Шчыра і дружна – на комплексе
Тры пакаленні сям’і Салаўёвых-Галузаў з Мікіціхі працуюць на жывёлагадоўчым комплексе СУП «Лаўжанскае».
Самы старэйшы ў сям’і – Іван Іванавіч Салаўёў – раней рупіўся ў мясцовай гаспадарцы на трактары і камбайне. Цяпер ён начны вартаўнік першага і другога перыяду, сочыць за парадкам на комплексе і ахоўвае яго. Дачка Галіна працавала на комплексе аператарам першага перыяду каля дзесяці гадоў, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску (яна маці чацвярых дзяцей). Юрый, муж Галіны, увогуле на комплексе амаль тры дзясяткі гадоў. Ён начны аператар трэцяга перыяду, корміць і даглядае жывёлу. Амаль год таму на дапамогу старэйшым членам сям’і прыйшоў працаваць на комплекс Уладзіслаў, сын Галіны. Ён вывучыўся на зборшчыка абутку, працаваў на «Чырвоным Кастрычніку» ў Віцебску, але вырашыў вярнуцца на радзіму. Тут і жыццё больш таннае (не трэба плаціць за інтэрнат ці здымаць кватэру), ды і заробак начнога аператара аказаўся большым, чым у абутніка. Вось так і працуюць тры пакаленні на жывёлагадоўчым комплексе – шчыра і дружна, рупліва і адказна.

