Жыццёвае крэда Мікалая Петручэні – усё для зямлі, усё для людзей

Актуалии Край шумілінскі Людзі і лёсы

Ад  бацькоў – любоў  да  зямлі
Жыццёвае крэда Мікалая Лявонцьевіча Петручэні – усё для зямлі, усё для людзей.  Ад бога ён мае талент гаспадара, ад бацькоў – любоў да зямлі. Гэта і дапамагло ў рабоце, калі працаваў галоўным заатэхнікам, калі 16 гадоў узначальваў калгас імя Мічурына.

Мікалай Петручэня (справа) са старшынёй калгаса імя Урыцкага Юрыем Гіркіным і першым сакратаром райкама партыі Нінай Сянчурай у Маскве.

Родам з сялянскай сям’і, якая на той час жыла на Брэстчыне, Мікалай Петручэня марыў мець сельскагаспадарчую прафесію і працаваць на зямлі. Так яно і выйшла. Спакойны па характары, вытрыманы і дасціпны па натуры, хлопец абраў для вучобы Віцебскі ветэрынарны інстытут. Пасля тэрміновай ваеннай службы яго накіравалі на жончыну радзіму – Віцебшчыну. Маладому спецыялісту прапанавалі пасаду галоўнага заатэхніка саўгаса «Лаўжанскі». Па рэкамендацыі другога сакратара райкама партыі Апёнкіна яго накіравалі на вучобу ў Мінск. А ў 1976 годзе прапанавалі ўзначаліць адзін з калгасаў нашага раёна. Ён выбраў калгас імя Мічурына, цэнтрам якога з’яўлялася вёска Лявонава.
Свой працоўны шлях малады старшыня пачаў з навядзення парадку ў жывёлагадоўлі. Дыпламаваны заатэхнік, ён ведаў, што ручная праца на фермах – гэта ўчарашні дзень. Таму пачалі ўстанаўліваць аўтаматычныя сістэмы даення кароў, аўтапаілкі, удасканалілі сістэму гноевыдалення. На фермах Соіна, Лявонава, Шашы, Убоіна, Чэрчыцы, Пусташы, Клётчына, Шыліна, Лявонава навялі парадак, пабудавалі выгульныя пляцоўкі для жывёлы, летнюю адкормачную пляцоўку для маладняку. «За жывёлай патрэбны добры догляд, бо малако і мяса – гэта жывыя грошы для гаспадаркі», – любіў паўтараць старшыня. І гэтыя грошы не пераводзіліся дзякуючы добрым надоям і прывагам: гаспадарка пастаянна гадавала бычкоў на продаж. Прычым, падчас летне-пашавага перыяду іх пасвілі не ў гуртах, а паасобку навязвалі на полі. І гэта давала добры плён. Пры належным доглядзе і кармленні быкі раслі як на дражджах: іх здавалі і на Віцебскі мясакамбінат, і на комплекс у  саўгас  «Лаўжанскі». Па ініцыятыве старшыні на свінаферме ў Чэрчыцах пабудавалі летні лагер на 800 галоў. І сёння Мікалай Петручэня з цеплынёй згадвае сваіх лепшых работнікаў на свінаферме: Яўгенію Быкаву, Марыю Кліменцьеву, Фёдара Багатага і іншых. Гэта дзякуючы іх намаганням сярэднясутачныя прывагі на адкорме даходзілі да 700 грамаў.
Будаўніцтвам фермаў не абмежаваліся. У Лявонаве зрабілі кармацэх, узвялі майстэрню, навесы для камбайнаў, арачнікі для мінеральных угнаенняў, зерняток і склад для збожжа. Пабудавалі нафтабазу і карусельную льносушылку. У апошняй калгас вельмі меў патрэбу, бо на палетках на той час вырошчвалася 240 гектараў лёну. У гаспадарку падзарабіць прыязджалі не толькі студэнты, але і работнікі з розных прадпрыемстваў. Па вырошчванні лёну гаспадарка неаднаразова займала першае месца ў раёне і ўзнагароджвалася пераходзячым сцягам райкама партыі.  Лён было вырошчваць выгадна – пасля здачы ўраджаю гаспадарка магла сабе набыць новую тэхніку. Мікалай Лявонцьевіч згадаў, як у пачатку 80-х разам з першым сакратаром райкама партыі Нінай Сянчурай і старшынёй калгаса Урыцкага Юрыем Гіркіным ездзілі ў Маскву да сакратара ЦК КПСС Міхаіла Зімяніна. І той па-зямляцку (родавыя карані ў Сіроціне) дапамог: вярнуліся дадому з новымі касілкамі і падборшчыкамі. Такая тэхніка была дарэчы, бо на той час калгас імя Мічурына меў 2,5 тысячы гектараў сельгасугоддзяў і 1,5 тыс. га ворыўных земляў. Менавіта дзякуючы новым трактарам, плугам, сеялкам, якія і пазней купляла гаспадарка, мелі ня-дрэнныя вынікі ў раслінаводстве. Ураджайнасць зерневых даходзіла да 30 ц/га.
У мяне быў надзейны касцяк спецыялістаў, – кажа М. Петручэня. – Гэта намеснікі Уладзімір Волкаў, Дзмітрый Мятла і Ганна Таранава, аграном Леанід Гірдзюк, галоўны інжынер Васіль Хахель,  заатэхнік Васіль Лаўрэнцьеў, брыгадзіры Аркадзь Грузневіч, Іван Сачыўка, Мікалай Ісакоўскі, Зінаіда Ціханенка і іншыя.  На вырошчванні лёну добрых поспехаў дасягнулі  звеннявая Аліна Фядура і механізатар Ягор Сачыўка. Нельга не згадаць і Мікалая Фядуру, які на абласных спаборніцтвах на ворыве заняў першае месца і атрымаў у падарунак новенькі “Беларус”. Менавіта дзякуючы працавітым рукам усяго калектыву, на банкаўскім рахунку калгаса было па 300 тысяч рублёў, а то і больш.
Гаспадарка на той час магла пахваліцца калгасным лесам на 500 га. Таму пабудавалі пілараму і сталярны цэх для ўласных патрэб. Піламатэрыялы спатрэбіліся, калі будавалі ў Лявонаве дамы, дзіцячы садок, сталовую.
«Так, наш старшыня клапаціўся не толькі пра хлеб надзённы, але і пра дабрабыт вяскоўца, – згадвае былы механізатар Пётр Кляцкоў. – Вопытны спецыяліст, ён  паважаў чалавека працы. Ніколі не абяцаў пустога, паступаў па сумленні, як і належыць сапраўднаму мужчыну і кіраўніку».
У 1993 годзе Мікалай Петручэня быў прызначаны старшынёй Обальскага сельвыканкама, адкуль у 2009 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак. Але ўсё ж такі сваю работу ў сельскай гаспадарцы згадвае з асаблівай цеплынёй, бо менавіта тут прыйшлося ў большай меры праяўляць свае здольнасці арганізатара. Менавіта работа з людзьмі дапамагае Мікалаю Лявонцьевічу і зараз на грамадскай пасадзе – вось ужо каторы год ён з’яўляецца старэйшынай вёскі Лявонава.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №83 ад 22.10.2019 г.