Ольга Бородюля вспоминает про шлёпики, снапы и праники

85 лет Витебской области Людзі і лёсы

2 сакавіка жыхарка вёскі Андрэева Мікалаеўскага сельсавета Вольга Станіславаўна Барадзюля адсвяткавала 85-гадовы юбілей.

Вольга Барадзюля ганарыцца, што з’яўляецца равесніцай Віцебскай вобласці, бо «разам раслі, распраўлялі плечы і сталелі». Якім раней жыццё было на ўсёй Віцебшчыне, Вольга Станіславаўна не ведае. Але расказаць пра маленькую частку вобласці – Мікалаеўскі сельсавет нашага раёна – ахвотна згадзілася (на здымку злева).

Вольга Барадзюля добра помніць пасляваенную вёску Андрэева, дзе нарадзілася і практычна пражыла ўсё жыццё. Многія хаты захаваліся з даваеннага часу. І сям’і Вольгі пашанцавала – яе бацька Станіслаў Фёдаравіч Шэдзько вярнуўся з фронту. Запомнілася з дзяцінства і беднасць вяскоўцаў. Бывалі дні, калі і есці не было чаго. Дзеці і дарослыя бегалі на поле збіраць шлёпікі – так называлі гнілую перазімавалую бульбу, якую здрабнялі, дабаўлялі ў мякіну і пяклі аладкі. Ясі іх, а на зубах скрыпіць, і ў роце колецца ад мякіны. Затое сапраўдным шчасцем для дзяцей было, калі бацька, які працаваў у Уле ў цырульні, прыносіў дадому булку хлеба. Вольга з братам брала па кавалачку з сабой у школу на абед – духмяны пах стаяў на ўвесь клас.

У мясцовым калгасе ў Андрэеве кожны год вырошчвалі лён. Абмалот льнонасення быў справай агульнай для ўсіх вяскоўцаў – снапы развозілі па хатах. Вольга Станіславаўна помніць, як разам з маці абмалочвала іх уручную, кладучы на калодкі і б’ючы зверху драўняным “пранікам”, каб атрымаць насенне.

«У пачатку 50-х гадоў у Андрэеве налічвалася каля дзевяно-ста падворкаў, – ўспамінае юбіляр. – У вёсцы працавала пачатко-вая школа, былі пабудаваны дзве фермы: адна для авечак, дру-гая – для кароў, дзе ўсё жыццё працавала мая маці. Мікалаеўскі сельвыканкам быў размешчаны таксама ў Андрэеве ў звычайнай хаце. Я закончыла курсы бухгалтараў і працавала начальнікам ва-енна-ўліковага стала ў сельвыканкаме. На той час па сельсавеце было многа ваеннаабавязаных. Помніцца, на тэрміновую службу праводзілі за год да паўсотні хлопцаў. Калі вярталіся дадому, то заставаліся тут жыць і працаваць. Бралі ў Савеце даведку, што маюць намер пабудаваць хату, ішлі ў лясніцтва, якое размяшчалася ў суседняй вёсцы Забар’е, з просьбай “выпісаць” будматэрыялы».

Вольга Станіславаўна часова падмяняла даярак на ферме ў Андрэеве, калі тыя ішлі ў водпуск. Ведала ўсю сялянскую работу, бо сям’я трымала вялікую гаспадарку. Карміцелькай на падвор-ку была карова, яе ў цяжкія пасляваенныя гады выкарыстоўвалі і не па прызначэнні: запрагалі ў плуг і аралі палеткі. А каб узараць зямлю на градкі ля хаты, дык і ўвогуле плуг цягалі самі жанчыны. Так што сёння жыццё шчаслівае, зрабіла вывад В. С. Барадзюля. Толькі трэба старацца шчыра працаваць на дабрабыт сям’і, раёна, вобласці і краіны ў цэлым.

Ларыса ЗАЙЦАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *