4 июня — День мелиоратора

Новости Экономика

Галоўны клопат – паляпшаць урадлівасць палеткаў

Брыгада па тэхнічным доглядзе ПМК‑70, якая выконвае літаральна ўсе віды меліярацыйных работ на тэрыторыі раёна, адзначае ў першую нядзелю чэрвеня сваё прафесійнае свята.

«Паколькі майстар брыгады Раман Кірпічэнка знаходзіцца на ваенных зборах, я часова яго падмяняю, – кажа Валянціна Спірыдава, меліяратар з саракагадовым стажам. – З лютага распачалі работу па выдаленні кустоў на каналах, працавалі ў Грудзінаве, Ізгародзішчы, Мішкавічах, Крыцкіх, Маргах, Ляжнях. У маі пачалі падчыстку каналаў ад заілення».

Едзем на меліярацыйны аб’ект сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае» ў Мазурына, дзе працуюць бульдазерыст Мікалай Барысаў і экскаватаршчык Андрэй Галуза (на здымку). За рабочы дзень Андрэй вычышчае на экскаватары амаль 800 метраў каналаў. Пасля іх умяшання яны становяцца глыбокімі, чыстымі, з вадой. Андрэй працуе на экскаватары нядаўна, але добра засвоіў навуку, і ў яго атрымліваецца выдатна. Яго калега Мікалай Барысаў – меліяратар больш як з трыццацігадовым стажам. Раней працаваў у ПМС, зараз – у брыгадзе па тэхнічным доглядзе. Яму не трэба паказваць, як і што рабіць: прафесійна разраўнівае кавальеры, зразае броўку, робіць планіроўку плошчаў палеткаў.

Усяго ў брыгадзе па тэхдоглядзе працуе 19 чалавек. Большасць з іх занята на высечцы кустоўя, на днях прыступілі да абкошвання каналаў, у планах – культурна-тэхнічныя работы, рамонт гідратэхнічных збудаванняў. Сваёй працай меліяратары павышаюць урадлівасць сельскагаспадарчых земляў, ствараюць камфортныя ўмовы для работы тэхнікі.

«На гэты год на меліярацыйныя работы з рэспубліканскага бюджэту выдзелена 313,2 тысячы рублёў, асвоена амаль 118, – расказала вядучы інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела ПМК-70 Вольга Ягорава. – Ачысцілі ад заілення 9,8 км каналаў, высеклі кустоўя на 29,5 км. Акрамя таго, з абласнога бюджэту на абкос каналаў і культурна-тэхнічныя работы выдзеле-на 123 тысячы рублёў, якія за сезон будуць асвоены ў поўным аб’ёме».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *