«Однажды вечером» В Шумилинском музее открылась выставка витебской художницы Нины Вороновой.

Культура Новости

Утульныя карціны Ніны Воранавай

У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі працуе персанальная выстава мастака-аматара з Віцебска Ніны Воранавай «Аднойчы вечарам».

– Маляваць мне хацелася з дзяцінства, але так здарылася, што ў мастацкі інстытут не паступала, работа была ў іншай сферы. Калі працавала ў батанічным садзе бухгалтарам, аднойчы нехта са студэнтаў мастацка-графічнага факультэта ВДУ забыў у садзе прагрунтаваны кардон. І я па-думала: можа, гэта знак? Купіла фарбы, пэндзлі… З таго часу і пачала пісаць,– расказала на адкрыцці выставы Ніна Воранава.

Яна сказала, што любіць маляваць усё – партрэты і нацюрморты, прыродны і гарадскі пейзаж, але асабліва ёй падабаюцца жанравыя сцэны. Таму сярод амаль 80 работ, што стварыла за перыяд сваёй творчай дзейнасці, шмат палоцен з удзелам мужа, іншых членаў сям’і, хатніх гадаванцаў, напісаных у кватэры ці на дачы. Можна згадзіцца з мастаком, які сцвярджае, што менавіта на гэтых карцінах у будучым можна будзе ўбачыць сучаснае паўсядзённае жыццё:

як людзі апраналіся, адпачывалі, у якіх інтэр’ерах жылі, і наогул адчуць атмасферу часу. На палотнах мастака з любоўю перададзены самыя дробныя дэталі. Дарэчы, яна таксама любіць нацюрморты з рэтра-рэчамі і лічыць, што ў старых рэчах больш бачная праца іх стваральнікаў, яны складаныя па фактуры, формах, матэрыялах, таму іх больш цікава пісаць.

У творчасці мастака асаблівае месца займае пейзаж. Вельмі цікавы погляд Ніны Воранавай на родны горад. Вулачкі і двары старога Віцебска напісаны ў рознае надвор’е, час сутак і пару года. Яны дапамагаюць паглядзець на горад па-іншаму, адчуць атмасферу старых гарадскіх кварталаў.

На адкрыццё выставы сабраліся пастаянныя ўдзельнікі музейных мерапрыемстваў з раённай ветэранскай арганізацыі, жыхары рай-цэнтра. Творчую сустрэчу з мастаком правялі ўдзельнікі філіяла «Аўтаклуб» раённага цэнтра культуры.

Ніна Воранава падзякавала за цёплы прыём, адказала на пытанні вядучых і гасцей, уручыла шумілінскаму музею падарунак – сваю карціну «Світанак на возеры Восмата».

Выстава Ніны Воранавай будзе экспанавацца ў музеі да 30 ліпеня. Раім наведаць!

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *