100-летию БССР работники культуры Шумилинского района посвятили концерт

Актуалии Культура

Гісторыя краіны – у музыцы і песнях

Цудоўны падарунак жыхарам раёна падрыхтавалі работнікі культуры, прафесіяналы і аматары розных галін творчай дзейнасці ў мінулую пятніцу і суботу –  раённы конкурс-канцэрт “Пявучае сэрца роднай зямлі”, які  быў прысвечаны 100-годдзю ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
25 студзеня гледачы сабраліся ў Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў, дзе ў фае іх сустракалі выставы-прэзентацыі народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка”, народнага клуба народных майстроў “Спадчына”, узорнага лялечнага тэатра “Батлейка”. Гэтыя калектывы добра вядомыя ўжо не адзін дзясятак гадоў не толькі ў раёне, але і на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Майстры прадставілі свае лепшыя творы ў самых розных тэхніках выканання, з самых розных матэрыялаў. Удзельнікі “Разынкі” частавалі традыцыйнымі народнымі стравамі, смачным квасам. “Батлейка” прадставіла цудоўных лялек для сваіх спектакляў. У выставе ўдзельнічалі не толькі вопытныя майстры, але і моладзь, якая не толькі актыўна пераймае майстэрства ў гуртках, але і прапаноўвае новыя віды творчасці.
Зала школы мастацтваў не ўмяшчала ўсіх жадаючых, многія гледачы стаялі ў праходзе, але ўсе горача падтрымлівалі артыстаў, якія выходзілі на сцэну. Высокае майстэрства выканання дэманстравалі народныя і ўзорныя калектывы ўстаноў культуры раёна, выканаўцы-аматары. У музычных творах, скетчах, мініяцюрах, вершах прасочвалася ўся гісторыя Савецкай Беларусі – рэспублікі, якая стала калыскай беларускай дзяржаўнасці, пераемніцай якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь.
Адкрыў конкурсную праграму народны аркестр Шумілінскай ДШМ (кіраўнік Р. Мацвяйчук) песняй “Беларусь моцная”. Падхапілі пачын іншыя калектывы школы мастацтваў: народны аркестр народных інструментаў (кіраўнік Ж. Шадурская, дырыжор А. Сініцкая), узорны баянны аркестр (кіраўнік С. Чарткова), узорны духавы аркестр (кіраўнік В. Латковіч), узорны хор (кіраўнік А. Сініцкая, канцэртмайстар А. Новікава).
Цудоўна дапоўнілі выступленні выкладчыкаў і вучняў музычных класаў ДШМ калектывы раённага цэнтра культуры народны фальклорны калектыў “Гульбічы” (кіраўнік Л. Цыркунова), народны хор “Світанак” (кіраўнік Л. Дземідовіч), дзіцячая ўзорная студыя “Асарці” (кіраўнік І. Карнілава). Прымусілі гледачоў смяяцца выступленні народнага тэатра мініяцюр “Буф” пад кіраўніцтвам Ю. Раманава і юных артыстаў з узорнага тэатральнага калектыву “Прэм’ера” (кіраўнік І. Бондарава) з Башнёўскага клуба. Старонкі мінулага жыцця нагадала выступленне народнага клуба “Ветэран” (кіраўнік Г. Аляксеева) з літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Назад у СССР”. Пра трагічныя і гераічныя гады ваеннага ліхалецця нагадала народная літаратурна-музычная гасцёўня “Крыніца” Шумілінскай ЦБС (кіраўнік Л. Грыгор’ева).
Народную песню “Купалінка” прадставіў калектыў Шумілінскага ясляў-сада №1. Сваіх артыстаў на конкурс прадставілі Амбросавіцкі сельскі дом культуры, Полькавіцкі клуб-бібліятэка, Лескавіцкі клуб і Ляжнёўскі клуб- цэнтр духоўнага выхавання.
Гледачы шчыра падтрымлівалі ўсе выступленні, дзякавалі апладысментамі.
На наступны дзень, 26 студзеня, свае конкурсныя нумары ў Обальскім ГДК прадставілі артысты з Обальшчыны.
Вынікі конкурсу будуць падведзены 2 лютага.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №9 ад 29.01.2019 г.