Где в Шумилино отремонтировать автомобиль?

Общество Экономика

Парайце, дзе ў Шуміліне можна адрамантаваць паліўную сістэму іншамаркі, пытаюся ў знаёмых вадзіцеляў. “Пад’едзьце ў гаражы, спытайцеся Колю ці Дзіму, – чую ў адказ. – Можа, і дапамогуць”.
Але ж не хочацца спадзявацца на гэта “можа”, хочацца дакладна ведаць, што табе дапамогуць. І, прычым, зробяць не абы як, а якасна, каб атрымаць гарантыі спецыялістаў.
У райцэнтры зарэгістраваны толькі два індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца рамонтам аўтамабіляў, паведамілі нам у падатковай інспекцыі. Ды і то больш тут аказваюць паслугі толькі па шынамантажы ці па дробным рамонце. А калі сур’ёзная паломка – калі ласка, на станцыю тэхабслугоўвання ў абласны цэнтр.
За апошнія два гады ў падатковую звярталіся чатыры чалавекі, якія хацелі адкрыць сваю ўласную справу па рамонце аўтамабіляў, – расказвае начальнік аддзела падаткаабкладання фізічных асоб інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Шумілінскім раёне А. В. Ільінец. – Але ж па шэрагу прычын людзям не ўдалося стаць прадпрымальнікамі. Напрыклад, не знайшлося прыдатнага месца, а некаторым і банкі адмовілі ў крэдытах для пакупкі неабходнага абсталявання”.
Між іншым, на адкрыццё прадпрымальніцкай дзейнасці беспрацоўным субсідыю прадастаўляе ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Але ж, па словах галоўнага спецыяліста гэтага ўпраўлення В. І. Лакціёнавай, за апошнія два гады не было жадаючых адкрыць у раёне станцыю тэхнічнага абслугоўвання.
Вось і атрымліваецца, што адрамантаваць аўтамабіль у Шуміліне – гэта праблема. Таму і едуць шумі-лінскія вадзіцелі рамантаваць свае легкавушкі ў Віцебск ці Полацк, ці да “ Колі і Дзімы” ў гаражы. Дарэчы, за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць пагражае адміністрацыйная адказнасць і штраф памерам да дзесяці мільёнаў рублёў, нагадваюць спецыялісты падатковай інспекцыі. Пры гэтым па рашэнні суда можа быць канфіскаваны даход незаконнага прадпрымальніка і нават гараж.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №31 ад 17.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *