ПРА КЛАДБИЩА, ЗЕМЛЮ И ПРОФИЛАКТИКУ

Актуалии

Пра могілкі, зямлю і
прафілактыку

На парадак дня прэзідыума былі вынесены тры  пытанні, якія патрабавалі ўніклівага і канкрэтнага разгляду. Па першаму,  што датычылася навядзення парадку з пахаваннямі на могілках, дакладваў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. С. Селязнёў. Але спачатку з уступным словам выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая вяла пасяджэнне прэзідыума. Ірына Мікалаеўна са шкадаваннем адзначыла, што пасля выхаду Закона “Аб пахаванні і пахавальнай справе” ў раёне па яго выкананні зроблена крайне мала. Падлічана, што ў раёне пахавана больш як 37,2 тысячы чалавек, з іх устаноўлены імёны  кожнага другога. Работу пажадана актывізаваць. Няма належнага парадку з пахаваннем і ўлікам могілак нябожчыкаў.  Патрабуюць самай пільнай увагі і клопату воінскія пахаванні: з 58, што на тэрыторыі раёна, 34 патрабуюць сур’ёзнага рамонту.
Дакладчык В. С. Селязнёў спыніўся на праблеме больш дэталёва, з канкрэтнымі прапановамі па паляпшэнні справы. Напрыклад, у апошні час на могілках спілавана 267 аварыйных дрэў і работа гэта спыняцца не будзе. Праўда, гэты клопат патрабуе  пэўных грашовых сродкаў, бо даводзіцца карыстацца паслугамі прамысловых альпіністаў. Не дабіліся парадку ў УП ЖКГ з улікам на могілках (да 5, што перадалі прадпрыемству раней, далучылі яшчэ 43 дзеючыя могільнікі) і канкрэтнай схемы пахаванняў. Тут пануе анархія, хаця даўно прыспела пара і абгарадзіць (хаця б па аднаму ці па два могільнікі за год), і выставіць інфармацыйныя стэнды і папераджальныя шыльдачкі, каб чалавек ведаў, куды звярнуцца ў час жалобы, дзе, у якім месцы пахаваць сваяка і нават каб былі цэны на рытуальныя паслугі. Не менш важна мець на могільніках наглядчыка — чалавека, які быў бы тут у адказе за парадак.
Наш святы абавязак  даглядаць воінскія пахаванні. З інфармацыяй выступіла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Л. В. Шаўцова. У раёне пахавана 10300 чалавек, з іх невядомымі ляжаць   больш за 2200 чалавек.    Нядаўна ўстаноўлены імёны амаль 400 з іх, аднак яны не значацца на мемарыяльных плітах.
Выступілі галоўны санітарны ўрач раёна В. Р. Бурэнь, начальнік аддзела па будаўніцтву і архітэктуры райвыканкама З. А. Мясаедава, дырэктар філіяла ДРБУ-204 Р. М. Насцюшкін, дырэктар КУПБАН В. П. Бабічаў. Яны выйшлі з канкрэтнымі прапановамі па паляпшэнні спраў па акрэсленаму пытанню.
Па   захаванню зямельнага заканадаўства ў раёне  выступіла начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама З. Ф. Алюліна. На балансе сельвыканкамаў — 7,5 тысячы га зямлі, з іх 3,3 тысячы — ворныя. Усе яны патрабуюць асаблівай увагі. Не сакрэт, вёскі драбнеюць, іх становіцца менш, многія вяскоўцы адмаўляюцца ад сваіх сотак. Што рабіць з гэтай зямлёй, як уключыць іх у севазварот мясцовых гаспадарак — клопат старшыні мясцовай улады.
Аб тым, наколькі цесны кантакт у старшыні Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлавай з участковым інспектарам Д. М. Ліпскім па прафілактыцы п’янства і алкагалізму, папярэджанні правапарушэнняў, ішла гаворка ў апошнім блоку пасяджэння прэзідыума. З дакладам выступіла Т. А. Дзятлава. З яго вынікае, што праведзена 11 пасяджэнняў савета грамадскага пункта аховы парадку, але яны далёка не заўсёды дасягалі  жаданых вынікаў.  Участковы  — на два сельсаветы, аднак ён, па словах Т. А. Дзятлавай, аддае перавагу Дабейскаму. Такая пазіцыя не дазваляе плённа разгортваць прафілактычную работу. Тым не менш ніводнай дакладной старшыня сельвыканкама не накіравала на імя начальніка РАУС. Такая няўзгодненасць у рабоце прывяла да  беспакаранасці тых, хто запрашаецца для прафілактычнай гутаркі на савет грамадскага пункта аховы парадку. Вялася на пасяджэнні гаворка па рабоце ДНД, іншых грамадскіх структур.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №34

Прыбіраем могілкі ў Ляжнях
Кожны год у дзень памінальнага свята Радаўніцы мы наведваем могілкі. Прыходзім на месца, дзе знайшлі свой апошні прытулак нашы родныя, знаёмыя, суседзі. І часта з горыччу аглядаем закінутыя магілы, а сіл навесці парадак ужо няма, бо самі не маладыя. Калі на могілках у Вялікіх Ляжнях пачалі праводзіць добраўпарадкаванне сіламі брыгады мясцовай сельскай гаспадаркі, мы зразумелі, што адным ім не справіцца і трэба збіраць талаку. Дапамагалі, чым маглі: граблі лісце, адцягвалі веткі (старшыні сельвыканкама І. І. Шалахава і ААТ “Ляжні” В. В. Яцко арганізавалі работу па спілоўцы аварыйных дрэў). Але могілкі на гэтым месцы існуюць здавён, тут многа векавых дрэў і каб справіцца, патрэбна тэхніка, якую, як вядома, трэба запраўляць нятанным дызпалівам. Вось і вырашылі мы сабраць грошай на гэтую важную справу. Самі здалі ў агульную касу і запрашаем родзічаў, аднасяльчан і ўсіх неабыякавых людзей унесці, хто колькі можа ці непасрэдна ў бухгалтэрыю Дабейскага сельвыканкама, ці праз аддзяленні Беларусбанка на разліковы рахунак № 3600331015002 (код плацяжа 05404, абавязкова трэба напісаць: “вёска Вялікія Ляжні”) і ўказаць сваё прозвішча.
Можна патэлефанаваць у сельвыканкам па нумары 3-36-45. Спадзяёмся, што разам мы зробім важную справу, чым аддадзім сапраўдную даніну памяці продкам.
Ад імя ініцыятыўнай групы па зборы сродкаў на добраўпарадкаванне могілак вёскі Вялікія Ляжні Н. А. ХАЛМАЧОВА, Н. Р. МАСЬКО,
Я. Н. ОСІПАВА, В. В. ВАСІЛЕЎСКАЯ.
Надрукавана ў №34



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *