Олимпийские надежды Шумилинщины

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

Галоўныя перамогі наперадзе
Глядзіш на гэтую хударлявую дзяўчыну і неяк не верыш, што за ёй  які год запар назіраюць вядучыя біятлонныя спецыялісты краіны, якія адзначаюць вялікую адоранасць юнай спартсменкі. Але, пабачыўшы Ганну Сола на спаборніцтвах, адразу зачароўваешся: бег роўны, дакладны, прыгожы, у позірку бачыцца сапраўдная спартыўная прага перамогі.
Першай на спартыўную адоранасць дзяўчынкі звярнула ўвагу настаўніца фізічнай культуры Язвінскай школы А. У. Караленка. “З такімі як Ганна працаваць проста казка, з ёй можна дасягнуць самых вялікіх спартыўных поспехаў, – дзеліцца Антаніна Уладзіміраўна, – адным словам, шанцуе тым настаўнікам, у якіх ёсць такія вучні”. Антаніна Караленка ўсяляк падтрымлівала сваю “зорачку” і разам з гэтым патрабавала сур’ёзных вынікаў. Сёння дзяўчына прызнаецца, што ёй пашанцавала з настаўнікам фізкультуры: “Першая сур’ёзная перамога – не мая, а толькі Антаніны Уладзіміраўны”.
І Аня пастаянна пачала ўдзельнічаць і ў большасці выпадкаў  перамагаць на раённых спаборніцтвах. Менавіта на традыцыйным лёгкаатлетычным кросе на прызы газеты “Герой працы” дзяўчынку заўважыў трэнер па біятлоне Генадзь Салапаеў.
“Гады тры назад пасля перамогі на раённым лёгкаатлетычным кросе да мяне падышоў Генадзь Мікалаевіч і прапанаваў паспрабаваць сябе ў біятлоне, – успамінае Аня, – згадзілася…”
Магчыма, на яе выбар паўплывала знакамітая зямлячка Ала Талкач, якая на той час пачала сваё юніёрскае ўзыходжанне. Біятлон далёка не самы лёгкі від спорту, але цяжкасці не спынялі Ганну, яна яшчэ з большай упартасцю ішла да сваёй мэты.
Аня добра памятае свой першы старт у біятлоне. Як сама прызнаецца, хацелася аднаго – не падвесці трэнера, каб яму не было сорамна… А словы Генадзя Мікалаевіча пасля фінішу Ганна запоўніла на ўсю жыццё: “Малайчына! Так трымаць! У цябе ўсё атрымаецца!”
І атрымліваецца. Неўзабаве і першы медаль з’явіўся. Яе называюць самай перспектыўнай біятланісткай свайго ўзросту. У медальнай калекцыі ужо 10 медалёў рэспубліканскіх чэмпіянатаў. Сёлета і летась яна станавілася сярэбраным і бронзавым прызёрам па біятлоне і па летнім біятлоне.
“Галоўныя перамогі Сола наперадзе, – упэўнены Генадзь  Салапаеў, – для гэтага ў яе ёсць усё: прыродныя задаткі, працалюбівасць, жаданне расці”. Сёлетняе лета стала для спартсменкі адметным – яе ўпершыню запрасілі на зборы ў Раўбічы, дзе яна па-сапраўднаму адчула, што такое прафесійны спорт. І гэта Ганне вельмі прыйшлося даспадобы.
У бліжэйшым будучым чакаюцца новыя перспектывы: з верасня яна будзе вучыцца ў Наваполацку у спецыялізаванай школе алімпійскага рэзерву. Спартыўная кар’ера Ганны Сола толькі пачынаецца …
Автор Александр ШЕДЬКО.
Опубликовано в №63 от 17.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *