Актуальное интервью.Олег Быков, заместитель председателя райисполкома6 «отступать от наведения порядка не собираемся»

Актуалии Президент

О. П. Быков

«Тым не менш, будуем»
Алег Пятровіч Быкаў на пасадзе намесніка старшыні райвыканкама працуе  са жніўня мінулага года. У галіне будаўніцтва, якую ён курыруе ў раёне,- не навічок. У свой час узначальваў галоўную будаўнічую арганізацыю раёна ПМК-70.
Успамінаецца інтэрв’ю з Алегам Пятровічам, якое раённая газета змясціла амаль год таму (12 красавіка), у ім дырэктар ПМК-70 адзначае, што ўпершыню за апошнія 15 год будаўнічая арганізацыя ўзводзіць так многа шматкватэрнага жылля. Сапраўды, у 2010 годзе, калі ў раёне было здадзена 10 тысяч метраў квадратных жылля, ПМК-70 перадала навасёлам тры шматкватэрныя дамы. Гэта быў росквіт будаўніцтва. А ў красавіку мінулага года будаўнічая галіна, як і ўвесь вытворчы комплекс краіны, стаяла на парозе крызісу…
– Пяць тысяч метраў квадратных жылля – такое заданне мае раён на гэты год, — расказвае А. П. Быкаў, — і ўлічваючы складанасці часу, выканаць яго будзе вельмі няпроста. Тым не менш, мы узводзім 40-кватэрны дом у раёне СШ № 2 (хаця сённяшнія тэмпы работ ПМК-70 ніяк не могуць задаволіць), будуем 3 прысядзібныя аднакватэрныя домікі ў Кардоне, 2 – у Крывым Сяле, 1 – у Амбросавічах. Ідзе распрацоўка праекта па будаўніцтву 12-кватэрнага дома для работнікаў торфапрадпрыемства ў Обалі, фарміруем новы жыллёва-будаўнічы кааператыў у тым жа мікрараёне СШ № 2. Пасля фарміравання кааператыў будзе ўключаны ў абласны рэестр фінансавання, але гэты ЖБК бу-дзе пераходным.
– Але ж нельга не заўважыць разгортвання будаўніча-рамонтных работ у сацыяльна-вытворчай сферы. Не трэба быць вялікім эканамістам, каб зразумець, што сённяшнія работы ніяк не ўкладваюцца ў запланаваныя ўчора выдаткі. Алег Пятровіч, як рашаюцца гэты праблемы? Дзе могуць спадзявацца на завяршэнне работ і наваселле?
– Скажам прама, у будаўніцтве ніколі не было лёгка, і ў кожнага часу ёсць свае патрабаванні, свае залежнасці – ад фінансавання, ад сціслых тэрмінаў, ад наяўнасці і кваліфікацыі спецыялістаў, нават ад надвор’я. Тым не менш, будуем. Працягваецца рэканструкцыя малочнатаварнай фермы Язвіна (ААТ “АграБаравінка”), капітальны рамонт з мадэрнізацыяй  разгортваем на фермах Ляжні (ААТ “Ляжні”), Свярдлы (“Прыдзвінскі”), Мосарава (“Сіроцінскі”), Брыцікі (“Ульскі”), Заўсыска (“Мішневічы”), Баёўка і Светласельская (УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”). Апроч таго, завяршаем будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу ў Амбросавічах на 600 галоў.
– Зразумела, што такі аб’ём работ раён “не выцягне” самастойна. Існуе абласная праграма рэканструкцыі жывёлагадоўчых аб’ектаў з адпаведным фінансаваннем. На якія грошы можа разлічваць наш раён?
– З вобласці на капітальны рамонт ферм Шумілінскаму раёну выдзелена 1 мільярд 960 мільёнаў рублёў, з раённага пакуль што – 517 мільёнаў, плюс уласныя сродкі гаспадарак і крэдыты. Так, толькі на амбросавіцкі комплекс выдзелена 4 мільярды рублёў крэдытных рэсурсаў.
– Лічбы ўражваюць, хаця простым розумам гэтыя мільярды цяжка ўявіць. Але ж гэта не азначае, што будуць згорнуты распачатыя рамонтныя работы ў сацыяльнай сферы – па цэнтральнай бальніцы, СШ № 1, школе мастацтваў?..
– Безумоўна. У кожнай галіновай праграмы сваё фінансаванне. Хаця, не сакрэт: вырашаць фінансавае забеспячэнне запланаваных работ вельмі складана. Так, на мадэрнізацыю даха цэнтральнай раённай бальніцы, які, безумоўна, вельмі неабходны, мы маем з усіх крыніц фінансавання 740 мільёнаў рублёў, яшчэ патрэбна 1 мільярд 250 мільёнаў. Па 500 мільёнаў выдзелена на мадэрнізацыю будынкаў СШ № 1 і школы мастацтваў. Гэтых грошай таксама не хопіць для поўнага завяршэння. Для школы мастацтваў, напрыклад, спатрэбіцца яшчэ 400 мільёнаў, тым не менш, мы маем цвёрды намер здаць гэты аб’ект да 1 верасня. Не адмаўляемся і ад ідэі рэканструкцыі фізкультурна-аздараўленчага комплексу з трэнажорнымі заламі і басейнам. Зараз рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя. Безумоўна, гэты аб’ект будзе пераходным, але пачатак у гэтым годзе будзе зроблены абавязкова.
“АДСТУПАЦЬ АД НАВЯДЗЕННЯ ПАРАДКУ НЕ ЗБІРАЕМСЯ”
А. П. Быкаў з пачатку 2012 года ўзначаліў і раённы штаб па добраўпарадкаванні. Гэта лагічна, бо будаўніцтва і навядзенне парадку – як родныя сёстры ці браты, як хочаце. На пачатку красавіка – месяца самых актыўных работ па добраўпарадкаванні – гэта тэма асабліва актуальная.
– А з чаго вы як начальнік раённага штаба па добраўпарадкаванні пачыналі сваю работу, – пытаюся ў Алега Пятровіча.
– З распрацоўкі раённай праграмы добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў Шумілінскага раёна на 2012-2015 гады, якая была прынята на сесіі раённага Савета дэпутатаў. Раённая праграма добраўпарадкавання шматгранная, у ёй прадугледжаны, напрыклад, знос старых лядашчых пабудоў, мерапрыемствы па праграме “Чыстыя палеткі”, прыцягненне ў сельскагаспадарчы абарот зямель, ачыстка меліярацыйных каналаў, рамонт дарог, пад’ездаў да грамадзянскіх могілак, да месцаў адпачынку, рамонт прыпынкаў, фасадаў будынкаў, будаўніцтва малых архітэктурных форм, агароджаў, вулічнае асвятленне, рамонт шахтавых калодзежаў, водаразборных калонак, уладкаванне дзіцячых гульнявых і спартыўных пляцовак, знос аварыйных дрэў у населеных пунктах і на могілках і шмат чаго іншага.
– У адным інтэрв’ю мы не зможам ахапіць усе акрэсленыя накірункі, таму спынімся на некаторых момантах. Напрыклад, у сувязі з тым, што старшыня райвыканкама У. П. Куранны заявіў, што ў Шуміліне штогод будзе капітальна адрамантавана па тры вуліцы, жыхароў райцэнтра хвалюе, якія вуліцы будуць адрамантаваны сёлета?
– Жыхары Шуміліна ўжо бачаць, што распачаліся работы на вуліцы Ленінскай. На ўчастку ад райспажыўтаварыства да СШ №1 будзе пакладзены асфальт, адрамантаваны тратуары. На гэтай жа вуліцы ад школы мастацтваў да «Вітконпрадукта» ўстановім новую агароджу. Будзе адрамантавана вуліца Кароткіна. Тут капітальны рамонт зробім на асобных участках. Завершацца рамонтныя работы і на вуліцы Посахава.
Акрамя гэтага, плануем зрабіць тратуары па вуліцы Валадарскага (ад райспажыўтаварыства да вуліцы Сіпко) і на вуліцы Маладзёжнай (ад вуліцы Сіпко да СШ № 2), паставіць на вуліцы Сіпко (да чыгункі) жалезабетонную агароджу. Разумеем, што ўвагі заслугоўваюць і многія іншыя вуліцы, але ў бюджэце на рамонт вуліц ёсць толькі 1 мільярд рублёў. З гэтага і зыходзім.
– Жыльцоў старых шматпавярховак вельмі хвалюе пытанне капітальнага рамонту жылога фонду. Якога парадку прытрымліваецца ў гэтым накірунку раённы штаб па добраўпарадкаванню, у якія дамы сёлета прыйдзе капрамонт?
– Сёлета будзе завершаны капітальны рамонт дома № 1 па вуліцы Светласельскай у Шуміліне, дома № 2 па вуліцы Саркісянца ў Мішкавічах. Вялікі аб’ем работ плануем зрабіць у Обалі: капітальны рамонт дамоў №№  3 і 23 па вуліцы Зяньковай, на гэтай жа вуліцы плануем пачаць рамонт дома № 17, на вуліцы Першамайскай – капітальны рамонт даху дома № 17. Апроч таго, за кошт адлічэнняў на капітальны рамонт плануем сёлета перавесці на пакватэрнае газавае  забеспячэнне з аптымізацыяй сістэмы цеплаводазабеспячэння дом №  98 па вуліцы Сіпко і дом №  4 па вуліцы Маладзёжнай у райцэнтры. Па капітальным рамонце ўжо асвоена 628 мільёнаў рублёў, яшчэ выдзелена 1 мільярд 100 мільёнаў.
– У мінулым годзе наша газета расказвала сваім чытачам пра праграму “Двары”, дзе былі ўказаны канкрэтныя адрасы. Але многія не дачакаліся жаданага рамонту. Гэтае пытанне ўжо знятае з парадку дня ці неяк будзе рашацца?
– Ніхто праграму “Двары” не адмяняў, але ў сувязі з недахопам фінансавання мы вымушаны яе карэкціраваць, пераносіць работы па некаторых аб’ектах на больш позні тэрмін. У гэтым годзе плануем рамонт (з асфальтавым пакрыццём) дваровай тэрыторыі дома № 2 па вуліцы Шумілінскай, дома № 11 па вуліцы Кароткіна, дома № 47 па вуліцы Юбілейнай. Планіроўка з падсыпкай шчэбенем і гравіем запланавана на дваровых тэрыторыях па вуліцы Дубасарскага ў Шуміліне.
– Безумоўна, кожнаму з нас хацелася б жыць у прыгожым доме з дагледжанай тэрыторыяй, хадзіць па зручных вуліцах. Але гэта мара, рэаліі ж падчас бываюць іншыя. Напэўна, як адзін з самых яскравых прыкладаў, можна назваць тэрыторыю “баракаў” паміж вуліцамі Сіпко і Кароткіна. Лядашчыя пахілыя дрывотні,  бруд і неахайнасць – хіба такое павінна быць у самым цэнтры Шуміліна? А паўразваленыя жылыя хібары па вуліцах Валадарскага, Ленінскай (насупраць універмага), па іншых вуліцах Шуміліна і населеных пунктах раёна? Што з усім гэтым рабіць?
– Усё гэта трэба прыбіраць, згодна з заканадаўствам і раённымі правіламі добраўпарадкавання прымушаць уласнікаў, калі апошніх няма ці яны не прымаюць меры, будзем зносіць пабудовы. Так было прынята рашэнне па зносу старога дома па вуліцы Піянерскай (каля адміністрацыйнага будынка УП ЖКГ), будынка былой статыстыкі па вуліцы Луначарскага, зараз ідуць работы па зносу струхнелага дома, які перашкаджае пракладцы тратуара, па вуліцы Валадарскага, на чарзе – упамянутыя вамі дашчанікі на скрыжаванні вуліц Кароткіна і Сіпко, іншыя аб’екты. Усё гэта патрабуе часу, дасканалага вывучэння сітуацыі па кожным аб’екце, карпатлівай работы юрыстаў. Але адступаць ад навядзення парадку мы не збіраемся.
– Звернемся да месяца красавіка і да задач, якія ён ставіць перад усімі намі…
– Сапраўды, красавік закладвае падмурак добраўпарадкавання, і ад таго, ці трывалым і ці прыгожым будзе гэты падмурак, залежыць выгляд усяго нашага агульнага дома. Таму традыцыйна красавік аб’яўлены месячнікам навядзення парадку ў раёне. У дадатак, у красавіку нас чакаюць суботнікі – рэспубліканскі, абласны і раённы. Старшынёй райвыканкама дадаткова прынята распараджэнне, якое абавязвае прадпрыемствы і арганізацыі штодзённа з 15.00 займацца добраўпарадкаваннем уласных і замацаваных тэрыторый. Нам вельмі многа трэба зрабіць па навядзенню парадку на роднай зямлі.
Інтэрв’ю падрыхтавала
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №29 ад 10.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *