Проект «ГП» «Ровесник области»: День рождения — июль

85 лет Витебской области Людзі і лёсы

Зинаида Егорова с дочерью Ниной. Фото из семейного архива.

Дзень нараджэння – ліпень

Лёс Зінаіды Якаўлеўны Ягоравай з аграгарадка Мішневічы напрамую звязаны з Вялікай Айчыннай вайной, хаця яна не была ні ў партызанах, ні на фронце. У 1942 годзе ў яе загінуў бацька, усе дакументы падчас ваеннага ліхалецця згарэлі. І дату нараджэння пасля вайны запісалі не канкрэтную, а коратка: нарадзілася ў ліпені.

Пасля заканчэння школы Зінаіда Ягорава, якая родам з Сенненскага раёна, паступіла вучыцца ў Аршанскае педвучылішча. Сям’я жыла бедна, і дзяўчына паехала на вучобу, маючы камізэльку, дзве паркалёвыя сукенкі, якія пашыла бабуля, і буркі. У другой палове 50-х гадоў маладая настаўніца пачатковых класаў была накіравана працаваць у Слабадскую школу Мішневіцкага сельсавета. На аднаго настаўніка прыходзіліся па два класы-камплекты (у кожным класе вучылася па 3-9 вучняў). Дырэктарам школы была Таццяна Аляксандраўна Аляксеева, згадала Зінаіда Якаўлеўна.

Калі Слабадскую школу рэарганізавалі, Зінаіда Ягорава перайшла працаваць ў Мішневіцкую СШ выхавальнікам групы падоўжанага дня. «У 70-ыя гады школа ў Мішневічах была вялікая, нават з паралельнымі класамі, якія налічвалі па 25-30 вучняў, – кажа ветэран працы. – Дырэктарам на той час працаваў Мікалай Сяргеевіч Абраменка, а ягоная жонка Марыя Сяргееўна, як і я, выхавальніцай. Школа мела вялікі агарод, мне даручалі кожны год даглядаць за цяпліцай, дзе вырошчвалі розную гародніну, працавала і з дзецьмі, якія прыходзілі на летнюю практыку».

Але  асноўная  работа З. Я. Ягоравай была ў вучэбны перыяд. Яна прыходзіла ў школу бліжэй да абеду, калі ў пачатковых класах заканчваліся заняткі. І аўтар гэтага артыкула (сама родам з Мішневіч) помніць Зінаіду Якаўлеўну, якая заўсёды была ў акружэнні дзяцей. Праводзіла з імі фізкультхвілінкі, вадзіла ў сталовую, на прагулкі, правярала ўрокі, тлумачыла рашэнне складаных задач, пісала слоўнікавыя дыктанты, арганізоўвала гульні. Работа была цяжкай: дзеці ў групе падоўжанага дня былі рознаўзроставыя, і з кожным трэба было пазаймацца індывідуальна. Акрамя гэтага, настаўніца выкладала ўрокі спеваў. У педвучылішчы былі добрыя выкладчыкі, якія навучылі граць на мандаліне. Музычны інструмент набыла ў Мінску.

А дома чакала сям’я: муж Анатоль Аляксеевіч працаваў у мясцовай гаспадарцы механізатарам, з ім разам пражылі 59 гадоў, дачка Ніна і сын Сяргей. Сям’я трымала дзве каровы, свіней, дамашніх птушак. Паколькі ў Зінаіды Якаўлеўны быў адзін выхадны на тыдзень (раней у школе займаліся і па суботах), то толькі ў нядзелю можна было планаваць паездкі ў горад і вялікія дамашнія справы. Педагагічны стаж Зінаіды Якаўлеўны – амаль сорак гадоў. І сёння прафесію настаўніка лічыць самай важнай у свеце. Яна пераканана, што часцінка яе душы і сардэчнасці ёсць у кожным яе вучні.

Ларыса ЗАЙЦАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *