Народный театр «Буфф» порадовал зрителей новым спектаклем и подтвердил своё звание

Культура Новости

Жарты, розыгрышы, прыколы

Дзень тэатра адзначылі ў Шумілінскім раённым  Цэнтры культуры з гумарам.

27 сакавіка ва ўсім свеце адзначаецца Дзень тэатра, і вядома ж, лепшы спосаб адсвяткаваць гэты дзень – паглядзець спектакль і акунуцца ў атмасферу творчасці і сцэнічнага чараўніцтва. Шумілінскі раённы цэнтр культуры даў магчымасць атрымаць асалоду ад тэатральнага мастацтва: артысты народнага тэатра мініяцюр «Буфф» (рэжысёр Марыя Забэла) падрыхтавалі гумарыстычную праграму «5 кадраў сямейнага жыцця» і паказалі на сцэне вясёлую і забіяцкую пастаноўку з пяці сцэн.

Жарты, розыгрышы, прыколы не пакінулі гледачоў абыякавымі – усе ад душы пасмяяліся. І ў гэтым заслуга мастакоў-пастаноўшчыкаў тэатра Аляксея Цімафеева і Таццяны Багданавай. Менавіта яны прыдумалі цікавую падачу, запісвалі відэаролікі вядучых, займаліся падборам акцёраў і рэпертуару. Пастаноўка атрымалася яскравай і відовішчнай!

Выдатна згулялі ўсе акцёры, цалкам ужыліся ў ролі сваіх персанажаў, а яркія сцэнічныя касцюмы дапоўнілі створаныя мастацкія вобразы артыстаў тэатра. Вядучыя святочнага выпуску ШумРай-ТВ канала Алена Навасная (Алена Зуева) і Георгій Прыплятайла (Георгій Нуждзін) распавялі міжраённыя навіны. Гледачы любаваліся цудоўнай гульнёй Дар’і Сцяпанавай і Андрэя Трафімава, Вольгі Барабанавай і Міхаіла Корзана, Ганны Каламіец, Ілоны Карнілавай і Крысціны Бурлаковай. Паспяхова дэбютаваў на сцэне Дзмітрый Галуза (Шумілінскі лясгас). Радуе, што ў трупе тэатра шмат маладых акцёраў.

Натхняльным прыкладам для іх служаць ветэраны сцэны. Аляксей Гарэленкоў, напрыклад, пасля доўгага перапынку зноў вярнуўся на сцэну. Вобраз жанчыны ў яго выкананні прыйшоўся гледачам па душы: гучны смех і крыкі «Брава!» таму пацвярджэнне.

Словы падзякі калектыву народнага тэатра за станоўчыя эмоцыі гучалі пасля прагляду – імі абменьваліся гледачы. Дарэчы, раз на тры гады народныя калектывы пацвярджаюць свае званні. Гэтым гумарыстычным выступленнем тэатр мініяцюр «Буфф» паспяхова пацвердзіў званне народнага.

Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *