В День труда – почёт людям труда. В Шумилино открыли районную Доску почёта

Актуалии Общество

30 красавіка, напярэдадні Свята працы, у Шуміліне прайшлі ўрачыстасці. Па традыцыі ў гэты дзень была адкрыта раённая Дошка гонару. 20 лепшых працаўнікоў раёна і дзве арганізацыі па выніках работы за 2012 год занесены на раённую Дошку гонару. Адпаведнае рашэнне райвыканкама за нумарам 246 прынята 8 красавіка.
Старшыня райвыканкама У. П. Куранны, звяртаючыся да права-фланговай гвардыі раёна, падкрэсліў: “Вы з’яўляецеся годным прыкладам для падрастаючага пакалення. Вамі ганарацца працоўныя калектывы, вашы родныя і блізкія, вамі ганарыцца раён”.
Са святам працы павіншаваў прысутных і начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама палкоўнік І. У. Яўсееў.
У гонар тых, чые прозвішчы ўпрыгожылі Дошку гонару,  у гонар усіх жыхароў Шуміліншчыны, хто сваёй працай мацуе раён, у гонар Першамая на цэнтральнай плошчы райцэнтра і ў Доме культуры іграў духавы аркестр, салісты аркестра спявалі песні.
Інфармацыю пра працаўнікоў, чые прозвішчы занесены на раённую Дошку гонару, і пра лепшыя арганізацыі раёна чытайце на 4-5 старонках.
На здымку: старшыня райвыканкама У. П. Куранны і палкоўнік міліцыі І. У. Яўсееў разам з перадавікамі Шумілінскага раёна падчас адкрыцця Дошкі гонару.
Аліна ПЯТРОВА.

Па выніках работы за 2012 год на раённую Дошку гонару занесены:
Сялянская (фермерская) гаспадарка “Раднік” Сямёнава Юрыя Віктаравіча
СФГ “Раднік” быў створаны ў 1991 годзе. На чале гаспадаркі стаў Ю. В. Сямёнаў. У 2002 годзе да “Радніка” быў далучаны стратны калгас “Ленінскі прызыў”.
Мэтанакіравана, крок за крокам, скрупулёзна вывучаючы вопыт перадавых фермерскіх гаспадарак не толькі Беларусі і Расіі, але і Еўропы, Амерыкі, “Раднік” набіраў абароты, з кожным годам усё больш упэўнена заяўляў пра  сябе.
Сёння СФГ “Раднік” – адзіная ў раёне элітавытворчая гаспадарка, адна з трох у вобласці, якія вырошчваюць суперэліту зернебабовых траў. Першымі ў вобласці пачалі вырошчваць сою.
Па выніках работы за 2012 год СФГ “Раднік” заняў першае месца па вытворчасці рапсу (атрымаў 227 тон), другое   – па вытворчасці малака (надой на адну карову склаў 4465 кілаграмаў). Па бульбе наогул няма роўных: у мінулым годзе ў “Радніку” накапалі 5230 тон, атрымалі ўраджайнасць 301,7 цэнтнера з гектара. У цэлым вытворчасць валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах да 2011 года склала 111,8%, рэнтабельнасць продажаў – 29,3%.
За ўсім гэтым крыецца тытанічная праца кіраўніка гаспадаркі Ю. В. Сямёнава. Чалавек ад зямлі, усёй душой адданы ёй, Юрый Віктаравіч надзелены дарам адчуваць яе, разумець. Гэты талент, падмацаваны багатымі ведамі, дасканалым вывучэннем вопыту калег, няўтомнай працай, і прыносіць плён.
Аддзел культуры Шумілінскага райвыканкама. Начальнік аддзела – Мацвяйчук Алег Фёдаравіч
Талентам, адданасцю беларускім традыцыям, уменнем і жаданнем несці людзям святло духоўнасці, дарыць радасць і задавальненне калектыў галіны культуры Шуміліншчыны заслужыў гонар называцца лідарам. Па выніках работы за 2012 год аддзел культуры райвыканкама (начальнік Алег Фёдаравіч Мацвяйчук) занесены на раённую Дошку Гонару.
Сёння ў галіне культуры Шумілінскага раёна працуе 63 установы: 2 гарадскія Дамы культуры, 4 сельскія Дамы культуры, 1 сельскі Цэнтр культуры і вольнага часу, 1 сельскі клуб-бібліятэка, 15 сельскіх клубаў, 1 раённы Дом рамёстваў, 2 дзіцячыя школы мастацтваў і 10 філіялаў, 2 музеі, 20 сельскіх бібліятэк, цэнтральная раённая бібліятэка, дзіцячая і дзве гарпасялковыя бібліятэкі, аўтаклуб.
За 2012 год усімі установамі культуры праведзена 4393 мерапрыемствы, бібліятэкамі абслужана 14760 чытачоў, працэнт ахопу насельніцтва бібліятэчным абслугоўваннем 76,3% – першае месца ў вобласці.
Установамі культуры аказана платных паслуг насельніцтву на суму 360,4 мільёна рублёў.
Па выніках работы за 2012 год аддзел культуры Шумілінскага райвыканкама заняў трэцяе месца ў рэйтынгу ўстаноў культуры вобласці.
Аляксеева Галіна Мікалаеўна, кіраўнік народнага клуба “Ветэран” Шумілінскага ГДК.
Пачынала працоўную дзейнасць ў культуры ў 1986 г. з пасады загадчыцы Башнёўскага СК. З 2001 года працуе ў Шумілінскім ГДК. Зараз кіраўнік народнага клуба “Ветэран”. Свой творчы патэнцыял, натхненне і аптымізм нясе пажылым людзям, бо пераканана, што ім, як нікому іншаму, неабходна разнастаіць жыццё, рабіць яго больш насычаным і  пазітыўным. Г. М. Аляксеева – член народнага тэатра, народнага клуба “Світанак”, народнага фальклорнага калектыву “Гульбічы”, старшыня  прафсаюзнай пярвічкі.
Байкевіч Галя Іосіфаўна, начальнік чыгуначнай станцыі Обаль УП “Віцебскае аддзяленне БЧ”.
Галя Іосіфаўна Байкевіч мае за плячыма Ленінградскі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. З 2006 года начальнік станцыі Обаль. Ініцыятыўная, патрабавальная да сябе і падначаленых. Дэманструе ўзорнае выкананне службовых абавязкаў. Удзяляе вялікую ўвагу пытанням аховы працы і бяспекі руху.
Пад яе кіраўніцтвам калектыў станцыі ў 2012 годзе паспяхова выканаў і перавыканаў планавыя паказчыкі работы. Не здаюць  пазіцыі і сёлета.
Барадзёнак Анатоль Віктаравіч, трактарыст-машыніст КУСГП “Сіроцінскі”.
Анатоль Віктаравіч з тэхнікай на “ты”. Працуе на МТЗ-1221.  Летась на трактары з чызелем падрыхтаваў да сяўбы больш за 800 гектараў палеткаў. А ў перыяд нарыхтоўкі кармоў перавёз 4261 тону зялёнай масы. У час жніва працаваў на камбайне КЗС.
А. В. Барадзёнак ніколі не хібіць ў рабоце, працуе на даверы, адзначае дырэктар КУСГП “Сіроцінскі” С. П. Басаў. Таму Анатоля Віктаравіча калектыў КУСГП «Сіроцінскі» і вылучыў на раённую Дошку гонару.
Бесарабская Таццяна Уладзіміраўна, намеснік загадчыка ДУА “Шумілінскі яслі-сад № 2”.
Таццяна Уладзіміраўна – таленавіты педагог, прафесіянал сваёй справы. Яе стаж работы ў дзіцячым садзе – амаль трыццаць гадоў. Граматна працуе з педагагічнымі кадрамі, займаецца метадычнай работай. Узнагароджана дыпломам другой ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за ўдзел у 12 Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту. За метадычны матэрыял, пададзены на абласны конкурс, атрымала дыплом трэцяй ступені.
Галуза Валерый Васільевіч, галоўны механік УП “Шумілінскае ПМС”.
На прадпрыемстве меліярацыйных сетак больш чым 50 адзінак тэхнікі, з іх 21 непасрэдна працуе на меліярацыйных работах. За спраўную і бяспечную іх работу адказвае галоўны механік В. В. Галуза. Валерый Васільевіч – граматны і адказны спецыяліст. У яго багатыя тэарэтычныя веды і практычны вопыт, гэта і дапамагае ў рабоце.  Ветлівы, тактоўны. Адна з галоўных рыс – сумленнасць.  Неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі «Шумілінскага ПМС» і «Віцебскмеліяводгасу».
Данькова Ірына Анатольеўна, вядучы спецыяліст аддзела кліенцкага менеджменту РКЦ №4
г. п. Шуміліна ААТ “Белаграпрамбанк”.

У банкаўскай сферы – дваццаць гадоў. Пачынала са звычайнага бухгалтара. Зараз на яе абслугоўванні 174 кліенты, з іх 67 індывідуальных прадпрымальнікаў, 107 прадпрыемстваў і арганізацый. Заключэнне дагавораў на банкаўскае абслугоўванне, валютна-абменныя аперацыі з юрыдычнымі асобамі, кантроль і арганізацыя работы па наяўнаму грашоваму абарачэнню – далёка не поўны спіс тых абавязкаў, з якімі паспяхова і вынікова спраўляецца І. А. Данькова.
Іванова Валянціна Мікалаеўна, прадавец 6 разраду магазіна “Прадукты № 15” а.-г. Мішневічы.
Валянціна Мікалаеўна больш за дзесяць год узначальвае калектыў Мішневіцкага прадуктовага магазіна. У райспажыўтаварыстве адзначаюць, што магазін у Мішневічах багаты на асартымент, што калектыў ста-більна выконвае даведзеныя планы. Аб’ём рознічнага тавараабароту за студзень-сакавік бягучага года склаў 973 мільёны рублёў, што на 33 мільёны звыш даведзенага плана. За добрасумленную працу неаднаразова ўзнагароджвалася  Ганаровымі граматамі, падзякамі і грашовымі прэміямі.
Карнякоў Анатоль Васільевіч, трактарыст-машыніст СФГ “Раднік”.
Анатоль Васільевіч адданы сваёй зямлі, тут нарадзіўся, тут і працуе ўсё жыццё. Спачатку ў калгасе “Ленінскі прызыў”, потым – у СФГ “Раднік”. Кіраўніцтва гаспадаркі паважае трактарыста за працавітасць і добрасумленнасць. Гэта пацвярджаюць і лічбы: у мінулым годзе А. В. Карнякоў на бульбаўборачным камбайне ККБ-2 накапаў 3764 тоны клубняў – гэта 68% усяго ўраджаю, накапанага ў гаспадарцы. Механізатар адпрацаваў 265 дзён, штодзённая выпрацоўка нормы/змены склала 138%.
Куляшоў Міхаіл Карпавіч, электрамеханік лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх
устройстваў Шумілінскага РВЭС.

Адзін з “магікан” вузла электрасувязі. Працоўны стаж у галіне “сувязь” налічвае 36 год. У выкананні працоўных абавязкаў надзейны і бездакорны. Здольны спраўляцца з вялікім аб’ёмам работ. Тэхнічна дасведчаны, кіруе работай электраманцёраў, вучыць маладых. Карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам у калектыве. Міхаіл Карпавіч – грамадскі інспектар па ахове працы, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх культурных і спартыўна-масавых мерапрыемствах.
Мазанкова Галіна Станіславаўна, галоўны бухгалтар ААТ “Лаўжанскае”.
На пасадзе галоўнага бухгалтара аднаго з буйнейшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна – 5 год. Наогул у “Лаўжанскім” працуе больш за два дзясяткі гадоў. Бухгалтарскі ўлік, фінансава-гаспадарчая дзейнасць таварыства ў яе надзейных руках.
Неабыякавая да праблем вяскоўцаў. Ніколі не застаецца ў баку ад выхаваўчай работы ў калектыве. Карыстаецца нязменным аўтарытэтам.
Ураўнаважаная, вытрыманая, ветлівая ў зносінах.
Марозаў Мікалай Валянцінавіч, галоўны ветурач-гінеколаг РУП “Шумілінская райплемстанцыя”.
За мінулы год сярод ветурачоў-гінеколагаў райплемстанцыі М. В. Марозаў прызнаны лепшым. За 2012 год на 100 кароў і нецеляў атрымаў 100 цялятак. Абслугоўвае 3455 галоў (пры норме на аднаго ветурача – 1000 галоў).
Мікалай Валянцінавіч Марозаў адданы любімай справе, прадпрыемству. Працоўны стаж у райплемстанцыі налічвае звыш трох дзясяткаў год.
Дысцыплінаваны і адказны, прынцыповы і справядлівы.
Масюкова Вольга Анатольеўна,  прыёмшчыца заказаў КПП КУП БАН а.-г. Башні.
Ветлівая і тактоўная ў адносінах з людзьмі, умее знаходзіць свайго заказчыка і прарэкламаваць паслугі вясковага комплекснага прыёмнага пункта. Попытам карыстаюцца пральныя паслугі, паслугі цырульні, добра ідзе продаж дошкі, штыкету, пралётаў агароджы. Прыёмшчыца заказаў заўсёды выконвае даведзеныя планавыя заданні. Напрыклад, за мінулы год Башнёўскі КПП аказаў паслуг насельніцтву на  91,4 мільёна рублёў, даведзены план выкананы  на 111%.
Пучкоў Аляксандр Аляксеевіч, старшы майстар цэха разліву СТАА “Вежа”.
А. А. Пучкоў працуе на “Вежы” дзесяць год. У падпарадкаванні старшага майстра цэха разліву змена з дваццаці чалавек. Аляксандр Аляксеевіч кантралюе ўвесь канвеер работ, вядзе ўлік прадукцыі. Кіраўніцтва “Вежы” адзначае, што А. А. Пучкоў  акуратны работнік, ініцыятыўны кіраўнік, здольны ўзяць на сябе адказнасць у прыняцці рашэнняў па складаных пытаннях. Адным словам, на такіх працавітых, як Аляксандр Аляксеевіч, і трымаецца прад-прыемства.
Сачнёў Віктар Паўлавіч, электраманцёр Шумілінскага РЭС.
У Шумілінскім раёне электрасетак працуе з 1982 года. Электраманцёр з вялікай літары. Прафесіяналізм, арганізаванасць у рабоце і адказнасць, бездакорнае выкананне тэхнікі бяспекі даюць плён. Так, дзякуючы і Віктару Паўлавічу за 2012 год зніжаны да мінімуму колькасць аварыйных адключэнняў ліній электраперадач і сярэдні час ліквідацыі аварыйных адключэнняў. Ён у адказе за  бесперабойнае электразабеспячэнне.
В. П. Сачнёва вылучаюць сціпласць, вет-лівасць і высокая дысцыплінаванасць.
Скакуноў Сяргей Міхайлавіч, дазіроўшчык бетонных сумесей  4 разраду ДКУБП “Шумілінская ПМК-70”.
Сяргей Міхайлавіч Скакуноў – ініцыятыўны спецыяліст, ён бездакорна выконвае сваю работу. Валодае арганізатарскімі здольнасцямі, патрабавальны да якасці працы. Камунікабельны, прымае актыўны ўдзел у жыцці працоўнага калектыву. Мае добрыя паказчыкі ў рабоце, у тэрмін выконвае вытворчыя заданні, даведзеныя яму кіраўніцтвам мехкалоны.
За мінулы год выканаў план па выпуску таварнага раствору і бетону на 192,3%.
Скітова Валянціна Мікалаеўна, загадчыца фермы Ляжні-1 ААТ “Ляжні”.
Ураўнаважаны і вытрыманы характар дапамагаюць Валянціне Мікалаеўне ў рабоце. Яна ўмее арганізаваць работу, знайсці падыход да кожнага жывёлавода.
За мінулы год  на ферме Ляжні-1 надаілі  7773  цэнтнеры малака, што на 1556 цэнтнераў больш у параўнанні з папярэднім годам. Нядрэнныя вынікі і па таварнасці малака – 89%, на сто кароў атрымалі 99 цялят. Усё гэта калектыў дасягнуў пад кіраўніцтвам Валянціны Мікалаеўны Скітовай.
Слімянёў Анатоль Віктаравіч, вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1
Шумілінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

За мінулы год Анатоль Віктаравіч  15 разоў прымаў удзел у ліквідацыі пажараў і надзвычайных сітуацый.  У экстрэмальных сітуацыях А. В. Слімянёў заўсёды дзейнічае дакладна, смела і рашуча. У прыватнасці, летась на трох пажарах выратаваў шэсць чалавек. А ў конкурсе “Лепшы па прафесіі”  заняў трэцяе месца сярод вадзіцеляў пажарных аварыйна-выратавальных часцей  вобласці.
Талайка Валянціна Пятроўна, урач агульнай практыкі Обальскай участковай бальніцы.
У Шумілінскім раёне В. П. Талайка працуе з 1986 года. Доўгі час была ўчастковым тэрапеўтам, з мінулага года – урач агульнай практыкі.
Вопыт, багатыя і высокія псіхалагічныя здольнасці дапамагаюць медыку ў рабоце з пацыентамі. Ёй уласцівыя такія рысы характару, як прынцыповасць, патрабавальнасць, ураўнаважанасць і ўважлівасць. Пры гэтым Валянціна Пятроўна пастаянна займаецца павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню.
Харкавец Людміла Мікалаеўна, трэнер-выкладчык па валейболе Шумілінскай ДзЮСШ.
Людміла Мікалаеўна больш за дваццаць год працуе  трэнерам дзіцячай юнацкай спартыўнай школы. Спакойная і мэтанакіраваная, карыстаецца аўтарытэтам як сярод калег, так і сярод выхаванцаў. Вядзе вялікую работу па папулярызацыі фізкультуры і спорту, многія яе выхаванцы закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы і працуюць трэнерамі ў спартыўных школах. Пастаянна аказвае дапамогу маладым спецыялістам у правядзенні практычных заняткаў.
Шаціла Андрэй Аляксандравіч, начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС.
А. А. Шаціла працуе ў РАУС  14 год. Прынцыповы і патрабавальны, ён валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі. Як начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі ажыццяўляе кантроль за асобамі, якія адбываюць крымінальнае пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Вядзе прафілактычную работу з тымі, хто стаіць на ўліку.
У РАУС адзначаюць, што А. А. Шацілу вылучылі на раённую Дошку гонару за яго высокі прафесіяналізм і добрую работу.
Надрукавана ў №35 ад 04.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *