Ровесница области. Ефросинья Леонова: «Люблю петь и встречать гостей»

85 лет Витебской области Людзі і лёсы

«Люблю спяваць і сустракаць гасцей»

–  Ого, дык я пачытаю ў раённай газеце пра сябе!? Акуляры заўсёды трымаю напагатове, – ківае на стол, дзе ляжыць стос “Герой працы”, равесніца Віцебскай вобласці жыхарка вёскі Сянькова Ефрасіння Сысоеўна Лявонава. У мінулую пятніцу, 2 чэрвеня, яна адзначыла юбілей – 85 гадоў з дня нараджэння.

Нялёгкім быў лёс у Ефрасінні Лявонавай. Нарадзілася ў Віцебскім раёне, падчас Вялікай Айчыннай вайны маленькую Фросю разам з бацькамі забралі ў канцлагер, які знаходзіўся за абласным цэнтрам. Гэтыя гады свайго жыцця жанчына памятае дрэнна, бо была малалетнім вязнем. Ужо калі стала дарослай, усвядоміла, што выжыць было ў тых умовах вялікім шчасцем і божым дарам.

А вось тром родным братам не пашанцавала – з вайны яны не вярнуліся. На Шуміліншчыну Ефрасінню прывяло каханне. З хлопцам з Сянькова і пражыла ўсё жыццё.

«Працавала даяркай на фермах Сянькова і Грабніца, – згадвае жанчына. – Спачатку даілі кароў уручную, нялёгкая гэта была работа – усё ж паўтара дзясятка кароў. А потым яшчэ трэба было цялятак накарміць. Муж мой Кандрацій Васільевіч працаваў у мясцовай гаспадарцы конюхам. Маладыя былі, спраўляліся і на рабоце, і з дамашняй гаспадаркай, выхоўвалі пяцёра дзяцей».

З дзясятак гадоў Ефрасіння Сысоеўна была старэйшынай вёскі Сянькова, пасля пасаду перадала сваёй нявестцы Таісіі. Мясцовыя жыхары кажуць, што “Сысоеўна мае залаты характар”: умее ладзіць з людзьмі, выслухаць іх, кожнаму дагадзіць і дапамагчы. Пры гэтым прынцыпова і мудра падыходзіць да кожнай канкрэтнай сітуацыі. Затое і цягнуцца да яе як да дарадцы.

«З Ефрасінняй мы знаёмыя з дзяцінства, разам раслі, – кажа Таццяна Лявонава, якая завітала да юбіляркі. – А потым выйшлі замуж за родных братоў і жывём у адной вёсцы. У маладосці Ефрасіння была агонь! Яна працавала за траіх, пякла смачныя пірагі, любіла чытаць кніжкі і спяваць песні».

Любіць спяваць і сустракаць гасцей і сёння. Павіншаваць яе прыехалі артысты аўтаклуба раённага цэнтра культуры, якія падарылі юбіляру любімыя мелодыі і цёплыя словы. Павіншавала Ефрасінню Сысоеўну старшыня Сіроцінскага сельвыканкама Аксана Шынкевіч. Ад імя ўсіх старэйшын сельса-вета да віншаванняў далучылася Зінаіда Сопат, старэйшына аграгарадка Слабада. У гэты дзень Ефрасіння Лявонава прымала віншаванні ад усіх сянькоўцаў, ад дзяцей, дзесяці ўнукаў і шасці праўнукаў.

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *