўнікоў. З дакладной запіскі ўпраўлення справамі райвыканкама, падрыхтаванай на імя старшыні райвыканкама У. П. Кураннога, вынікае, што многія кіраўнікі не выконваюць у час, а то і проста ігнаруюць, даручэнні кіраўніка раёна, дадзеныя ім у ходзе рабочых нарад і пасяджэнняў райвыканкама.
Так, кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў была пастаўлена задача закупіць па тры тоны канюшыны. Але ўсе разам гаспадаркі закупілі толькі 22,9 тоны насення, прычым, не канюшыны, а сумесі шматгадовых траў. Не выконваецца многімі сельгаспрадпрыемствамі заданне і па перадачы трактароў, прычэпаў і навяснога абсталявання (плугоў, касілак) у падраздзяленні УП ЖКГ раёна для арганізацыі работ па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і аказання платных паслуг насельніцтву. Праігнараваў даручэнні кіраўніка раёна – устанавіць камеру відэаназірання на чыгуначным вакзале і забяспечыць навядзенне парадку на станцыі і прывакзальнай тэрыторыі – начальнік чыгуначнай станцыі г. п. Шуміліна А. В. Атрошчанка. Кіраўніком спраў райвыканкама С. Д. Белагаловым былі адзначаны і іншыя прыклады.
Між тым, з дысцыпліны пачынаецца любая справа, любая вытворчасць. А з гэтым, як высветлілася, праблем яшчэ хапае.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №27 ад 03.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *