Ровесники области. Геннадий Боровиков и Мария Закревская

85 лет Витебской области Людзі і лёсы Семья

Ён – настаўнік ад бога,  яна – універсальны доктар

Нашы чытачы з Сураўнёў, Казьян і Красамая расказалі пра землякоў з Казьян Генадзя Баравікова і Марыю Закрэўскую. Муж і жонка жывуць разам шэсцьдзясят адзін год. Абодва равеснікі Віцебскай вобласці: Генадзю Мікалаевічу споўнілася 85 год у студзені, а Марыя Юліянаўна юбілей будзе святкаваць 17 мая. Сям’я вельмі дружная, інтэлігентная, шчырая і працавітая. Абодва заўсёды прыходзілі на дапамогу людзям, не адмаўляюць і сёння ў добрай мудрай парадзе.

Генадзь Баравікоў родам з Казьян. Пасля заканчэння Полацкага педвучылішча прыехаў працаваць у Скаварадзішчанскую пачатковую школу (была такая каля Барсучына). Але заробка настаўніка ў 40 рублёў хапала толькі на тое, каб аплаціць пастой у вясковых гаспадароў. Таму малады настаўнік неўзабаве перавёўся ў школу ў родную вёску Казьяны, дзе жыў у бацькоў. Пазней закончыў педагагічны інстытут у Віцебску, у тым жа годзе пазнаёміўся з будучай жонкай. Прыгажуня Марыя, якая была родам з Аршаншчыны, заканчвала медыцынскі ўніверсітэт. Пасля заключэння шлюбу яе таксама накіравалі ў Казьяны. Там у 1962 годзе Марыя была прызначана загадчыцай мясцовай участковай бальніцы, а Генадзь стаў дырэктарам школы.

Маладыя спецыялісты з галавой акунуліся ў работу. «У Казьянскай васьмігадовай школе тады вучылася амаль дзвес-це дзяцей з Красамая, Панячына, Скаціцы, Глушыцы, Ставіцы і іншых вёсак, – згадвае Генадзь Мікалаевіч. – У школе працавала 8 настаўнікаў. Разам з дзецьмі мы даглядалі амаль два гектары агароду, у школе для яго апрацоўкі быў уласны конь. Вырошчвалі зерневыя, бульбу, агародніну, якія потым прадавалі, папаўняючы такім чынам школьны рахунак. У школе быў уласны сад, дзе вырошчвалі саджанцы пладовых дрэў, на лета-восень давалі вучням заданне сабраць па запалкавым карабку насення ад яблыкаў. Вясной яго высадж-валі, а праз некалькі гадоў рабілі прышчэпкі ад элітных сартоў». Па ініцыятыве дырэктара, які выкладаў хімію і біялогію, на школьным агародзе зрабілі калекцыйны ўчастак раслін-меданосаў, праводзілі над імі на-зіранні. Па выніках работы Генадзь Баравікоў быў неаднаразовым пераможцам на абласной выставе біёлагаў, узнагароджваўся Граматай Міністэрства адукацыі БССР. Яго назіранні, а таксама калекцыю насякомых вазілі на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву.

А Марыя Юліянаўна Закрэўская лячыла людзей з усёй акругі, якіх тады налічва-лася 2600 чалавек. У адных толькі Казьянах пражывала 140 вяскоўцаў. У мясцовай участковай бальніцы было 25 ложкамесцаў, працавалі зубны доктар, акушэрка, медсёстры. Тут і роды прымалі. Тут і сама Марыя нарадзіла дачку.

Увогуле Марыю Юліянаўну называлі ўніверсальным доктарам, бо яна лячыла і ратавала людзей ад розных хвароб. Пры неабходнасці выклікала хуткую дапамогу, каб адвезлі хворага ў райцэнтр. Так муж і жонка працавалі ў Казьянах 12 гадоў, пакуль не закрылі школу і бальніцу. Потым пераехалі ў Багушэўск, дзе працавалі па спецыяльнасцях, а ў 90-ыя гады зноў вярнуліся на радзіму.

Марыя Юліянаўна і Генадзь Мікалаевіч выхавалі дзвюх дачок, маюць чацвёра ўнукаў і 5 праўнукаў. Зараз трымаюць пчол і курэй, саджаюць невялікі агарод, вырошчваюць мацярдушку (рус.-душица) і лімоннік для гарбаты і вельмі берагуць адзін аднаго.

Слова – вяскоўцам-землякам

Ніна Іванова, в. Красамай:
–  Я вучылася ў Генадзя Мікалаевіча Баравікова. Ён даступна і цікава выкладаў у нас батаніку. Мы разам з ім саджалі сад, хадзілі на экскурсіі, назіралі за раслінамі. Такім жа добрым і шчырым чалавекам была і Марыя Юліянаўна. Помню, аказала першую дапамогу майму бацьку і тэрмінова адправіла на аперацыю ў райцэнтр, дзе вылечылі язву.

Валянціна Зязюлька, в. Глушыца:
–  Раней у Казьянах была добрая бальніца. У мяне там на свет з’явіліся двое дзяцей. Доктар наш Марыя Юліянаўна была вельмі ўважлівай да пацыентаў.

Тамара Давыдава, в. Красамай:
–  Генадзь Баравікоў быў у мяне любімым настаўнікам. Мы з задавальненнем наведвалі ўрокі біялогіі і хіміі. Хадзілі вясной да саджалкі слухаць спевы першых птушак, назіралі за першымі веснавымі кветкамі. А Марыя Юліянаўна нікому ніколі не адмовіла ў дапамозе, працавала кругласутачна. І ноччу запрагалі каня, каб доктар магла дабрацца да пацыента ў дальнюю вёску.

Ларыса ЗАЙЦАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *